Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя мусіла адкласьці суд над віцебскім апазыцыянэрам Барысам Хамайдам, бо міліцыянты няправільна склалі пратакол


Браніслава Станкевіч, Віцебск Высьветлілася, што міліцыянты няправільна склалі пратакол затрыманьня і цяпер мусяць выпраўляць зробленыя памылкі. Тым часам Барыс Хамайда мае намер працягваць агітацыю за байкот выбараў ды рэфэрэндуму.

Барыс Хамайда застаўся адзіным удзельнікам віцебскіх пікетаў, хто ня быў пакараны за агітацыю супраць выбараў ды рэфэрэндуму. Нагадаю, што яшчэ два віцебскія апазыцыянэры, Уладзімер Плешчанка і Аляксандар Салаўян, ўжо асуджаныя за гэта на 10 сутак, і з 24 верасьня знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Паводле словаў Барыса Хамайды, ён спадзяваўся дамагчыся таго, каб на сёньняшні працэс судзьдзя Алена Грабянчук выклікала спадароў Плешчанку ды Салаўяна ў якасьці сьведак у ягонай справе.

(Хамайда: ) “Іх трэба было выклікаць, каб перадаць ім лекі ды які кавалак каўбасы. Плешчанка ж інвалід, ён хворы чалавек, яму лекі неабходныя. Але судзьдзя сказала, што, калі ён хворы, то мусіць падаць хадайніцтва, каб яму выклікалі доктара або завезьлі ў шпіталь. Выклікаць Плешчанку ды Салаўяна ў якасьці сьведак яна адмовілася. А мае дакумэнты накіравала назад і міліцыю, каб там перапісалі пратакол”.

Міліцыянты з Чыгуначнага райаддзелу няправільна паказалі нумар артыкулу, паводле якога былі затрымалі спадара Хамайду. Пакуль яны будуць выпраўляць дакумэнты, Барыс Хамайда мяркуе па-ранейшаму выходзіць да “Сіняга дому” дзеля агітацыі супраць выбараў ды рэфэрэндуму.
XS
SM
MD
LG