Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у дэпутаты, сябра партыі БНФ Яраслаў Берніковіч пазбаўлены магчымасьці распачаць перадвыбарчую агітацыю


Браніслава Станкевіч, Віцебск Напэўна, хто-ніхто з нашых слухачоў ужо чуў гісторыю Яраслава Берніковіча, якога адмовілася зарэгістраваць у якасьці кандыдата ў дэпутаты Глыбоцкая выбарчая акруга №22, і свае правы яму давялося адстойваць у Цэнтрвыбаркаме.

Акруговая камісія мела прэтэнзіі да падатковай дэклярацыі спадара Берніковіча: ён пазначыў у сваёй дэклярацыі ганарар з аднаго менскага часопісу ў памеры 105 тысячаў рублёў, якія ён атрымаў на пошце, хаця рэдакцыя дала даведку, што аўтарскае ўзнагароджаньне склала 110 тысячаў.

Тым ня менш, 22 верасьня Цэнтарвыбаркам задаволіў скаргу Яраслава Берніковіча – аднак ён дагэтуль ня мае ніякіх дакумэнтаў пра тое, што ён ужо ёсьць кандыдатам. А без адпаведнага пасьведчаньня ён ня мае ні права, ні магчымасьці распачаць ўласную агітацыйную кампанію, якая для іншых кандыдатаў у дэпутаты, у тым ліку і ягоных канкурэнтаў, пачалася ўжо 9 дзён таму.

(Берніковіч: ) “Мне не далі пасьведчаньня, і я не магу агітаваць. Прычым мусіць сабрацца яшчэ раз акруговая камісія, і калі рашэньне ЦВК прыйдзе да іх заўтра, то пасьведчаньне мне дадуць толькі пасьлязаўтра, і так яшчэ адзін дзень губляецца. Між іншым – апошні дзень, як можна падаць сваю праграму ў газэту, пазьней яны матэрыялы ня прымуць і не надрукуюць. На тэлебачаньні тыя пяць хвілін я ўвогуле ня ведаю, ці буду запісваць. Ініцыятыўная група гатовая, але я нават не магу замовіць улёткі! І часу застаецца ў мяне ўсё меней, мы проста губляем час!”

Паколькі агітацыйны час сыходзіць, а ўсе магчымасьці застаюцца нескарыстанымі, Яраслаў Берніковіч зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў Глыбокага, каб яму дазволілі правесьці шэраг агітацыйных пікетаў.

(Берніковіч: ) “Агітацыйныя пікеты, каб на іх абмяркоўваліся і кандыдаты ў дэпутаты, і рэферэндум. Учора я атрымаў адмову”.

Гарадзкія ўлады адмовілі спадару Берніковічу, спаслаўшыся на тое, што ён не пазначыў у заяве, хто мусіць забясьпечыць на месцы пікетаваньня чысьціню і, ў выпадку неабходнасьці, мэдычную дапамогу. Тое, што ў кандыдата няроўныя ўмовы агітацыі, ніхто да ўвагі не прыняў.

Зрэшты, я ведаю і пра цалкам адваротны выпадак. Дзейны дэпутат парлямэнту Валеры Лектараў, гэтак званы “кандыдат ад улады” па Шумілінскай выбарчай акрузе №32, так і не падаў заяву ні ў адну з раённых газэтаў, каб там надрукаваць сваю праграму. Гэта абавязковы парадак для кожнага кандыдата, але ніводная рэдакцыя “раёнкі” такой паперы не атрымлівала. З чаго людзі робяць выснову: або гэтаму чалавеку ўсё дазволена, або ў галасаваньні за яго ўсё адно будзе скарыстаны гэтак званы адміністрацыйны рэсурс, і агітаваць выбарцаў яму ня трэба.

У тэле- ды радыёвыступах, а таксама ў першых улётках віцебскіх кандыдатаў даводзіцца даволі часта чуць ды чытаць пра розныя грандыёзныя пляны, калі кандыдаты абяцаюць за 5 год пры сваім чынным удзеле ператварыць Беларусь у недасяжна моцную ды эканамічна разьвітую краіну. Але паводле першых водгукаў на пачатак агітацыйнай кампаніі можна зрабіць выснову, што найбольшую сымпатыю ў людзей выклікаюць тыя прамоўцы, якія не даюць зваблівых абяцаньняў, а кажуць “простыя словы” пра “простыя рэчы”. Такую тактыку абрала, да прыкладу, кандыдатка Алена Сом з Полацку.

(Сом: ) “Каб найпрасьцей патлумачыць людзям, што я маю ў сваёй праграме, я вырашыла выкарыстаць для сваіх улётак карыкатуры. Вось стаіць бабулька, і кажа: “Аддала за камунальныя паслугі ўсё, што адкладала на рытуальныя”. А другая карыкатура такая: дзядзька глядзіць у мікраскоп, а там нешта такое малюпасенькае-малюпасенькае. І ён кажа: “так, мінімальны заробак трэба было б павялічыць!” Вось з вырашэньня такіх праблемаў трэба й пачынаць. А ўжо потым абмяркоўваць нейкія грандыёзныя пляны”.

На фота: Яраслаў Берніковіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG