Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто фінансуе агітацыйную кампанію ў падтрымку трэцяга тэрміну Лукашэнкі?


Уладзімер Глод, Менск У дзяржаўных сродках масавай інфармацыі Беларусі ўзьнялася хваля агітацыі ў падтрымку зьменаў у Канстытуцыі краіны. На тэлебачаньні несупынна круцяць ролікі, героі якіх – камбайнэры, будаўнікі, артысты і г.д. – агітуюць галасаваць на чарговым рэфэрэндуме на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. Кожнаму зразумела, што вытворчасьць рэклямных ролікаў каштуе немалых грошай. Цікава, ці спрабаваў нехта ў Беларусі даведацца, хто ж фінансуе рэфэрэндумныя ролікі?

Партыя камуністаў Беларуская Сяргея Калякіна адрэагавала на гэта, можна сказаць, імгненна. Яна зрабіла афіцыйны запыт у Цэнтральную камісію па правядзеньні выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Чаму менавіта сюды? Таму, што ЦВК адказная за гэтыя пытаньні. А пра тое, што канкрэтна хацелі дазнацца прадстаўнікі партыі, распавядае сакратар Цэнтральнага камітэту ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Нас зацікавіла – адкуль жа сродкі на гэта бяруцца, хто іх разьмяркоўвае, хто даў сродкі на гэтую рэкляму? Мы накіравалі запыт у ЦВК, паколькі на гэта, згодна з Выбарчым кодэксам, павінны ісьці сродкі зь дзяржаўных выдаткаў, і ні адна асоба, ні адна арганізацыя ня маюць права за свае сродкі праводзіць агітацыю па рэфэрэндуме, а маюць права толькі пералічыць іх у дзяржаўны бюджэт. І толькі адтуль яны павінны выдзяляцца. І яшчэ мы пыталіся, як будзе разьмяркоўвацца час на дзяржаўным тэлебачаньні і радыё, а ў дзяржаўных газэтах – плошча для тых, хто агітуе за рэфэрэндум. і для тых, хто агітуе супраць”.

Адказ на гэты запыт ужо ёсьць, хаця тут трэба заўважыць, што рыхтавалі яго 10 дзён. Я невыпадкова зьвяртаю ўвагу на тэрміны: згодна з дзейным заканадаўствам на такія пытаньні адпаведныя органы мусяць рэагаваць на працягу трох дзён. Ліст з Цэнтральнай камісіі падпісала яе старшыня Лідзія Ярмошына, а пра зьмест ліста распавядзе Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Гэтыя рэчы не адрэгуляваныя Выбарчым кодэксам, і таму ЦВК ня можа ўзяць гэта на сябе, бо яна тады перавысіць свае паўнамоцтвы. А што тычыцца тэлевізійнай рэклямы, то ніякага дачыненьня да яе Цэнтральная камісія не мае. Атрымліваецца, што ЦВК, ведаючы пра тое, што будзе рэфэрэндум (і спадарыня Ярмошына, і спадар Лазавік гавораць, што гэта не было для іх нечаканасьцю), не зрабіла ніякіх спробаў высьветліць у тых, хто мае дачыненьне – у Палаты прадстаўнікоў, якая павінна была растлумачыць гэтыя пытаньні – і такім чынам падыйшлі да рэфэрэндуму так, што ніхто ні нясе адказнасьці за гэтую агітацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG