Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рака і час


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: археоляг Ніна Здановіч.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Звыкла для нас: рака — гэта сымбаль часу. Мы кажам: у адну раку нельга ўвайсьці двойчы, ці: “Ой было ж яно, было, ды сплыло з вадою”. А як уплывае час на раку?”

(Ніна Здановіч: ) “Найперш, час мяняе назвы ракі. Згадайма: Кронан — Нёман, Рубон (сугучна Рубікону) — Дзьвіна, Барысфэн — Дняпро”.

(Ракіцкі: ) “Давайце вызначым прыярытэтныя функцыі галоўных беларускіх рэк цягам стагодзьдзяў і аддамо ім даніну”.

(Здановіч: ) “Напрадвесьні чалавечай гісторыі рака перадусім — карміцелька. Да пераходу да земляробства кожнае племя мела сваю гэтак званую “прамысловую тэрыторыю”. Па зямлі яшчэ трэба было блукаць у пошуках ежы. А ля ракі дастаткова было проста жыць і ўмець забіраць тое, што давала рака. Таму першыя сьляды жыцьцядзейнасьці палеалітычнага чалавека мы знаходзім ля ракі, у Падняпроўі — ля вёскі Бердыж Чачэрскага раёну. Недарэмна Аркадзь Смоліч, аўтар “Геаграфіі Беларусі”, называе Дняпро найвялікшай ракой Беларусі. Ня толькі таму, што яна трэцяя паводле велічыні ў Эўропе, а таму што яна для беларусаў “першакрыніца”, як кажуць гісторыкі”.

(Ракіцкі: ) “А ці захаваў Дняпро ролю “першакрыніцы” ў наступную, мэзалітычную эпоху? Бо, як вядома, ледавік літаральна зьмёў ранейшага чалавека з тэрыторыі Беларусі?”

(Здановіч: ) “Новае засваеньне болей як дзесяць тысяч гадоў таму пачалося ізноў з Дняпра, але да яго далучаецца й Прыпяць. Мала таго, чалавек ужо мае транспартны сродак — лодку. Менавіта тады ён дабіраецца аж да Нёману і Дзьвіны”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што рака стымулявала прагрэс?”

(Здановіч: ) “Безумоўна. Пра гэта сьведчаць прылады рыбалоўства. Спачатку палявалі на рыбу з дапамогаю тых жа прыладаў, што і на жывёлаў, — кап’я, лука. А пазьней вынайшлі й вузкаспэцыяльныя прылады: жарліцы — двухбаковыя завостраныя стрыжні, сеткі, восьці, кручкі (спачатку касьцяныя, а ў бронзавы век мэталёвыя)”.

(Ракіцкі: ) “У гістарычным музэі гледачоў нязьменна зьдзіўляюць гіганцкія (паводле сёньняшніх уяўленьняў) памеры рыбалоўных кручкоў, а ў разьдзелах этнаграфіі — восьцяў, зь якімі, здавалася б, трэба было хадзіць на быка, а не на рыбу”.

(Здановіч: ) “Бачылі бы яны храбцінкі рыбаў дыямэтрам два сантымэтры, што вадзіліся ў Прыпяці ля Мазыра яшчэ ў 12 стагодзьдзі!.. А ў Дзьвіне, кажуць, і сёньня водзяцца самы памерам з чалавека”.

(Ракіцкі: ) “Археолягі чамусьці знаходзяць болей кручкоў у нэалітычных прапластках (каля 7 тысячы гадоў таму), чым у жалезным веку, на мяжы з нашай эрай. Што бы гэта значыла — што чалавек стаў меней спажываць рыбы ў жалезным веку ў параўнаньні з нэалітам? Што ён пачаў рэгрэсаваць?”

(Здановіч: ) “З гледзішча сучаснага чалавека чалавек жалезнага веку зрабіўся большым браканьерам, бо асноўным прыстасаваньнем для лоўлі рыбы сталі сеткі ды іншыя хітрыкі. Прыкладам, плятні, у якіх можна было проста доўбняй забіваць рыбу. Але нэалітычныя знаходкі паказальныя: гэта была эпоха, у якую ўпершыню рыбалоўства адцясьніла паляваньне на другі плян і рацыён харчаваньня зь мяснога стаў больш рыбным. І людзі, якія густа насяляюць тэрыторыю Беларусі, актыўна засвойваюць маленькія рэчкі й азёры. Нават сяліцца яны пачынаюць у, здавалася б, абсалютна не прыстасаваных дзеля гэтага месцах — на палях, на тарфяніках, якія заліваліся вадою”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, ад таго часу і пайшла традыцыя будаваць дамы на палях, калі ля вады. Так?”

(Здановіч: ) “Безумоўна, і больш маштабна ў Беларусі з тае пары не сяліліся ля вады ў такіх тыпах збудаваньняў”.

(Ракіцкі: ) “Калі да мэзалітычнай эпохі чалавек “прасоўваўся” ўздоўж рэк ці па плыткай ваадзе, дык, трэба думаць, з вынаходніцтвам лодкі рэкі насамрэч становяцца сапраўднымі воднымі шляхамі?” (Здановіч: ) “Так, і пацьверджаньнем — удасканаленьне сродкаў перасоўваньня па вадзе, іх спэцыялізацыя. Зь сярэднявечных пісьмовых крыніцаў вядомыя баркі, байдакі, галяры, стругі й віціны. Дзякуючы гэтаму, рэкі паступова становяцца і гандлёвымі шляхамі”.

(Ракіцкі: ) “Новая прыступка прагрэсу?”

(Здановіч: ) “Так. Гэта стымулюе гандаль. Уздоўж рэк, як грыбы пасьля дажджа, вырастаюць гарады — гандлёвыя паселішчы. Згадайма Полацкае княства. Шматлікія паселішчы паўсталі і ўмацаваліся дзякуючы Дзьвіне”.

(Ракіцкі: ) “За выгодны гандлёвы шлях заўсёды адбываюцца змаганьні. Нават войны ўзьнікаюць, міждзяржаўныя канфлікты. Прыгадаем Суэцкі ці Панамскі канал ужо нават у наш час”.

(Здановіч: ) “Полацкія князі гэта добра разумелі. Таму разьвівалі й дыпляматыю. Але вельмі часта й са зброяй у руках даводзілася адстойваць гэты Дзьвінскі шлях”.

(Ракіцкі: ) “І тут мы падыходзім да яшчэ аднаго аспэкту ў гісторыі ракі: рака і вайна. Няміга, Крапіўна, Сінія воды, Ворскла… Гэта месцы бітваў старадаўніх беларусаў”.

(Здановіч: ) “Гэты сьпіс можна доўжыць амаль да бясконцасьці. Чырвоныя ад крыві берагі Дняпра згадваюцца ў Баркулабаўскай хроніцы:

“Страшно было трупу московского гледети; реку Днепр силным трупом язовищи загородили; иж колко недель днепровское рыбы не ядали и воды не пивали для великого гнюсу трупу московского”.

Чырвоны мост на Палаце ў Полацку — гэта ўжо вобраз вайны 1812 году”.

(Ракіцкі: ) “Рака — гэта і перашкода, і выратаваньне. Гэта слушна і для 12, і для 20 стагодзьдзя…”

(Здановіч: ) “Гэтае адчуваньне асабліва абвастраецца ў трагічныя моманты гісторыі. Вось радок зь ліста гісторыка і археоляга Юзэфа Ядкоўскага, які застаўся ў Горадні ў пачатку першай усясьветнай вайны:

“Крыжакі ўжо блізка. Толькі Нёман аддзяляе нас ад бяды”.

(Ракіцкі: ) “Рака, як і чалавек, у смузе стагодзьдзяў нешта губляе, нешта набывае. Калі рака губляе сваю функцыю шляху?”

(Здановіч: ) “У 17 стагодзьдзі зьяўляецца канкурэнт у ракі як гандлёвага шляху, калі будуюцца тракты праз балоты, дзе немагчыма было з грузам прабіцца раней — на Палесьсі. Так, трактам празь Пінск зьвязваюцца паміж сабой Слонім і Валынь. Але сухапутныя дарогі — хутчэй разьмежаваньне, а ня страта функцыяў. Грузавы шлях застаецца па-за ракою. Па рацэ сплаўляецца толькі тое, чаго ня могуць пацягнуць коні. Страта асноўнай функцыі ракі як транспартнай артэрыі пачынаецца з будаўніцтвам чыгункі ў пачатку 19 стагодзьдзя. Сьведчаньне таму — заняпад гарадоў-прыстаняў, якія застаюцца ўбаку ад чыгунак. Але ў асобных выпадках водны шлях як грузавы транспартны шлях працягвае выкарыстоўвацца. Недарэмна ў 19 стагодзьдзі дабудоўваецца канал Агінскага, які злучыў Ясельду са Шчараю, і тым самым Прыпяць зь Нёманам. А ў 1839 годзе адкрываецца і Аўгустоўскі канал, які злучыў Нёман і Віслу. Канчатковая страта функцыі ракі як гандлёвага шляху прыпадае на 20 стагодзьдзе, калі зьяўляецца авіяцыя”.

(Ракіцкі: ) “Але нейкія функцыі ракі застаюцца непадуладнымі часу, унівэрсальнымі, нават у наша, ужо 21 стагодзьдзе?”

(Здановіч: ) “Безумоўна. Гэта функцыя мяжы. Да прыкладу, Нёман. З 937 кілямэтраў шляху 18 кілямэтраў — гэта мяжы Беларусі й Літвы, а 100 кілямэтраў — мяжа з Расеяй. Ці той жа Буг…”

(Ракіцкі: ) “За Бугам, як за бугром, пачынаецца Захад… Добра. Мы гаварылі пераважна пра чатыры вялікія беларускія ракі. Ці можна, аддаўшы даніну кожнай, вылучыць іх паасобныя ролі ў гісторыі й культуры Беларусі? У чым і калі якая зь іх адыгрывала ролю, так бы мовіць, першай скрыпкі ў аркестры? Пры засяленьні Беларусі гэта былі Дняпро й Прыпяць. А далей?”

(Здановіч: ) “Прыпяць, да прыкладу, стала калыскаю славянскай калянізацыі краю. Па ёй, а потым па Дняпры, ішоў працэс засваеньня колішніх балцкіх тэрыторыяў. Дзьвіна стала калыскаю беларускай дзяржаўнасьці, бо там быў Полацак. Дзякуючы зноў жа Прыпяці, беларусы выстаялі ў супрацьстаяньні з татарамі ў 13 стагодзьдзі. Татарскія стрэлы знаходзяць археолягі ў прапластках гэтага часу ў Мазыры, у Гомелі. Амаль уздоўж усёй Прыпяці. Дняпро і яго гарады цягам стагодзьдзяў самаахвярна і пасьпяхова змагаліся зь вялікадзяржаўнымі памкненьнямі Масковіі. А Нёман, Панямоньне — калыска Вялікага Княства Літоўскага. Гэта шчыт супраць крыжакоў”.

(Ракіцкі: ) “І ці ня ўсе рэкі Беларусі зьведалі трагедыю другой усясьветнай вайны. А ў цэлым, чым сталася 20 стагодзьдзе для беларускіх рэк?”

(Здановіч: ) “20 стагодзьдзе больш стратнае, чым плённае для беларускіх рэк: мэліярацыя, торфанарыхтоўкі…”

(Ракіцкі: ) “І гэтую трагедыю найперш зьведала Прыпяць?”

(Здановіч: ) “Я таксама раней так думала, бо ў калодзежах яе рэчышча вада апусьцілася ажно на два мэтры. Але ня меней трагічным стаўся лёс і панямонскага басэйну — адбылося спрамленьне каля 100 рэк, яны памянялі рэчышчы і ў выніку згубілі аўтэнтыку”.

(Ракіцкі: ) “Зірнуўшы ў далёкую мінуўшчыну, мы ўбачылі, што рэкі часта выратоўвалі Беларусь. Падаецца, што сёньня рэкі ўжо ня здатныя быць ратавальнікамі нацыі”.

(Здановіч: ) “Ня думаю так. Давайце пачытаем дзёньнікавыя запісы Ўладзімера Караткевіча, якія ён зрабіў у 1969 годзе ў часе сваёй вандроўкі па Прыпяці:

“Палескі скарб валяецца ў нас пад нагамі, а нам неахвотна нагнуцца і падняць яго. Дзясяткі тысяч людзей, замест Балятону ці Залатых пяскоў, праехаліся б на параходзе па ціхай яшчэ Прыпяці. Пазагаралі б, палавілі рыбу, пакачаліся б на цьвітучых яе паплавах. І пакінулі б тут грошы, якіх хапіла б на тое, каб аднавіць старыя будынкі, узбагаціць музэі і ператварыць усё гэта зноў у грошы, коштам якіх можна было зрабіць Палесьсе, — ды ня толькі яго, — Эдэмам… Я сьню Прыпяць зь белымі параходамі Берасьце—Гомель, з матэлямі і кэмпінгамі ў гушчары лесу, Прыпяць цьвітучую, Прыпяць высакародную і чыстую, па берагах якой паўсюль можна прабегчы босым, не парэзаўшы пяты… Я сьню Прыпяць багацейшаю ракою… Я сьню яе прыўкраснай” .

(Ракіцкі: ) “Караткевіч абвяргае маю думку. Дык што, раку ўсё ж можна выкарыстаць дзеля адраджэньня эканомікі й культуры Беларусі?”

(Здановіч: ) “У Эўропе вельмі папулярны экатурызм. Я, прыкладам, ня ведаю ў Эўропе яшчэ аднаго такога месца, акрамя, бадай, Заходняй Украіны, дзе б можна было пабачыць і адчуць аўтэнтыку ва ўсім — ад прыроды да традыцыяў. Будзем аптымістамі, і тады мара Караткевіча пра Беларусь квітнеючую, пра прыгожыя Дзьвіну, Прыпяць, Нёман спраўдзіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG