Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая справа, такая й слава


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Пішучы ў дні нядаўніх фэстывальных “Дажынак” пра добрыя вынікі жніва на Меншчыне, газэта “Звязда” вынесла ў загаловак матэрыялу нібыта прыказку – па працы – і пашана. Ці ёсьць у нашай мове такая прыказка?

Загаловак аўтару газэтнай публікацыі падказала рэпліка старшыні Менскага аблвыканкаму Мікалая Дамашкевіча. Выступаючы па-расійску, той скарыстаў прыказку по труду и честь. Аўтар “Звязды” палічыў за магчымае даслоўна перакласьці расійскае ўстойлівае выслоўе. У матэрыяле чытаем, што людзі “папрацавалі на славу, а па працы, як кажуць у народзе, – і пашана”. Але ў якім народзе так кажуць? Па-беларуску могуць сказаць, прыкладам, што па працы – абед ці вячэра. Скалькаванае па працы – і пашана ўспрымаецца неадназначна: ці то пасьля кожнае працы прыходзіць пашана, ці то пашана дастаецца ў адпаведнасьці з працаю. Калькаваць у гэтым выпадку не было патрэбы. Гэтае калькаваньне – зь няведаньня. Расійскай прыказцы по труду и честь адпавядаюць традыцыйныя беларускія якая справа, такая й слава; як дбаеш, то й павагу маеш.

У нашай моўнай сытуацыі, калі расійскія фразэмы й прыказкі проста сядзяць увушшу, а па беларускія трэба агледзецца, часьцей зазірайма ў слоўнікі. Пры пошуках традыцыйных адпаведнікаў да расійскіх устойлівых спалучэньняў, апрача іншых слоўнікаў, кожнаму прыдасца ўкладзены Зьмітром Саньком “Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем” (Менск, 1991).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG