Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб будзе змагацца за дэпутацкі мандат зь Сяргеем Гайдукевічам


Уладзімер Глод, Менск Гэта стала вядома 24 верасьня пасьля таго, як Цэнтарвыбаркам на сваім ранішнім паседжаньні адмяніў рашэньне акруговай камісіі аб нерэгістрацыі былога сьпікера Вярхоўнага Савету ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. ЦВК дазволіла таксама ўдзельнічаць у выбарах прафсаюзнаму актывісту Генадзю Федынічу, намесьніку старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Анатолю Астапенку ды незалежнаму дэмакратычнаму кандыдату Аляксандру Лагвінцу.

Акруговая выбарчая камісія №100 у Менску не дала згоды на рэгістрацыю Мечыслава Грыба за тое, што ён быццам бы не паказаў у дэклярацыі дывідэндаў ад ягоных акцыяў менскага гадзіньнікавага заводу. Аднак цяпер высьветлілася, што спадар Грыб дабрасумленна пазначыў наяўнасьць акцыяў. І зусім не ягоная віна, што гэтыя каштоўныя паперы ўжо даўно не прыносяць іх уладальнікам ніякага прыбытку.

З дваццаці скаргаў, якія ЦВК разгледзела ў першай палове дня, яна задаволіла толькі шэсьць. З тых, каму Цэнтарвыбаркам адмовіў, бальшыня — прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты з дэмакратычнага лягеру. Гэта прафсаюзны дзеяч Аляксандар Бухвостаў, першы міністар абароны Рэспублікі Беларусь Павал Казлоўскі, дзейныя дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч і Ўладзімер Навасяд, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфер, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

На паседжаньні ЦВК спадар Трусаў прывёў шэраг фактаў, паводле якіх, выбарчая камісія Купалаўскай акругі Менску зрабіла ўсё, каб перашкодзіць яму стаць кандыдатам у дэпутаты:

(Трусаў: ) “Таму я хачу прыгадаць тут крылатае прыслоўе клясыка сучаснай беларускай літаратуры Васіля Быкава: “За імі перамога, а за намі — ісьціна”. Як гісторык я не сумняюся, што неўзабаве пераможа ісьціна”.

Падчас сёньняшняга паседжаньня ЦВК выявілася, што многія акруговыя выбарчыя камісіі не рэгістравалі кандыдатаў у дэпутаты, бо мелі даведкі з экспэртна-крыміналягічнага цэнтру сталічнай міліцыі. На падставе гэтых папер выносіліся адмоўныя рашэньні. Сябры ЦВК з дарадчым голасам лічаць, што прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты апынуліся абяззброенымі супраць гэтага прыёму.

Многія подпісы выбарцаў у падтрымку Аляксандра Бухвостава, Уладзімера Навасяда, Уладзімера Парфяновіча, Алега Трусава ды іншых дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты адпаведныя акруговыя камісіі накіроўвалі на адмысловую графалягічную экспэртызу. Перадусім патрабавалася пацьверджаньне экспэртаў: ці адна і тая ж асоба ставіла свой подпіс, а побач зь ім дату запаўненьня падпіснога ліста? Даведкі пра тое, што ў лісьце зроблены подпіс адной рукой, а дата прастаўленая, падобна, іншай асобай, і сталі той прычынай, якая перашкодзіла згаданым прэтэндэнтам працягваць выбарчую кампанію.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Алесь Бяляцкі лічыць, што такая практыка зьявілася невыпадкова:

(Бяляцкі: ) “Цяжка спрачацца з дакумэнтам, які падпісаны адмыслоўцамі, што працуюць у Міністэрстве ўнутраных справаў, займаюцца такой графічнай экспэртызай. Але тут сапраўды вельмі цікавыя факты былі заўважаныя падчас ацэнкі гэтых актаў — мы бачылі, як за адзін дзень правяраліся сотні подпісаў, выносіліся за дзень сотні рашэньняў. Таму ёсьць падставы калі не сумнявацца ў даставернасьці гэтай экспэртызы, то не разумець, калі адпаведныя факты падаюць кандыдаты ў кандыдаты, то яны чамусьці ня ўлічваюцца. Фактычна, экспэртыза — гэта вельмі добры інструмэнт змаганьня з тымі кандыдатамі ў дэпутаты, якія абіраюцца праз збор подпісаў”.

Сябры Цэнтарвыбаркаму з правам вырашальнага голасу ў такіх выпадках займалі пазыцыю акруговых камісіяў: маўляў, мы тут не адмыслоўцы, і таму ня можам вынесьці паўнавартасны вэрдыкт. Прэтэндэнтам на дэпутацкія мандаты яны раілі зьвяртацца ў суд і пракуратуру.

Міхаіл Пліска — сябра ЦВК з дарадчым голасам, зыходзячы з досьведу папярэдніх выбараў, упэўнены, што гэта бессэнсоўна:

(Пліска: ) “Ні адзін суд, калі незарэгістраваны такім чынам кандыдат у дэпутаты падаваў скаргу, не накіраваў гэтыя подпісы на дадатковую экспэртызу. Паколькі патрэбныя падставы, каб завесьці крымінальную справу, то фактычна кандыдат у дэпутаты безабаронны перад так званымі экспэртызамі”.
XS
SM
MD
LG