Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці супрацоўнічаў БНФ з фашыстамі.... ў 1941-1945?


Алег Супрунюк, Берасьце Берасьцейскі абласны суд задаволіў пратэст пракуратуры Маларыцкага раёну ў справе, якая тычыцца пазову Партыі БНФ да чыноўніка мясцовага райвыканкаму Сяргея Строка. Раней ён казаў, што гэтая партыя ў часе другой сусьветнай вайны была на баку фашыстаў. Цяпер з гэтай думкай фактычна пагадзіліся і ў пракуратуры, і ў берасьцейскім судзе.

Сёлета ў красавіку падчас сходу жыхароў вёскі Струга Маларыцкага раёну загадчык ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму Сяргей Строк абвінаваціў БНФ у тым, што ў часе другой сусьветнай вайны фронт быў на баку фашыстоўскай Нямеччыны.

Кіраўніцтва БНФ, створанага напрыканцы 1980-х гадоў, зьвярнулася ў суд Маларыцкага раёну з пазовам да чыноўніка мясцовай вэртыкалі, каб абараніць дзелавую рэпутацыю партыі. Судзьдзя Барычэўскі прызнаў слушнымі довады апазыцыянэраў і абавязаў спадара Строка абвергнуць свае словы праз раённую газэту.

Аднак замест абвяржэньня зьявіўся касацыйны пратэст маларыцкай пракуратуры ў абласны суд. У ім сьцьвярджалася, што маларыцкі чыноўнік спрабаваў удакладніць свае словы, але зрабіць гэтага яму не далі. Згаданы пратэст падтрымала прадстаўніца пракуратуры Берасьцейскай вобласьці й задаволіла калегія грамадзянскіх справаў абласнога суду.

Сам спадар Строк не жадае камэнтаваць выраку суду, пакуль той ня будзе атрыманы ў пісьмовай форме. Разам з тым, чыноўнік маларыцкай вэртыкалі спрабуе давесьці, што cловаў пра супрацоўніцтва БНФ з фашыстамі ён не казаў:

(Строк: ) “Менавіта гэтых словаў, якія там прыведзеныя, я не гаварыў. Я казаў крыху іншае, а гэтых словаў я не гаварыў. Вось і ўсё. Гэта мая пазыцыя”.

Прадстаўнік партыі БНФ Валянцін Стэфановіч лічыць рашэньне абласнога суду палітычна матываваным:

(Стэфановіч: ) “Атрымліваецца, што калі яны адмаўляюць у задавальненьні нашых патрабаваньняў, Партыя БНФ сапраўды ў гады вайны супрацоўнічала з фашыстамі? Гэта чарговы раз яскрава паказвае, наколькі ў нас залежныя суды, якія прымаюць рашэньні, абсалютна не кіруючыся нормамі закону, таму што тут немагчыма іншае рашэньне прыняць”.

Спадар Стэфановіч паведаміў таксама пра намер Партыі БНФ абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшых судовых інстанцыях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG