Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Фаст-фуд” па-беларуску


Іна Студзінская, Менск Дзе ў вялікім горадзе можна хутка, смачна й нядорага перакусіць? Акрамя замежных “Макдональдзу” й піцэрыі…У рэшце рэшт, і ў беларускай сталіцы пачалі зьяўляцца прадпрыемствы хуткага харчаваньня. Літаральна за апошні год адкрылася два “Максі-біс”, “Росьцікс”. На месцы “Гішпанскага кутка” таксама плянуецца адкрыць нешта аналягічнае. Ці ёсьць нацыянальныя стравы ў беларускіх “бістро”, і наагул, што такое “fast food” па-беларуску?

Абедзены перапынак у дзелавога чалавека – максымум гадзіна. Дадому на хатні боршч зьезьдзіць не пасьпееш. Як жа падсілкавацца?

(Карэспандэнтка: ) “Ці ёсьць у горадзе месцы, дзе можна хутка і смачна паесьці? І даступна?”

(Мужчына: ) “Хутка – можна. Сказаць, каб гэта было смачна і даступна – немагчыма. Ёсьць кулінарыі, дзе можна набыць чабурэк, якім потым можна атруціцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А якое выйсьце?”

(Голас: ) “Ссабойку” браць. Усе так і робяць апошнім часам.

(Карэспандэнтка: ) “Але ёсьць такія шапікі “Хутка, смачна, па-беларуску”...”

(Дзяўчына: ) “Няхутка і нясмачна. І што па-беларуску – таксама пад пытаньнем. Адзінае, што там па-беларуску – мадыфікацыя хот-догу, у якую запіхваюць хатнюю кіўбаску, якую есьці таксама немагчыма”.

(Мужчына: ) “У заводзкай сталоўцы дорага, таму многія бяруць з сабою шматок сала”.

(Жанчына: ) “Я ем выключна тое, што гатую сама. Канешне, перакусіць у горадзе можна. Але асабіста мне гэта ня танна, калі паход у кафэ абыходзіцца ў 5-7 тысяч. Таму я аддаю перавагу хатняй ежы”.

У Менску апошнім часам адкрылася даволі шмат новых кафэ і рэстарацыяў, і беларускіх у тым ліку. Да прыкладу, страўні “Камяніца”,“Талака”. Адны назвы страваў там кажуць самі за сябе: “Маканка з грыбамі”, “Сальца хатняе”, “Пасолька”, “Жур грыбны”, “Шчы сялянскія з журавінамі”, “Гульбішнік”, “Пячыста зь цяляціны”. Сапраўды, нацыянальная кухня, вельмі смачная. Але кошты – рэстаранныя. Дый стравы заказныя, доўга гатуюцца. А вось што тычыцца хуткага харчаваньня, ды яшчэ зь беларускай кухняй …

У нядаўна адкрытых бістро “Максі-біс” я знайшла ў мэню толькі адну нацыянальную страву – дранікі. І тое яны не заўсёды ёсьць…У “Беларускім бістро” на Машэрава – таксама. У такім разе, ці адпавядае назва сутнасьці?

(Юнак: ) “Ну тое, што хутка– гэта дакладна. А наконт беларускага я не ўпэўнены”.

(Карэспандэнтка: ) “А што вы зараз ясьцё?”

(Юнак: ) “Курыцу з бульбай, боршч, салатку”.

(Карэспандэнтка: ) “А ведаеце вы месцы, дзе можна беларускія стравы хутка пакаштаваць?”

(Юнак: ) “Шчыра кажучы, не”.

(Жанчына: ) “Мне здаецца, што адпавядае назьве вельмі-вельмі адчасткі, нейкія элемэнты беларускай кухні ёсьць. Але калярыт, дый такія неадпаведнасьці, як боршч з курыцай.... Я думаю, гэта абсалютна ня тое. Канешне, могуць быць элемэнты іншых культур, але калі гэта называецца “Беларускае бістро”, то ў беларускай культуры кулінарыі, мне здаецца, вельмі шмат страваў, якія ніхто не гатуе, апрача рэстарацыі “Талака”, якая вельмі дарагая па коштах”.

Прадпрыемствы хуткага харчаваньня ў Беларусі спрэс называюцца рэстарацыямі – і “Макдональдзы”, і “Максі-біс”. Зь першай нацэначнай катэгорыяй, таму таннымі яны й ня могуць быць. Дарэчы, у абедзены час і ў “Максі-біс”, і ў “Беларускім бістро” – чэргі. На амаль двухмільённы горад прадпрыемстваў хуткага харчаваньня вельмі мала. Намесьнік начальніка ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Аляксей Багдановіч патлумачыў гэта такім чынам:

(Багдановіч: ) “Інвэстыцыяў ў Беларусь вельмі мала ўкладаецца. Вельмі мала. “Максі-біс” – гэта беларускія прадпрыемствы, але інвэстыцыі, грошы там ёсьць і іншыя. Але кіруюць ім людзі беларускія. І мы можам на іх уплываць, каб там гатавалася беларускае”.

Але ж амаль не гатуюць. Затое іншаземнае – што заўгодна: салаткі “баварскія”, кіўбаскі “цюрынгскія”, галубцы, шаўрма, плоў... А з роднымі дранікамі, калдунамі праблема: ёсьць не заўсёды.

Аляксей Багдановіч тлумачыць гэта тэхналягічнымі складанасьцямі. Маўляў, пачышчаная, цёртая бульба доўга не захоўваецца, чарнее. А наведвальнік сьпяшаецца...

(Багдановіч: ) “Гэта вельмі накладна. Чакаць ня кожны хоча. Чаму мы называем “хуткае харчаваньне”? Я не кажу абслугоўваньне. Хаця гэта правільна – хуткае абслугоўваньне. Харчавацца трэба павольна. Чалавек ня хоча чакаць. Пакуль дранік гэты зробіш, праходзіць час. А тыя тэхналёгіі, якія ёсьць у нас – гатовая маса, замарожаная, самі ведаеце, гэта ня той дранік. Таму тут ёсьць свае нюансы ў тэхналёгіі прыгатаваньня. А што тычыцца першых блюд, канешне, гэта не пытаньне. Мы над гэтым працуем. Будзе больш. Імкнемся да гэтага”.

З Аляксеем Багдановічам цяжка не пагадзіцца ў адным: есьці трэба ня хутка, а павольна. І якасную, здаровую ежу. Тэму працягвае мянчанка Людміла Шастак:

(Людміла: ) “Культура харчаваньня ў Беларусі, я лічу, вельмі сапсаваная. І людзі сталыя, і студэнты ў апошнюю чаргу зьвяртаюць увагу на тое, што яны ядуць. На працы што дырэктары, што шарагоўцы пойдуць у краму, купяць чыпсы ці нейкі блін у “Бліннай”, напалову дапечаны, і ядуць. Студэнты купляюць макароны хуткага харчаваньня “Ролтон”, што ў студэнцкім асяродзьдзі празвалі “бомж-пакет”. Сядзяць на “парах”, усухамятку хрусьцяць, ідзе як за матуліну кухню”.

Пра тое, што беларусы мала ўвагі зьвяртаюць на культуру харчаваньня, сьведчыць і сумная статыстыка, якую прывёў мне начальнік упраўленьня Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Цыбін: кожны трэці беларус пакутуе на захворваньні страўнікава-кішэчнай сыстэмы, нават у кожнага чацьвёртага школьніка – гастрыт. У асноўным ад нездаровага харчаваньня “ўсухамятку”.

Дарэчы, суседзі апошнім часам аддаюць перавагу не амэрыканскім “Макдональдзам” ды італьянскім піцэрыям, а сваім, нацыянальным. Па ўсёй Расеі разгорнутая вялікая сетка “Русских бистро” зь піражкамі, пельменямі, у Маскве на кожным кроку закусачныя “Му-му” і “Ёлкі-палкі”. Па ўсёй Украіне – “Хатня кухня”, украінскі адказ “Макдональдзу”. Распавядае супрацоўніца рэклямнай агенцыі Юля:

(Юля: ) “Украінцы зрабілі хуткае харчаваньне зь вельмі даступнымі коштамі. Прадстаўлена абсалютна ўся украінская кухня, улучаючы туды і, напрыклад, звычайныя біфіданапоі, ёгурты, па коштах, што і ў краме. Я лічу, у Беларусі няма такога адпаведніку, але вельмі хацелася б, каб ён быў. “Хатня кухня” мае вельмі вялікі посьпех у Кіеве”.

(Карэспандэнтка: ) “Там сапраўды галушкі, варэныкі, боршч украінскі – такія стравы?”

(Голас: ) “Вочы разьбягаюцца, гэта ня тое слова. Там галушкі, блінцы з чым заўгодна, там баршчы, салаткі, салянкі – там абсалютна ўсё!”

А беларусам застаецца пакуль толькі зайздросьціць украінцам і расейцам. Не забывацца раніцай з дому ўзяць “ссабойку” – гэткі “фаст-фуд па-беларуску”. А то прыйдзецца жаваць “ход-дог”, альбо ісьці ў “Макдональдз”, калі дазваляе кашалёк. Што, папярэджваем, даволі небясьпечна.

Нядаўна ў ЗША выйшаў фільм Моргана Спарлака, які праводзіў экспэрымэнт: цягам месяцу тройчы на дзень харчаваўся ў “Макдональдзе”. Вынікі экспэрымэнту аказаліся сапраўды жахлівыя: Морган набраў 11 з паловай кіляграмаў вагі, а ўзровень халестэрыну лекары лічаць вельмі небясьпечным для ягонай пячонкі. Так што пераймаць досьвед амэрыканцаў, якія ў год трацяць больш за 100 мільярдаў даляраў уласных грошай на хуткае харчаваньне (больш, чым на вышэйшую адукацыю, пэрсанальныя кампутары і новыя аўтамабілі) – ня варта. Хаця б таму, што гэта не зусім здаровая ежа.

Малады дызайнэр Людміла Шастак, не пазбаўленая здаровага пачуцьця гумару, выказала такое меркаваньне:

(Людміла: ) “Я лічу, што трэба зьвярнуць увагу на тое, дзе хутка пахарчавацца. Таму што беларус, які жыве ў горадзе, у мэгаполісе, ён мусіць проста хутка рабіць нейкія рэчы, і харчавацца, ў першую чаргу. Але каб гэтае харчаваньне не адбілася потым…”

(Карэспандэнтка: ) “На здароўі…”

(Людміла: ) “Не на здароўі, а на дзецях будучых. А то зялёнымі панараджаюцца яшчэ ад хот-догаў гэтых “хуткіх-смачных”...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG