Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвяце беларускага піва аматары аддавалі перавагу нямецкаму


Алесь Дашчынскі, Менск У спартыўна-аздараўленчым комплексе “Лагойск” прайшоў першы беларускі фэстываль “Кубак піва”. Сваю прадукцыю на яго прывезьлі шэсьць беларускіх бровараў, а таксама вытворцы нямецкіх гатункаў “Franziskaner” i “Spaten”. Арганізаты сьвята вырашылі скарыстаць вопыт вядомага баварскага фэстывалю “Oktoberfest”, які штогод праводзіцца ў Мюнхене. Ці ёсьць глеба для такога фэсту ў Беларусі?

У фэстывалі “Кубак піва” ўзялі ўдзел найбольш фінансава ўстойлівыя прадпрыемствы. Канкурэнтамі беларускіх гатункаў сталі два нямецкія. Кампэтэнтнае журы правяло закрытую дэгустацыю, і атрымалася, што першае месца заняло нямецкае піва “Franziskaner”. А як ставяцца да беларускіх гатункаў звычайныя аматары піва? Значная частка папросту лаялася.

(Спадар: ) “Беларускага піва, наогул, няма”.

(Карэспандэнт: ) Чаму няма, “Крыніца” ёсьць, “Лідскае”...

(Спадар: ) “Гэта піва? Гэта – памыі”.

(Карэспандэнт: ) “А якое ваша меркаваньне?”

(Спадар: ) “Таксама такое ж. Няма беларускага піва. Якасьць дрэнная, нічога не задавальняе. Толькі “Бровар” яшчэ можна піць, і ў гэтым намёце “Franziskaner” i іншае”.

(Карэспандэнт: ) “Як вам, піва беларускае падабаецца?”

(Спадар: ) “Не. Таму што я бываю за мяжой штотыдня, спрабую піва і ўкраінскае, і расейскае, і літоўскае, і польскае. І наша беларускае піва для мяне, не хачу проста гаварыць якое яно ня файнае. Для мяне гэта не піва. Украінскае піва – выдатнае піва. Расейскае, літоўскае, польскае – харошае піва”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму такая дрэнная якасьць беларускага піва?”

(Спадар: ) “Няма прыватнай уласнасьці. Няма ініцыятывы. Нешта спрабуюць там, “Рэчыцкае” быццам бы, “Лідзкае”, але нельга параўнаць. Няма інвестыцыяў, каб гэта ўсё перарабіць, і наш беларускі ячмень ніяк не пойдзе на харошае, файнае піва, зь яго немагчыма зрабіць добрае піва”.

(Карэспандэнт: ) “Я хачу запытацца ў вас: ці любіце вы беларускае піва?”

(Спадар: ) “Амаль што ня п’ю беларускае піва, на жаль. Таму што яго якасьць, на мой погляд, не дастаткова параўнальная з “Балтыкай”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым справа, чаму такое дрэннае беларускае піва?”

(Спадар: ) “Я не сказаў бы, што яно дрэннае, яго якасьць намнога лепшая сёньня, але працаваць яшчэ трэба над півам”.

(Карэспандэнт: ) “Прабачце, вы купілі нейкае піва смачнае?”

(Спадарыня: ) “Добрае, нямецкае піва”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму нямецкае, а не беларускае?”

(Спадарыня: ) “А беларускае мы ўжо папілі”.

(Карэспандэнт: ) “А як вам якасьць, якое лепшае?”

(Спадарыня: ) “Калі шчыра, мне нямецкае больш падабаецца”.

(Карэспандэнт: ) “Ці падабаецца вам беларускае піва?”

(Спадар: ) “Беларускае не падабаецца. Якасьць не тая, ці то солад, ці то сусла. Традыцыі няма. Больш падабаецца нямецкае”.

Выслухаўшы абураных грамадзянаў, я зьвярнуўся да дырэктара “Брэсцкага піва” Алега Кісяля, які прысутнічаў на фэстывалі “Кубак піва”.

(Карэспандэнт: ) “Я зрабіў апытаньне, людзі кажуць, што беларускае піва не надта смачнае. Чаму якасьць беларускага піва дрэнная?”

(Кісель: ) “А чаго вы ўзялі, што якасьць дрэнная? Вось яны сядзяць, п’юць піва – што яны, плююцца гэтым півам? П’юць, смакуюць.Сёньня тут ва ўсіх вельмі добрае піва”.

(Карэспандэнт: ) “Але вось кажуць, што расейскае ці ўкраінскае піва смачнейшае за беларускае...”

(Кісель: ) “Я так не сказаў бы. Тут, на сьвяце піва, вось глядзіце – баварскае піва. Колькі каштуе? – 6 тысяч рублёў. Вось там – “Брэсцкае піва”, колькі каштуе? – 800 рублёў. Вы розьніцу адчуваеце? Гэта рэкляма, калі чалавеку ўбіваюць у галаву: гэта добрае, гэта дрэннае. Ну, ня буду гаварыць за ўсе заводы”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, прычына ў тым, што выкарыстоўваецца сыравіна беларуская, піваварны ячмень беларускі, солад беларускі, вось у гэтым і прычына, што дрэннае піва атрымоўваецца”.

(Кісель: ) “У гэтым годзе вельмі добры ячмень, і гэты год паказаў, што беларускія сяляне, калі яны не парушаюць тэхналёгію вырошчваньня піваварнага ячменю, ячмень атрымоўваецца вельмі добры і яго добрыя піваварныя якасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж вы раней у Расеі куплялі ячмень?”

(Кісель: ) “Гэта было раней, бо не было такога добрага ячменю... А вось дзяўчаты ідуць, якое піва вы купілі?”

(Дзяўчаты: ) “Нямецкае”.

(Кісель: ) “Гэта нямецкае, а я яго толькі тут ганіў”.

Здаецца, дырэктар “Брэсцкага піва” сам пераканаўся, што нямецкае піва хоць і дарагое, але за ім была чарга. Толькі з патрыятычных пачуцьцяў некаторыя хвалілі піва беларускае, прычым ня ўсё.

На жаль, сёлета бровары пад прымусам закупілі калгасны піваварны ячмень. Пакуль на паляпшэньне якасьці гэта не паўплывала. Кошт гэтай сыравіны быў завышаны. Бровары разьлічвалі на 120-130 даляраў за тону, а давялося таму ж берасьцейскаму бровару плаціць па 162 даляры. Што да інвэстыцый, то паводле дырэктара Алега Кісяля “Прыёрбанк” даў яго заводу крэдыт у 5 мільёнаў эўра. Яны пойдуць на новую варніцу, дражджавое аддзяленьне, новую фільтрацыю нямецкай вытворчасьці. Гэта дапаможа палепшыць у будучым смак, колер і тэрмін захоўваньня піва.

Фэстываль “Кубак піва” насамрэч быў вясёлым, з мноствам конкурсаў, музыкі, добрай закускі. Але заўвага ёсьць. Гаворыць адна з удзельніцаў фэстывалю:

(Спадарыня: ) “Хацелася б, каб у пэрспэктыве гэты фэстываль зьмяніў назву на “Куфаль піва”, таму што куфаль піва гэта будзе на беларускай мове, а “кубак” выглядае хутчэй як калька з расейскай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG