Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менскай вобласьці: Ці можа канстытуцыйны рэфэрэндум у Беларусі прывесьці да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва?


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На пытаньне тыдня Радыё Свабода адказваюць жыхары Дзяржынскага раёну, зь якімі сустрэўся наш карэспандэнт.

(Спадарыня Алена: ) “Пажыцьцёвага? Я думаю, што пажыцьцёвага ня будзе. Пажыцьцёвага нічога няма. Паўсюдна прыходзіць такі час, што трэба й мяняць. Але ў прынцыпе — хто яго ведае?”

(Спадарыня Ганна: ) “Чаму ж ня прывядзе? Прывядзе”.

(Спадарыня Ірына: ) “Усё магчыма”.

(Спадар Васіль: ) “Там стаіць пытаньне, каб дазволіць на наступны тэрмін. І ўсё. Ён ня ставіць пытаньне пажыцьцёвасьці. Ён ставіць пытаньне на наступны пэрыяд. Яшчэ на пяць гадоў”.

(Спадар Іван: ) “Кожны правіцель, які прыходзіць да ўлады, фармуе Канстытуцыю пад сябе. Гэта ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, і ва Ўкраіне”.

(Спадарыня Любоў: ) “Хто яго ведае. Як правільна зрабіць канстытуцыйную норму. Якая тычыцца пажыцьцёвасьці”.

(Спадар Уладзімер: ) “Ой, ня трэба мяне мучыць такім пытаньнем. Я пра гэта не хачу нават думаць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва ў Беларусі?”

(Спадар Анатоль: ) “Адмоўна. Катэгарычна адмоўна, хаця ён і мой зямляк са Шклоўскага раёну. Я там працаваў. Парушаць Канстытуцыю нікому не дазволена”.

(Спадар Віктар: ) “Мяне гэта турбуе. Бо гэта будзе жыцьцё маіх дзяцей. А мне хочацца, каб у іх было добрае жыцьцё”.

(Спадарыня Галіна: ) “Так нельга. Я нават думкі такой наконт пажыцьцёвасьці не дапускаю. Усё мусіць зьмяняцца. Гэта ня тая пасада, на якой можна быць пажыцьцёва”.

(Спадарыня Натальля: ) “Нам трэба так, каб лепш жылося, вышэй заробкі былі. Вось за гэта мы будзем галасаваць”.

(Спадарыня Кацярына: ) “Хай працуе. Да дзевяноста гадоў хай робіць”.

(Спадарыня Зінаіда: ) “Дай Бог, каб ён правіў намі. Ён не распрадаў, не расьцягнуў. Тут не страляюць, не падрываюць”.

(Спадарыня Ларыса: ) “Добра, што ў нас ня так, як у Расеі”.

(Спадарыня Вера: ) “Хай робіць да сваёй глыбокай старасьці, пакуль мы ня пойдзем на той сьвет”.

(Спадарыня Ларыса: ) “Калі цяпер паставіць новага, то трэба чакаць, пакуль ён накрадзе. А гэтаму, слава Богу, больш ужо яму ня трэба. У яго ўжо ўсё ёсьць”.

(Спадар Уладзімер: ) “Калі паслухаць прапаганду, то да яго войска было ў развале. Я дзіўлюся, што як ён не пахваліцца, што да яго Менск у руінах быў. А вяскоўцы, якія больш нічога не чытаюць і ня слухаюць, апроч як гэтай “скрыні”, яны ўспрымаюць гэта як праўду”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Заробкаў жа няма. У начальнікаў яны высокія, а ў рабочых малыя. Адны толькі абяцанкі”.

(Спадар Алег: ) “Пажыцьцёва яму ня трэба даваць правіць”.

(Спадарыня Тэрэза: ) “Трэба думаць на гэты конт. Бо ад гэтага залежыць наша жыцьцё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG