Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква і сродкі масавай інфармацыі


Кастусь Бандарук, Прага Перадвыбарчая кампанія ў любой краіне дазваляе выразна ўсьвядоміць вялікую ролю сродкаў масавай інфармацыі. Так званая “Чацьвёртая ўлада”, якую яшчэ часам называюць “мэдыякратыяй”, фармуе лідэраў, палітыкаў, а дэпутаты робяцца “статыстамі” СМІ. Існуе думка, што з дробнага чыноўніка мас-мэдыі могуць зрабіць геніяльнага кіраўніка дзяржавы, а белае выдаць за чорнае. А як Царква ставіцца да сродкаў масавай інфармацыі? Ці скарыстоўвае іх у мэтах эвангелізацыі й катэхізацыі? Як яна ўспрымае камэрцыйны рэклямна-забаўляльны характар сучасных мэдыяў?

Царква ў асноўным ставіцца да мас-мэдыяў прыхільна й добразычліва. Яна бачыць той станоўчы патэнцыял, які ўяўляюць сабою радыё, тэлебачаньне, інтэрнэт, ня кажучы пра фільм і друкаваныя выданьні. Дзякуючы спадарожнікам і інтэрнэту таксама рэлігійная інфармацыя і навучаньне даходзіць да людзей па ўсім сьвеце. Такой магчымасьці прамаўляць да мільёнаў людзей па тэлебачаньні ня меў Ісус Хрыстос, і Апостал Павал ня меў магчымасьці пісаць свае лісты з дапамогай электроннай пошты.

У пасланьні з нагоды сёлетняга Дня сродкаў масавай інфармацыі Папа Ян Павал ІІ працытаваў словы Ісуса Хрыста: “Што кажу вам у цемры – кажэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце – прапаведуйце з дахаў”. (Мац.10, 27).

У наш час амаль на кожным даху бачым антэны і перадатчыкі, які пасылаюць і прыймаюць безьліч самай рознай інфармацыі. Трэба зрабіць усё магчымае, каб сярод гэтага вяшчаньня чутнае было Божае Слова. “Прапаведаваць веру з дахаў” азначае ў наш час пашыраць слова Ісуса ў дынамічным сьвеце мас-мэдыяў і зь іхнай дапамогай” –сказаў Папа Яна Павал ІІ.

У дакумэнце “Папскай Рады ў справах сродкаў масавай інфармацыі гаворыцца: “Рэлігійнасьць многіх людзей узбагачаецца дзякуючы СМІ. Яны зьяўляюцца крыніцай навінаў і інфармацыі пра падзеі, ідэі ды асобы з рэлігійнага жыцьця, а таксама служаць прыладай эвангелізацыі і катэхізацыі”.

Згодная з гэтым і Праваслаўная Царква. У “Асновах сацыяльнай дактрыны РПЦ” гаворыцца: “Сродкі масавай інфармацыі адыгрываюць у сучасным сьвеце ўсё большую ролю. Царква з павагай ставіцца да працы журналістаў пакліканых пастаўляць шырокім слаям грамадзтва своечасовую інфармацыю аб тым што адбываецца ў сьвеце і арыентаваць іх у цяперашняй складанай рэальнасьці. Пры гэтым важна памятаць, што інфармуючы гледача, слухача і чытача трэба грунтавацца ня толькі на цьвёрдай прывязанасьці да праўды, але й на дбайнасьці аб маральным стане асобы і грамадзтва. Гэта ўключае ў сябе й раскрыцьцё станоўчых ідэалаў, і барацьбу з пашырэньнем зла, граху і заганаў. СМІ, які маюць вялікі ўплыў на аўдыторыю, нясуць вялікую адказнасьць за выхаваньне людзей, асабліва маладога пакаленьня. Журналісты й кіраўнікі СМІ павінны памятаць пра гэтую адказнасьць”.

У пасланьні “Сродкі масавай інфармацыі і сям’я: рызыка й багацьце” Ян Павал ІІ перасьцярог, што СМІ могуць вельмі нэгатыўна ўплываць на сям’ю й грамадзтва. Яны неаднойчы прапагандуюць скажоны вобраз сям’і, рэлігіі й маралі.

Вельмі крытычна выказаўся пра сучасныя СМІ праваслаўны публіцыст, рэдактар часопісу “Расейскі Дом” Аляксандар Крутаў. Ён лічыць, што мас-мэдыі – “чацьвёртая ўлада” – ператвараюцца ў першую ўладу. Яны прэтэндуюць на валоданьне душамі людзей, фармуюць погляды, густы, прыярытэты, попыт і новую мараль. Крутаў лічыць, што СМІ, асабліва тэлебачаньне, стала магутным разбуральнікам маральнага апірышча грамадзтва.

Этыка, якую плянамерна і пасьлядоўна фармуе тэлебачаньне, пабудованая на анты-хрысьціянскіх прынцыпах. Гэта агрэсія, культ жорсткай сілы – “дабі ўпаўшага, адштурхні слабога” – гвалт, развал сям’і й распуста, адсутнасьць спагады для чужога гора. Галоўнае – агаломшыць, шакаваць гледача, выклікаць у яго нізкія жарсьці й думкі. Мільёны людзей захапляюцца фіктыўнымі лёсамі герояў прымітыўных сэрыялаў, зоркамі рок-музыкі, а моладзь бярэ прыклад з бандытаў, якія на экране ператвараюцца ў станоўчых герояў – лічыць Аляксандар Крутаў.

Кіраўнікі тэлекампаніяў любяць паўтараць, што ніхто нікога не прымушае глядзець тое, што супярэчыць ягоным перакананьням. Гэта праўда. Аднак насамрэч гледачы маюць невялікі выбар. Перакіньце 10 тэлеканалаў, і вы ўбачыце прыблізна на 5-ці зь іх страляніну або гвалт, а на астатніх – сэрыялы, ток-шоў або навязьлівую рэкляму.

У дакумэнце Папскай Рады адзначаецца, што паводле Хрыста, міжчалавечыя зносіны – гэта маральны акт. “Ад лішніцы сэрца вусны маўляюць. Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны. Бо паводле слоў сваіх апраўдаваесься, і паводле слоў сваіх асудзісься”. (Мац. 12, 36-37).

Хрыстос строга асуджаў усемагчымы дрэнны ўплыў на іншых людзей. “Хто спакусіць аднаго з малых гэтых, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі ў мора”. (Марк. 9, 42) Хрыстос пасьлядоўна патрабаваў ад вучняў шчырасьці і праўдзівасьці, асуджаў крывадушнасьць і несумленнасьць. “Хай будзе слова ваша “так-так, “не-не”, а што звыш гэтага, тое ад ліхога”. (Мацьв. 5,37).

Служба чалавеку, фармаваньне чалавечай супольнасьці заснаванай на салідарнасьці, справядлівасьці й любові, пашырэньне праўды пра чалавечае жыцьцё і ягонае канчатковае зьдзяйсьненьне ў Богу – усё гэта было і будзе сутнасьцю маралі ў сродках масавай інфармацыі” – гаворыцца ў дакумэнце Папскай Рады ў справе СМІ. “Таму адкінуўшы ману гаварыце праўду бліжняму свайму, бо мы часткі цела адзін аднаму... Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае, на будаўніцтва ў веры, каб яно давала мілату слухачам”. (Эф. 4,25-29).

Доступ цэркваў да СМІ ў розных краінах – розны. Калі ў іх няма свайго тэлеканалу ці радыёстанцыі, яны ня маюць вялікага ўплыву на зьмест вяшчаньня. Кіраўнік аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Кірыл выказаў незадаволеньне тым, як большасьць расейскіх СМІ падаюць інфармацыю пра жыцьцё РПЦ. На думку Мітрапаліта, зашмат ўвагі надаецца абрадавым пытаньням. “У выніку ў вонкавага назіральніка можа скласьціся ўражаньне, што праваслаў’е – гэта фарбаваныя яйкі, мужчыны з даўгімі валасамі, нейкія дзіўныя людзі, якія плюхаюцца ў палонцы й гэтак далей”.

Што тычыцца шматканфэсійнай Беларусі, дык розныя рэлігійныя арганізацыі асуджаныя на тое, што скажуць пра іх дзяржаўныя СМІ, як прадставяць і пакажуць іх. Яны могуць стварыць у грамадзтве самы станоўчы або самы нэгатыўны вобраз той, ці іншай царквы, разрэклямаваць адну, і прамаўчаць саму наяўнасьць іншай.

З пытаньнем “ці дастаткова і аб’ектыўна асьвятляецца ў беларускіх СМІ рэлігійнае жыцьцё ў краіне?” мы зьвярнуліся да некалькіх чалавек. Вось што адказаў мастак і праваслаўны вернік Аляксей Марачкін:

(Аляксей Марачкін: ) “Пакуль гульня йдзе ў адны вароты. Калі браць пад увагу інфармацыйную прастору, то перавага аддаецца Праваслаўнай Царкве, фактычна прамаскоўскай. Прыемна, што ёсьць і каталіцкія перадачы, прычым па-беларуску. Улада й кіраўнік дзяржавы гавораць пра тое, што ў нас усе маюць свабоду, ніхто нікога не дыскрымінуе, але ж абсалютна не чуваць пра тую ж татарскую або пратэстанцкія абшчыны. Гэта ж было б цікава. Улады тлумачаць гэта тым, што праваслаўных у краіне найболей. У Горадні адбываецца фэстываль усіх нацыянальнасьцяў, і там называюць вялікую лічбу розных мяншыняў. Усе выступаюць у сваіх нацыянальных строях, танцуюць і сьпяваюць па-расейску, але на самой справе пра іхныя рэлігіі, веру мы недастаткова ведаем”.

Згодны з гэтым музыка, прадстаўнік беларускіх габрэяў Аляксандар Памідораў. Неінфармаванасьць, замоўчваньне і нават абразьлівыя вылазкі адных супраць другіх – гэта ягоная характарыстыка сытуацыі:

(Аляксандар Памідораў: ) “Даволі аднабакова асьвятляецца рэлігійнае жыцьцё, але калі глядзець у комплексе, можна нават сказаць, што амаль не асьвятляецца. Простаму чытачу цяжка каб даведацца напрыклад пра тое, як жывуць татары, габрэі, якія-небудзь канфэсіі, якіх лічаць сэктамі, нягледзячы на тое, што напрыклад “Сьведкі Яговы” афіцыйна прызнаныя. Аднак жыцьцё гэтых абшчынаў – не асьвятляецца.

Людзі не заўсёды ведаюць, калі выпадае тое ці іншае сьвята. Перад Пасхай назіраецца свайго роду паніка: калі ў гэтым годзе Пасха? І гэтак як і ў савецкія часы: нехта больш сьвядомы, хто ходзіць у царкву, распавядзе сваім сябрам, пра тое як, калі і што. Што тычыцца каталікоў і габрэяў, дык тут увогуле сытуацыя такая, нібыта гэта нейкія падпольныя арганізацыі, пра дзейнасьць якіх даведаесься, калі ты непасрэдна прыйдзеш у касьцёл або ў сынагогу. Але ж ня кожны чалавек можа зайсьці ў сынагогу, бо там ёсьць свае правілы, і ня кожнаму раскажуць пра сябе. У іх ёсьць свае законы. Выказваньні ў бок каталікоў гучаць як яўная абраза. Час ад часу нават з вуснаў дзеячоў РПЦ можна пачуць даволі ганебныя словы на адрас каталікоў, і пры тым у сродках масавай інфармацыі”.

Ці ў сытуацыі, калі галоўныя мас-мэдыі – прыватныя або дзяржаўныя, ці можа Царква неяк узьдзейнічаць на іх? Пісьменьніца Антаніна Хатэнка лічыць, што прынамсі ў беларускіх рэаліях гэта немагчыма.

(Антаніна Хатэнка: ) “Я не ўяўляю сабе мэханізм гэтага ўзьдзеяньня. Сродкі масавай інфармацыі, асабліва электронныя мэдыі – самі сабе закон. Праўда, над імі ёсьць дзяржава. Калі б усім давалі доступ да эфіру або запрашалі прадстаўнікоў розных цэркваў, маўляў, абмяркуйце, пагаварыце – што адбываецца, што прапагандуецца ў дзяржаве, але ж гэтага няма. Напэўна, гэта было б няблага, але ў нас ізноў гэта была б прэзэнтацыя толькі праваслаўнай канфэсіі зь ейным “ісьцінна рускім” поглядам на ўсё. Найлепш, каб была свая нацыянальная царква, якая мела б сваю пазыцыю, абараняла б нацыянальныя інтарэсы, нацыянальную, традыцыйную мараль. Гэта была б іншая справа”.

Ва ўмовах свабоды слова ўмяшаньне ў зьмест праграмаў СМІ з боку Царквы, нават з самых высакародных меркаваньняў – недапушчальнае. Ва ўмовах дзяржаўных СМІ ў недэмакратычнай дзяржаве, яно абмежаванае. У кожным разе, Царква нязгодная з тым, што свабода СМІ раўназначная безадказнасьці. Яна супраць цэнзуры, але за тое, каб СМІ разумна і адказна карысталіся сваёй вялізнай духоўнай уладай.
XS
SM
MD
LG