Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 24 верасьня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 24 верасьня.

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год:

“Масква, ЦК ВКП(б). Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч! Тэлеграма ад Вашага імя з’явілася для мяне вышэйшай узнагародай за ўсе 80 год майго жыцця, яна даражэй мне ўсякіх іншых узнагарод. Я шчасліў Вашай вялікай увагай. Ваш І.Мічурын. Мічурынск, 23.ІХ”.

“Вечерний Минск”, 1974 год:

“У чарадзейны сьвет музыкі кліча новая студыя гуказапісу, разьмешчаная побач з кінатэатрам “Піянэр”. Увайдзіце, запішыце на свой магнітафон ці гукавую пласьцінку любімыя мэлёдыі… У нашай студыі падрыхтаваны найлепшыя ўзоры клясычнай і сучаснай музыкі. Асноўнае месца ў фанатэцы студыі займае шырокі рэпэртуар папулярных артыстаў і ансамбляў савецкай і замежнай эстрады… Прымаюцца заяўкі на ўсе віды гуказапісу ад жыхароў Менску і прыежджых. Заказы іншагароднім адпраўляюцца накладным плацяжом. Калі мэлёдыі, што вас цікавяць, у фанатэцы адсутнічаюць, прымаюцца папярэднія заяўкі на запіс”.

“Белорусская деловая газета”, 1994 год. Раман Якаўлеўскі па роспытах сакратара Савету Бясьпекі Беларусі В.Шэймана зрабіў высновы:

“Мяркуючы па адказах Дзяржсакратара, Савет Бясьпекі (з членствам поўным і няпоўным) зьяўляецца галоўным органам прэзыдэнцкага праўленьня ў Беларусі. Па сваіх функцыях і правах яго можна параўнаць з палітбюро (кандыдаты і члены) некалі кіроўнай партыі ў былым СССР. Варта адзначыць, што ў сувэрэннай Беларусі да гэтага часу адсутнічаюць, да прыкладу, законы аб дзяржаўнай і ваеннай таямніцы, аб друку. Не зусім зразумелыя функцыі міжведамаснай камісіі па эканамічнай бясьпецы, якая ствараецца ў Рэспубліцы Беларусь. Кантроль за дзейнасьцю Рады Бясьпекі й яе структурамі адной асобай — Прэзыдэнтам — наўрад ці будзе надзейна гарантаваны хоць бы ў зьвязку з занятасьцю гэтай асобаю масай іншых дзяржаўных справаў”.
XS
SM
MD
LG