Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “Ці здолеюць кандыдаты ад апазыцыі трапіць у парлямэнт?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На гэтае пытаньне тыдня адказваюць жыхары Магілёва.

(Спадар: ) “Гэтыя выбары — звычайны фарс. І нягледзячы на тое, што прэзыдэнт голасна заяўляе, што ён бы хацеў, каб у яго была апазыцыя, але я так разумею, што ён хоча, каб апазыцыя была такой, якую ён хоча. А такога ніколі ня будзе. Наўрад ці нехта пройдзе. Гэта проста нерэальна”.

(Спадар: ) “Ня трапяць, напэўна. Таму што нідзе яе не відаць, гэтай апазыцыі”.

(Спадар: ) “Нічога ў іх слушнага і няма, у апазыцыі гэтай. Ніякіх праграмаў”.

(Спадар: ) “Яны вядуць сябе скандальна, разумееце? Іх не паважае народ”.

(Спадарыня: ) “Я мяркую, што Лукашэнка ўсё ж такі пераможа”.

(Спадар: ) “Ведаеце, я ужо ў гэтыя казкі веры ня маю і мяркую, што ня будзе такога. Афіцыйная апазыцыя ў нас загнаная, як гаворыцца, у дрыгву, у балота. Таму выбары пройдуць, як і за савецкай уладай, — на ўра!”

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, як вы лічыце, ці будуць у новым беларускім парлямэнце прадстаўнікі апазыцыі?”

(Спадар: ) “На мой погляд, мяркую — так”.

(Спадарыня: ) “Будуць абавязкова. А як жа? Павінна ж нешта супрацьстаяць, каб лепш працаваць. Таму што не адно меркаваньне павінна быць, а некалькі”.

(Спадарыня: ) “Ну, калі толькі невялікая колькасьць. Яны, напэўна, асаблівай падтрымкай не карыстаюцца сярод насельніцтва. Цяпер большая частка насельніцтва падтрымлівае Лукашэнку, я так думаю”.

(Спадар: ) “Таму што ўласна апазыцыі ў нас няма. Паглядзіце ў Расеі: там афіцыйная апазыцыя выступае на тэлебачаньні. А дзе вы ў нас чулі, каб нейкі апазыцыянэр выступаў у прэсе ці на радыё, ці на тэлебачаньні. Няма ў нас такога”.

(Спадар: ) “Ну паглядзіце на цяперашні парлямэнт. Там тры-чатыры дэпутаты ад апазыцыі, і іх гоняць з усіх бакоў, ён (Лукашэнка) іх вечна абражае публічна, на ўсю краіну. Наўрад ці. Я мяркую, гэтага ня будзе”.

(Спадар: ) “Канечне, не. Таму што народ за іх не прагаласуе. Таму што яны нічога добрага не дадуць”.

(Спадар: ) “Упала папулярнасьць апазыцыі. Няма канкрэтных дзеяньняў”.

(Спадар: ) “Няма ў нас апазыцыі, душыцца ўсё. Таму што не даюць. Вось перадвыбарная гонка прэзыдэнта лёгка ідзе ў нас у краіне. Хаця нібыта не павінна бы ісьці. А рэкляма ідзе адкрытая. Апазыцыі не відаць і не чуваць, ніяк”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што будуць, таму што ўсе выбары сфальсыфікаваць немагчыма”.

Магілёўцы адказвалі на пытаньне тыдня: “Ці здолеюць кандыдаты ад апазыцыі трапіць у парлямэнт?”
XS
SM
MD
LG