Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Гомельскім тэлебачаньні ўвялі цэнзуру для дэмакратычных кандыдатаў у парлямэнт


Казімер Яноўскі, Гомель На Гомельскім абласным тэлебачаньні ў выступах дэмакратычных кандыдатаў у парлямэнт выразаюць выказваньні пра рэфэрэндум і трэці прэзыдэнцкі тэрмін. З цэнзурных меркаваньняў зварот да выбарцаў кандыдата ў дэпутаты па Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе №36, прадпрымальніцы Тацяны Марчанкі наогул не прапусьцілі ў тэлеэфір.

Выступ Тацяны Марчанкі ўчора ўвечары наогул не паказалі ў тэлеэфіры. Зьвярталася да выбарцаў толькі ейная канкурэнтка ад улады. Я пацікавіўся ў спадарыні Марчанкі: пра што хацела яна распавесьці выбарцам сваёй акругі?

(Марчанка: ) “Я патлумачыла выбарцам, што ад рэфэрэндуму залежыць будучыня і нас, і нашых дзяцей. Ёсьць вялікі сумнеў, што вынікі галасаваньня наконт трэцяга тэрміну Лукашэнкі будуць адпавядаць сапраўднаму волевыяўленьню выбарцаў. Паглядзіце, паслужлівая вэртыкаль стварае і кантралюе ўсе камісіі. Вэртыкаль, а ня выбарцы, вызначае, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы ў парлямэнце. На Гомельшчыне 17 акругаў, у васьмі акруговыя камісіі пакінулі толькі па адным кандыдаце”.

Тацяна Марчанка нагадала ў выступе, што задоўга да выбараў грамадзянам Беларусі абвясьцілі, колькі ў новым парлямэнце будзе жанчын, моладзі, дэпутатаў мінулага скліканьня. Таму кандыдатка супраць такой сыстэмы фармаваньня ўлады, якую цяпер прапануюць захаваць праз рэфэрэндум.

Паводле кандыдата Марчанкі, Беларусь не павінна чапляцца за мінулае, а рухацца наперад.

(Марчанка: ) “Дзесяць гадоў — дастатковы тэрмін, каб рэалізаваць ідэі й задумы, зь якімі палітык прыходзіць да ўлады. У нас ёсьць фасад дому, але няма трывалага падмурку ў выглядзе моцнай і разгалінаванай эканомікі. Няма ў Беларусі й надзейнага даху ў выглядзе аўтарытэту дзяржавы на міжнароднай арэне. Лукашэнка паставіў краіну ў шэраг такіх дзяржаваў-ізгояў як Паўначная Карэя, Лібія, Ірак. І самае прыкрае, што ў нашым беларускім доме нямашака ўтульнасьці. Дяржава душыць асобу, перашкаджае займацца грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Гэта не павінна працягвацца”, — лічыць кандыдат у дэпутаты парлямэнту Тацяна Марчанка, выступ якой не пусьцілі ў тэлеэфір.
XS
SM
MD
LG