Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія паралімпійцы ўдвая пераўзышлі мэдалёвыя дасягненьні галоўнай нацыянальнай каманды


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Афінах апошні дзень спаборніцтваў паралімпійцаў. Беларускія спартоўцы з абмежаванымі фізычнымі здольнасьцямі, адрозна ад галоўнай нацыянальнай зборнай, выступілі надзвычай удала. У актыве 33 беларускіх паралімпійцаў тры дзясяткі ўзнагародаў, дзесяць зь якіх — залатыя.

Колькасна беларускіх паралімпійцаў у Афінах у пяць разоў меней, чым было месяц таму ўдзельнікаў галоўнай нацыянальнай каманды. Калі ў нацыянальную зборную ўключылі практычна ўсіх, хто атрымаў ліцэнзіі, то ў дадзеным выпадку ў Афіны павезьлі толькі рэальных кандыдатаў на перамогу.

33 спартоўцы, якія выступалі ў пяці відах спаборніцтваў (лёгкая атлетыка, плаваньне, вэляспорт, стральба з луку і сілавое трахбор’е, альбо паўэрліфтынг), здабылі тры дзясяткі мэдалёў. Згадаем, што месяц таму паўтары сотні алімпійцаў атрымалі толькі 15 узнагародаў пры аднолькавым мэдалёвым плянаваньні — 25 у тым й іншым выпадку.

Дзяржаўны трэнэр беларускай каманды Генадзь Петражыцкі, калі я яму затэлефанаваў у Афіны, эмоцыяў не хаваў: нават у час нашай размовы беларускія паралімпійцы працягвалі здабываць мэдалі.

(Петражыцкі: ) “Толькі што Кузьмічоў быў другі ў трайным скачку — гэта ўжо 27-ы мэдаль. На апошнія гонкі накіраваліся раварысты. Ідуць спаборніцтвы ў кіданьні дыска, дзе за ўзнагароду змагаецца Юры Бычкоў. Выступаюць таксама паўэрліфтэры, там таксама барацьба. Увечары фінал эстафэты 4х100 мэтраў. Усё ідзе выдатна; спартоўцы настроеныя па-баявому. Нават цяжка прагназаваць, колькі мэдалёў будзе ўрэшце — можа і трыццаць!”

(Карэспандэнт: ) “Якія прэміяльныя абяцае дзяржава пераможцам Паралімпіяды?”

(Петражыцкі: ) “Ёсьць указ прэзыдэнта, паводле якога вызначаныя памеры прэміяльных. Калі пераможцам асноўнай зборнай усталявана 60 тысяч даляраў, то паралімпійцам за першае, другое і трэцяе месца, адпаведна, — 12, 6 і 4 тысячы даляраў”.

З улікам, што пытаньне выплаты прэміяльных алімпійцам пакуль нават не ўздымалася, паралімпійцы ня выключаюць, што ім таксама давядзецца паблукаць па інстанцыях. Праўда, рабіць гэта будзе нашмат складаней, чым фізычна здаровым спартоўцам.

Дадам, што, як і месяц таму, у Афінах зноў зьдзівілі спартовы сьвет кітайцы: 131 мэдаль, зь якіх 56 найвышэйшай вартасьці. Зь вялікім адставаньнем за імі брытанцы (85 мэдалёў) і канадыйцы (63). Найлепшай з прадстаўнікоў СНД стала зборная Ўкраіны, якая заняла ў агульнакамандным першынстве шостае месца зь пяцю дзясяткамі мэдалёў. Беларусь, прапусьціўшы наперад Расею, — 14-я ў рэйтынгу 146 краінаў сьвету.
XS
SM
MD
LG