Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў скаргі кандыдата ў дэпутаты Юрася Зянковіча


Альгерд Невяроўскі, Менск Суд Фрунзенскага раёну Менску не задаволіў скаргі дэпутата райсавету і кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Партыі БНФ Юрася Зянковіча. Дэпутат дамагаўся адмены рашэньня Менскага райвыканкаму, які забараніў праводзіць на тэрыторыі раёну перадвыбарчыя й антырэфэрэндумныя вулічныя акцыі.

Судзьдзя Людміла Лапо вырашыла, што райвыканкам адмовіў Юрасю Зянковічу абгрунтавана, бо дэпутат і арганізатар акцыяў не заключыў адпаведных дамоваў зь міліцыяй, камунальнікамі й службай аховы здароўя. Такім чынам, судзьдзя падтрымала пазыцыю намесьніка старшыні райвыканкаму Зіновіча й пракурора Раманюка. Вось як пракамэнтаваў рашэньне суду Юрась Зянковіч:

(Зянковіч: ) “Я лічу, што судовае рашэньне не грунтуецца на законе. Таму, што падставай для забароны мітынгаў служыла не заключэньне дамоваў, а спасылка на артыкул 4. У ім сьцьвярджаецца, што заяўляльнік павінен быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18 гадоў і валодае выбарчым правам. На маю думку, суд так зрабіў таму, што на сёньня сытуацыя ў грамадзтве дастаткова напружаная, і судзьдзя не рызыкнула дзейнічаць насуперак волі ўладаў”.

Юрась Зянковіч абскардзіць гэтае рашэньне ў судзе вышэйшай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG