Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае агітацыя па рэфэрэндуме й выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на канчатковы вынік гэтых кампаніяў?


Валер Каліноўскі, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Круглы стол “Свабоды” з удзелам рэгіянальных карэспандэнтаў. У перадачы бяруць удзел нашыя карэспандэнты зь Віцебску, Менску, Магілёва і Гомелю Браніслава Станкевіч, Міхал Стэльмак, Марыя Ўсьціновіч і Казімер Яноўскі.

(Валер Каліноўскі: ) “У параўнаньні з папярэднімі рэфэрэндумамі й выбарамі, нават тымі, якія апазыцыя байкатавала, цяперашняя кампанія пакуль выглядае прадказальнай і малацікавай. Грамадзтва даўно падзеленае паводле стаўленьня да А.Лукашэнкі й ягонай палітыкі, выбарчыя камсіі сфармаваныя на ягоную карысьць, дзяржаўныя СМІ не дапускаюць выказваньня альтэрнатыўнай думкі.

Ці здольная агітацыйная кампанія як уладаў, гэтак і апазыцыі зьмяніць грамадзкія настроі? Каб адказаць на гэтае пытаньне, патрэбна ацаніць ход агітацыйнай кампаніі ў цэнтры і рэгіёнах краіны. Сам Аляксандар Лукашэнка на гэтым тыдні загадаў цэнтральным СМІ сьцішыць прапаганду на ягоную карысьць, каб не раздражняць людзей. І сапраўды, агітацыя за А.Лукашэнку ў цэнтры стала больш сьціплай. Ці адбілася гэта і на сытуацыі ў рэгіёнах, напрыклад, на Віцебшчыне? Пытаньне нашай віцебскай карэспандэнтцы Браніславе Станкевіч”.

(Браніслава Станкевіч: ) “У Віцебску таксама адзначылі, што тэлевізійныя “ролікі” з агітацыяй за рэфэрэндум ды Лукашэнку неяк неўпрыкмет зьніклі з экранаў. Затое ініцыятыва адразу ж перайшла да віцебскіх газэтаў. Асабліва паказальны праклад у гэтым сэнсе — абласная газэта “Віцебскі рабочы”. На цэлы газэтны разварот там друкуецца інфармацыйны блёк пад назовам “Беларусь: стваральныя 10 гадоў”. Артыкулаў шмат, і, як кажуць, на любы густ. Ёсьць эканамічная падборка зь лічбамі ды фактамі, якія мусяць засьведчыць, наколькі палепшала жыцьцё ў Беларусі за час кіраваньня Лукашэнкі. Ёсьць палітычны даведнік кшталту “пытаньні- адказы”, дзе чытачам тлумачыцца, што такое выбары ды рэфэрэндум, якія ёсьць у Беларусі палітычныя партыі, праўрадавыя ды апазыцыйныя. Прычым апазыцыйным партыям прысьвечаная цэлая калёнка нэгатыву — і што яны ня маюць канкрэтных праграмаў, і што жывуць за кошты замежных гаспадароў, і г.д”.

(Каліноўскі: ) “Менскі гарвыканкам днямі накіраваў дадаткова на сацыяльную сфэру і ЖКГ 136 мільярдаў рублёў. Браніслава, што робяць мясцовыя ўлады Віцебшчыны для рэалізацыі задачаў Лукашэнкі?”

(Станкевіч: ) “Я не бяруся назваць дакладнай сумы, але тое, што даволі значныя грошы выдаткаваныя і ў Віцебску на гэтую “камунальную агітацыю”, гэта дакладна. Па прыклад мне й далёка хадзіць ня трэба: на вуліцы “Праўды”, у суседнім двары, узяліся за капітальна-паказальны рамонт двух дамоў, “хрушчовак”. Разам у двары кладуць плітку ды робяць клюмбы — напрыканцы верасьня садзяць кветкі, высяваюць траўку. Тамтэйшыя жыхары ўжо й пасьмейваюцца, калі штораніцы ў двор зьяўляецца цэлая камісія з домакіраўніцтва, каб акрэсьліць “фронт работ”. Урачыстая здача аб’екту ўжо неаднойчы пераносілася, і цяпер прызначаная на 9 кастрычніка — якраз за тыдзень да выбараў.

Я ведаю, што такія “ўзорныя” двары робяцца ў кожным раёне Віцебску. І ў тым, што ўсё прымеркавана менавіта да 17 кастрычніка, ніхто ня сумняецца. І амаль ніхто ня верыць у тое, што чарга дойдзе й да суседніх домоў, калі пройдзе рэфэрэндум”.

(Каліноўскі: ) “Аляксандар Лукашэнка казаў, што ён асабіста і не зьбіраецца агітаваць за свой рэфэрэндум, маўляў, яго людзі й так ведаюць. Наш менскі карэспандэнт Міхал Стэльмак толькі што вярнуўся зь Дзяржынскага раёну. Міхал, як людзі ў вёсках рэагуюць на рэфэрэндум і выбары, ці заўважаная там нейкакя агітацыйная кампанія, ці могуць гэтыя людзі пад яе ўплывам сфармаваць свае думкі й свой выбар?”

(Міхал Стэльмак) “Звонку ў вёсках Дзяржынскага раёну ніякіх прыкметаў таго, што ў краіне 17 кастрычніка пройдуць выбары і рэфэрэндум, я ня бачыў. Але ўсе тутэйшыя жыхары, зь якімі я гутарыў, ведаюць пра рэфэрэндум. Пры гэтым многія не ўяўляюць, у чым яго сутнасьць. Шмат хто гаварыў, напрыклад, што на абвешчаным рэфэрэндуме яны будуць выбіраць на новы тэрмін Лукашэнку. І калі я цікавіўся, адкуль яны гэта ўзялі, то абсалютная большасьць крыніцамі інфармацыі называлі тэлебачаньне і радыё. Тое, што Лукашэнка штодня зьяўляецца на тэлеэкранах і ў сваіх прамовах закранае тэму рэфэрэндуму, і ёсьць галоўным агітацыйным прыёмам уладаў.

Масіраваная прапаганда ў тэлерадыёэфіры пра заможнае жыцьцё ў Беларусі з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, безумоўна, мае ўплыў на сьветапогляд грамадзян. Што адметна, многія з гэтых грамадзян Дзяржынскага раёну — людзі бедныя, ледзьве зводзяць, так бы мовіць, канцы з канцамі, але, паглядзеўшы такія тэлесправаздачы пра беларускі рай у параўнаньні з Расеяй і нават з эўрапейскімі краінамі, пачынаюць верыць, што гэтая беднасьць толькі ў іхнай вёсцы, а вось недзе на Гарадзеншчыне ці Гомельшчыне людзі жывуць добра”.

(Каліноўскі: ) “Міхал, ці ёсьць у Дзяржынскім раёне нейкая альтэрнатыва ўладнай агітацыі?”

(Стэльмак: ) “У вёсках няма ні плякатаў, ні ўлётак, якія б пра рэфэрэндум ці выбары прадстаўлялі пункт гледжаньня беларускай апазыцыі. Таму з гледзішча магчымасьцяў агітацыі ўлады, безумоўна, фактычна безальтэрнатыўна прадстаўляюць сваю ідэалягічную платформу ў дачыненьні да рэфэрэндуму і выбараў. Перспэктыва зьмяніць сытуацыю, на маю думку, невялікая. Нават нягледзячы на тое, што ў гэтым раёне балятуюцца ў Палату прадстаўнікоў два прадстаўнікі апазыцыі.

Тое ж можна сказаць і пра іншыя куткі Меншчыны. Рэч у тым, што агітацыйная кампанія апызыцыйных кандыдатаў, паводле маіх назіраньняў, будзе жорстка кантралявацца мясцовымі ўладамі й акруговымі камісіямі, ім абмяжоўваюць магчымасьці сустрэчаў з выбарцамі. Напрыклад, у Вялейскім і Мядзельскім раёне, дзе зарэгістраваныя актывіст АГП Уладзімер Малярчук і сябра Партыі БНФ Аляксей Сюдак, гэтых кандыдатаў абавязалі скласьці графік сустрэчаў і даць яго на зацьвярджэньне ўладным структурам. І толькі калі будзе іхны дазвол на сустрэчу ў той ці іншай вёсцы, можна сустракацца і прадстаўляць сваю палітычную пазыцыю наконт працэсаў у краіне альбо таго ж рэфэрэндуму”.

(Каліноўскі: ) “Кіраўніцтва большасьці апазыцыйных партыяў адносна выбараў і рэфэрэндуму мае адзіную думку: што трэба браць удзел у гэтых кампаніях. За выключэньнем хіба КХП БНФ, якая заклікае да байкоту. Якая сытуацыя ў рэгіёне, ці маюць там адзіную думку таксама, і ці дзейнічаюць там адпаведна гэтай думцы? Якая сытуацыя, напрыклад, у Магілёўскай вобласьці — пытаньне нашай карэспандэнтцы Марыі Ўсьціновіч з Магілёва”.

(Марыя Ўсьціновіч: ) “Зразумела, што размова ідзе не пра стаўленьне да рэфэрэндуму (дэмакраты Магілёўшчыны катэгарычна супраць прапановы Аляксандра Лукашэнкі наконт зьмены Канстытуцыі), сумненьні застаюцца наконт пытаньня, ці трэба ісьці й галасаваць, альбо байкатаваць. Пра сваю разгубленасьць у гэтым сэнсе мне распавялі дэмакраты са Шклова. Яны чакаюць больш дакладных рашэньняў сваіх кіраўнікоў у Менску. А то на старонках дэмакратычнай прэсы пішуць, што канстытуцыйны рэфэрэндум — гэта незаконна, і тут жа побач — меркаваньні спадароў Шушкевіча й Вячоркі пра тое, што байкоту быць не павінна.

У Клімавічах прыхільнікі КХП БНФ заклікаюць да байкоту рэфэрэндуму. Аднак сябры іншых палітычных партыяў схіляюцца да таго, што трэба ня толькі браць удзел у выбарах і выкарыстоўваць магчымасьці кандыдатаў для агітацыі супраць прапановаў Аляксандра Лукашэнкі, але й ісьці на выбарчыя ўчасткі 17 кастрычніка. Напрыклад, кандыдат ад АГП Сяргей Няроўны лічыць, што чым болей людзей прыйдуць галасаваць, тым менш магчымасьцяў будзе для фальсыфікацыяў”.

(Каліноўскі: ) “Як бачым, у дэмакратаў няма адзінства. А наколькі адзіная вэртыкаль Магілёўшчыны, як яна агітуе за Лукашэнку й праўладных кандыдатаў? І ці не выклікае гэта раздражненьня ў людзей, аб чым папярэджваў сам Лукашэнка?”

(Усьціновіч: ) “Тут праблемы адзінства няма. Апошнім часам на Магілёўшчыне вобласьці актывізаваная работа інфармацыйных групаў. Назва нарадаў дзяржаўных агітатараў “Рэфэрэндум — найважнейшая веха ва ўмацаваньні беларускай дэмакратыі”. У аблвыканкаме вырашана, што да рэфэрэндуму будзе праведзена тры, а калі спатрэбіцца — то і болей, адзіных інфармацыйных дзён. Гэта сходы ў працоўных калектывах, дзе звычайна прамаўляюць чыноўнікі абласнога маштабу альбо зь Менску. Ніхто зь іх адкрыта не заклікае галасаваць за зьмены ў Канстытуцыі, аднак гавораць яны пра стабільнасьць і лепшае ў жыцьці беларусаў.

Што датычыцца выбараў, то кандыдаты ад улады і апазыцыянэры выбралі розныя тактыкі агітацыі. Першыя актыўна праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах, прычым асаблівай папулярнасьцю карыстаюцца навучальныя ўстановы, школы й дзіцячыя садкі. Звычайна кандыдаты ад улады зьяўляюцца на бацькоўскіх сходах, дзе могуць і не распавядаць пра выбары, а толькі рэклямаваць сябе як спэцыяліста”.

(Каліноўскі: ) “Цяпер кандыдаты ў дэпутаты атрымалі магчымасьць выступаў па радыё й тэлебачаньні. Не абмінаюць яны і тэму рэфэрэндуму. Аднак у Гомелі выступ апазыцыйнага кандыдата з БСДГ Яўгена Фурсеева на абласным тэлебачаньні патрапіў пад нажніцы цэнзуры, ягоная ацэнка рэфэрэндуму была проста выкінутая з выступу. Ці гэта адзінкавы факт на Гомельшчыне, і што ўвогуле гучыць у выступах гомельскіх кандыдатаў па радыё й тэлебачаньні, наколькі яны ўплывовыя? Пытаньне нашаму гомельскаму карэспандэнту Казімеру Яноўскаму”.

(Казімер Яноўскі: ) “Сапраўды, гомельскія кандыдаты ў дэпутаты зусім ня вольныя выказваць свае думкі падчас выступаў на абласным дзяржаўным тэлебачаньні. Тут сапраўдная цэнзура. Усе згадкі пра рэфэрэндум, які праводзіцца адначасова з выбарамі, проста выразаюць, не пускаюць у эфір. Два дні таму кандыдат у дэпутаты па 33-й Юбілейнай акрузе, сябра партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада Яўген Фурсееў запісаў на тэлебачаньні свай зварот да выбарцаў. Як і патрабуецца, выступ не перавышаў адведзеных пяці хвілінаў. Але калі ўвечары трансьляваўся выступ, то спадар Фурсееў вельмі зьдзівіўся: не было ў эфіры ягонага меркаваньня пра рэфэрэндум.

Яўген Фурсееў паказаў мне, што менавіта было выразана: “Як вы ведаеце, паралельна з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў будзе праходзіць рэфэрэндум па ўнясеньні зьменаў у Канстытуцыю. Мая пазыцыя ў гэтым пытаньні абсалютна выразная: “не” трэцяму тэрміну. Недапушчальна мяняць закон пад патрэбы аднаго чалавека. Я перакананы ў тым, што дзесяць гадоў прэзыдэнцкага тэрміну дастаткова, пасьля чаго ўлада павінна пераходзіць да новага ўсенародна абранага прэзыдэнта”. Усё працытаванае й выразалі з тэлеэфіру. Яўген Фурсееў падаў заявы ў пракуратуру і Цэнтарвыбаркам.

Ну, а ўчора абласное тэлебачаньне цалкам не пусьціла ў эфір запісаны выступ кандыдата ў дэпутаты ў Савецкай выбарчай акрузе №36, прадпрымальніцы Тацяны Марчанкі. Большая частка яе выступу таксама была прысьвечана рэфэрэндуму й крытычнай ацэнцы сёньняшняга эканамічнага й міжнарожнага становішча Беларусі. Спадарыня Марчанка зрабіла выснову, што асоба ў Беларусі падаўляецца дзяржавай. Прымушаюць ісьці датэрмінова галасаваць, забараняюць займацца грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. Свой выступ кандыдат Марчанка завершыла так: “Каб у нас з вамі была будучыня, заклікаю вас сказаць: “Не” трэцяму тэрміну”. Выступ не пусьцілі ў эфір”.

(Каліноўскі: ) “Казімер, ці дзейнічаюць у вас, як, напрыклад, на Віцебшчыне, інфармацыйна-прапагандысцкія групы, ці не маглі б вы паведаміць, што яны кажуць у працоўных калектвах і як рэагуе на гэта аўдыторыя?”

(Яноўскі: ) “Уладная ідэалягічная вэртыкаль цяпер распавядае ва ўстановах і на прадпрыемствах пра нечуваныя посьпехі Беларусі літаральна ва ўсіх сфэрах, а заадно і пра неабходнасьць галасаваць за працяг прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі. Дзеля гэтага выкарыстоўваюцца і так званыя інфармацыйныя групы.

Жыхары мікрараёну Гомсельмаш адчулі ўжо і агітацыю па тэлефоне. Ад імя выбарчых камісіяў невядомыя людзі тэлефануюць дамому выбарцам нібыта спраўдзіць адрасы і заадно заклікаюць браць удзел у рэфэрэндуме. А ў Рэчыцы ўлады пакуль не дазваляюць дэмакракратычным кандыдатам арганізоўваць перадвыбарчыя пікеты. Пра гэта, у прыватнасьці, паведаміў кіраўнік мясцовай суполкі БНФ Валер Пуціцкі. Дарэчы, учора па скарзе Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў яго кандыдатам у дэпутаты”.
XS
SM
MD
LG