Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачынаюцца буйнейшыя з часоў незалежнасьці вайсковыя манэўры


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Беларусі пачынаюцца вайсковыя манэўры “Шчыт айчыны-2004”, у якіх будзе задзейнічаны амаль кожны шосты вайсковец краіны, а таксама некалькі соцень цывільных грамадзянаў з запасу.

“Нёман 2001”, “Беразіна 2002”, “Чыстае неба 2003” – і вось сёньня ў Беларусі пачынаюцца чарговыя агульнавайсковыя манэўры “Шчыт айчыны 2004”. Ужо з назваў манэўраў бачна, што з кожным годам яны становяцца ня толькі больш маштабнымі, але набываюць і больш выразны ідэялягічны падтэкст.

Каго ж сёлета у якасьці шчыта выставіць Беларусь супроць сваіх гіпатэтычных ворагаў ? Гэта – больш за восем тысячаў вайскоўцаў, уключна зь пяхотай, танкістамі ды лётчыкамі, а таксама – памежнікі, міліцыянты й нават супрацоўнікі КГБ. Ім у дапамогу з запасу прызавуць некалькі соцень ваеннаабавязаных цывільных грамадзянаў. У народзе іх клічуць “партызанамі”. Як некалькі дзён таму праходзіла мабілізацыя “партызанаў” у Менску, мне распавеў знаёмы Аляксандар:

(Аляксандр: ) “Мяне зусім нечакана выклікалі ў 10 гадзінаў вечара і сказалі, каб ужо праз паўгадзіны я быў у ваенкамаце Фрунзенскага раёну. Я паехаў, але раптам даведаліся, што ў мяне трое дзяцей, і паводле закону мяне трэба адпускаць. А ў іх там быў аўрал, людзей не хапала, і яны вельмі раззлаваліся, што мяне не забралі ў гэтыя партызаны”.

Дарэчы, напярэдадні манэўраў беларускія ваеначальнікі пасьпелі зрабіць шмат дастаткова цікавых заяваў. Міністар абароны Леанід Мальцаў, у прыватнасьці, пахваліўся, што ў Беларусі ўжо створаная сыстэма супрацьпаветранай абароны, якую немагчыма пераадолець. Леанід Мальцаў нават адкрыў дэталі, як гэтага ўдалося дасягнуць. Аказваецца, беларускія вайскоўцы маюць сыстэмы для навядзеньня самалётаў-зьнішчальнікаў на крылатыя ракеты, чаго нібыта ня ўмеюць рабіць нават ў ЗША.

Я папрасіў былога міністра абароны Беларусі Паўла Казлоўскага пракамэнтаваць гэтую заяву. У адказ ён згадаў пра выведную бронемашыну, якую некалькі гадоў таму як прыклад тэхнічнага прарыву дэманстравалі на ваеннай выставе ў Менску беларускія збройнікі. На думку Паўла Казлоўскага, няўдалы лёс гэтай машыны можа быць падобным да лёсу новых сыстэмаў навядзеньня на крылатыя ракеты:

(Казлоўскі: ) “Навукова-вытворчае аб’яднаньне стварыла гэтую машыну, але яна вельмі дарагая, нават за мяжой яе не купляюць, і беларускае войска ня можа купіць, бо няма грошай. Таму казаць пра тое, што мы маем сыстэмы перахвату – зарана. Можа быць, на адным самалёце. Але калі ў палку з 40 самалётаў толькі 5 можа ўзьляцець, а 35 ня лётае, бо ім патрэбны капітальны рамонт, то якая гэта сыстэма”.

Абвешчана, што 2 кастрычніка на палігон пад Барысавам паглядзець на заключную частку манэўраў прыедзе Аляксандар Лукашэнка. Дарэчы, у гэты дзень яго на палігоне пабачаць ня толькі беларускія вайскоўцы і партызаны, але й рота расейскіх мотапяхотнікаў, якія таксама бяруць ўдзел ў беларускіх манэўрах “Шчыт айчыны 2004”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG