Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры праходзіць выстава польскай графікі й малюнку 20-га стагодзьдзя


Галіна Жарко, Менск У межах фэстывалю “Восень з польскай культурай 2004” у Нацыянальным музэі гісторыі й культуры адчынілася выстава “Графіка й польскі малюнак першай паловы 20-га стагодзьдзя”. Калекцыя падабраная з фондаў Нацыянальнага музэя ў Варшаве, дырэктарам якога зьяўляецца ўнук і цёзка знакамітага мастака Фэрдынанда Рушчыца – Фэрдынанд Богдан Рушчыц. У нацыянальным мастацкім музэі Беларусі, дарэчы, выстаўленыя ягоныя фотаработы.

Дзед цяперашняга дырэктара Варшаўскага нацыянальнага музэя Фэрдынанд Рушчыц нарадзіўся ў Ашмянскім павеце ў 1870 годзе. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў у Менску. Сёлета адна з вуліц сталіцы стала насіць ягонае імя.

Творчасьць Рушчыца зьвязаная з мастацкім жыцьцём Беларусі, Польшчы й Літвы. Ягоны ўнук праз 100 гадоў наведаў беларускія мясьціны, якія перанёс на палатно мастак, і сфатаграфаваў пэйзажы – касьцёл у Вішневе, раку Гальшанку... Фэрдынанд Богдан Рушчыц сказаў, што яго асабліва хвалявала тое, што ён глядзіць на той самы пэйзаж і з тае самае кропкі, як некалі й ягоны дзед.

Але работ у мастацкім музэі выстаўлена няшмат. На пытаньне “чаму?” спадара Рушчыц адказаў так:

(Рушчыц: ) “Прывезена было 40 работ, але супрацоўнікамі музэя выбрана 20. І я магу толькі шкадаваць, што іх ня выстаўлена болей”.

У музэі патлумачылі, што бракуе месца. Нацыянальны музэй Беларусі мае толькі адну работу Фэрдынанда Рушчыца, “Каля касьцёлу”. Апроч фотаздымкаў на выставе экспануецца 8 факсымільных работ мастака з фондаў Нацыянальнага музэя ў Варшаве. А ўчора дырэктар варшаўскага музэя адчыніў прывезеную ў Беларусь выставу графікі й польскага малюнку першай паловы 20-га стагодзьдзя.

Нацыянальны музэй у Варшаве існуе ўжо 142 гады й налічвае 800 тысяч экспанатаў. Штогод арганізуюцца выставы ў розных краінах. І спадар Рушчыц выказаў задавальненьне, што нарэшце дзякуючы Польскаму інстытуту ў Менску супрацоўніцтва наладжанае і зь Беларусьсю. Што да выбару пэрыяду, дык пачатак 20-га стагодзьдзя незвычайны. Вось як ацаніў падзею мастацтвазнаўца Уладзімер Рынкевіч:

(Рынкевіч: ) “Вельмі значная падзея для мастакоў, і асабліва для мастацтвазнаўцаў, бо гэта, бадай, першая магчымасьць пазнаёміцца так блізка з творчасьцю мастакоў 20-га стагодзьдзя. Гэты пэрыяд выпадае. Ён быў мітусьлівы, цяжкі. Дзіўна разглядаць зараз тыя накірункі, якія існавалі ў Польшчы й не існавалі ў нас. Гэты пэрыяд у нас практычна адсутнічае. Тое, што было сабрана ў музэі, было ўпакавана ў скрыні і падрыхтавана на эвакуацыю. Але ўсё зьнікла, калі пачалася вайна”.

Калі рыхтавалася грунтоўная выстава “Беларусь – трэцяму тысячагодзьдзю”, каб прадставіць пэрыяд пачатку 20-га стагодзьдзя, у беларускіх музэях і прыватных зборах знайшлі лічаныя працы.

Арыгінальныя творы мастакоў, на жаль, ня выстаўленыя. Мастацтвазнаўца Ганна Грахоля шкадавала на адкрыцьці, што ўсе 49 працаў – усяго толькі дакладныя й вельмі якасныя фотакопіі. Праблемы кансэрвацыі вырашыць не ўдалося. Таксама яна сказала, што калекцыю вельмі цяжка было падабраць, так шмат імёнаў у польскім мастацтве гэтага пэрыяду.

Прадстаўленыя на выставе мастакі займаліся ня толькі графікай і выяўленчымі мастацтвам, але й пісьменьніцкай і тэатральнай дзейнасьцю. Найбольш значная асоба – Станіслаў Высьпяньскі: мастак, графік, тэатральны дзеяч. Гэтая выстава будзе працаваць да 12 кастрычніка. А выстава фотаработ “Беларускія стыхіі Фэрдынанда Богдана Рушчыца” – да 9 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG