Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пачаўся Першы міжнародны фэст сярэднявечнай культуры й традыцыяў “Беларускае сярэднявечча”


Альгерд Невяроўскі, Менск Фэст арганізаваны актывістамі менскага клюбу “Рыцарскі род сьнежнага барсу” пры падтрымцы адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы. Арганізатары фэсту лічаць, што гэтае мерапрыемства паспрыяе адраджэньню ў Беларусі сярэднявечных рыцарскіх традыцыяў і гістарычнай сьвядомасьці людзей.

У фэсьце “Беларускае сярэднявечча” бяруць удзел сябры рыцарскіх клюбаў зь Менску, Гомелю, Магілёву, Віцебску, Берасьця, Мазыра, іншых гарадоў Беларусі, а таксама госьці з Кіеву й Масквы. Галоўная пляцоўка фэсту месьціцца ў лагчыне паміж менскімі мікрараёнамі Паўднёвы-Захад і Малінаўка на пачатку праспэкту Любімава.

25 верасьня праходзілі адборачныя, кваліфікацыйныя баі паміж рыцарамі. А 26 верасьня адбудзецца фінал спаборніцтваў у двубоях, бугурт, ці масавая бітва ваяроў, ды рэканструкцыя штурму замку. Акрамя гэтага будзе сьпяваць гурт “Стары Ольса”, ладзіцца конкурс сярэднявечных танцаў, а народныя майстры арганізуюць выставу-кірмаш сваіх вырабаў. Пачатак фэсту аб 11 гадзіне раніцы.

Адзін з арганізатараў фэсту “Беларускае сярэднявечча” Антон Бойка так патлумачыў мэту гэтага мерапрыемства:

(Бойка: ) “Сэнс фэсту – адраджэньне сярэднявечнай культуры ў Беларусі й рыцарскага стану. Рыцарам трэба быць у штодзённым жыцьці. Рыцарства дае шмат звычак для жыцьця. Каб моладзь наша адраджалася. Ну і, вядома ж, гэта забава для аматараў Сярэднявечча, якія прыйдуць сюды адпачыць і потым распавядуць пра гэты фэст”.

Галоўным прызам, які атрымае пераможца рыцарскага турніру, будзе сапраўдная залатая карона. Фундатарамі гэтага прызу й усяго фэсту выступілі Адкрытае акцыянэрнае таварыства “Сукно” і менскі бровар “Аліварыя”. Арганізатары спадзяюцца, што фэст “ Беларускае сярэднявечча” стане штогадовым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG