Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка: "У маёй выбарчай праграме пытаньне недапушчэньня пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ёсьць"


Ганна Соусь, Менск Многія кандыдаты ў дэпутаты ня маюць магчымасьці распачаць вулічную агітацыю. Дагэтуль не падрыхтаваныя інфармацыйныя матэрыялы, якія вырабляюцца за сродкі, выдаткаваныя выбарчымі камісіямі.

Cёньня я наведала каля дваццаці пляцовак, на якіх, згодна з рашэньнем Менгарвыканкаму, можна весьці перадвыбарную агітацыю. І ня ўбачыла ніводнага выбарчага пікету, нягледзячы на тое, што ўжо больш за 10 дзён кандыдатам у дэпутаты можна весьці агітацыю. Сытуацыю тлумачыць кандыдат у дэпутаты кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч.

(Статкевіч: ) “Вялікая праблема ў апазыцыйных кандыдатаў проста надрукаваць улёткі. Мне, напрыклад, я ня ведаю ўжо колькі друкарняў адмовілі. Вось толькі сёньня мы забіраем улёткі. А стаяць на пікетах ні з чым — ад гэтага эфэкт невялікі. Я ведаю, што ў астатніх нашых менскіх кандыдатаў улётак няма”.

З гэтай жа прычыны ня можа распачаць паўнавартаснай агітацыі на вуліцах кандыдат у дэпутаты, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Першыя пікеты пойдуць зь сёньняшняга дня. Станіславу Багданкевічу ўдалося вырашыць усе гэтыя пытаньні — фінансавыя, арганізацыйныя, тэхнічныя. І сёньня ўвечары ён ладзіць на сваёй выбарчай акрузе пікет. А ў мяне, напрыклад, гэта пачнецца альбо заўтра, альбо пасьлязаўтра. Калі мы, напрыклад, паставім пікет зь нейкай прадукцыяй, якая не зарэгістраваная адпаведным чынам, то заўтра будзе рашэньне камісіі аб зьняцьці кандыдата”.

У найбліжэйшыя дні здолее распачаць вулічную агітацыю каманда кандыдата ў дэпутаты старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі.

(Вячорка: ) “Немагчыма гаварыць пра выбары, абмінаючы ключавыя пытаньні жыцьця краіны. І ў маёй выбарчай праграме пытаньне недапушчэньня пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ёсьць, і такім чынам, натуральна, я буду пра гэта гаварыць”.

Старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін выказвае незадаволенасьць тым, што нельга весьці агітацыю на цэнтральных вуліцах Менску:

(Калякін: ) “Рашэньне Менгарвыканкаму аб вызначэньні месцаў — незаконнае. Я яго абскардзіў у Цэнтральнай выбарчай камісіі. І мы ня будзем выконваць гэтага патрабаваньня Менгарвыканкаму. Мы будзем весьці агітацыю там, дзе гэта зручна людзям. Так напісана ў Выбарчым кодэксе — у зручны для выбаршчыкаў час і ў зручным месцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG