Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Эўрабачаньні-2004” засьпявае па-беларуску Ягор Ваўчок


Казімір Яноўскі, Гомель Сяміклясьнік Ягор Ваўчок з Мазыра стаўся фіналістам нацыянальнага конкурсу “Песьня для “Эўрабачаньня”. Праз два месяцы ён будзе выступаць за Беларусь на “Эўрабачаньні-2004” у нарвэскім горадзе Лілехамэры. Як пачувае сябе новая “беларуская зорка”?

Ягор і наогул сям’я Ваўчкоў у Мазыры сталася, без перабольшваньня, знакамітасьцю. Іх віншуюць, імі захапляюцца, тэлефануюць дадому, у 11-ю школу, дзе вучыцца Ягор.

Ваўчка й пяцёрку дзяўчынак з балету-студыі, якія на конкурсе падтанцоўвалі юнаму вакалісту, віншавалі ў гарвыканкаме. Ягор на конкурсе выконваў уласную беларускую песьню “Сьпявайце са мною”. Песьня гэтая як бы падарожнічае па сьвету. Спачатку ў Японію, потым у Турцыю, а пасьля зноў вяртаецца ў Беларусь. Як стваралася песьня, распавёў нашаму радыё сам юны кампазытар:

(Ягор: ) “Я вельмі сябрую са сваёй сяброўкай Уладай. Яна напісала да гэтай песьні словы, а я – музыку”.

Ягор распавёў мне, што напісаў сваю першую песьню нашмат раней. І прысьвечана яна была маці, Надзеі Мікалаеўне. Яна – харэограф, родам зь Вялікіх Аўцюкоў – сталіцы беларускага гумару, кіруе ў Мазыры танцавальным ансамблем “Крынічка”. І вось аднойчы, калі мама, была ў ад’езьдзе, Ягор так засумаваў, што напісаў пра гэты сум і чаканьне песьню.

Наогул, у сям’і Ваўчкоў любяць і шануюць песьню, а беларускую – асабліва. І любоў гэтая йдзе з глыбінных народных традыцыяў. Распавядае бацька Ягора – Міхаіл Ваўчок:

(Ваўчок: ) “Я вельмі люблю сьпяваць. Мая мама вельмі любіць. Я памятаю сваё дзяцінства, як былі на полі. Я сам – сельскі хлопец з Талачынскага раёну. Касьба была, жыта жалі, лён бралі – і ўсе жанчыны вельмі хораша сьпявалі. І мама мая вельмі сьпявала добра. Я, як і Ягор, бывае такі наплыў, я мантажнікам працую, што песьня сама прыкоціць… Усе гавораць: во, Ваўчок ужо запеў – значыць, добра на душы”.

Ягору цяпер толькі 12 гадоў, чатыры зь іх ён займаецца ў студыі “ЮМЭС” пры гарадзкім Доме культуры. Абрэвіятура “ЮМЭС” азначае: “Юныя майстры эстрады”. Заснавала гэтую студыю школьная настаўніца сьпеваў Сьвятлана Стацэнка. Праграма ў школе абмяжоўвала настаўніцу, і яна прыйшла ў Дом культуры, падрыхтавала тут і Ягора, і яшчэ паўтара дзесятка выдатных юных сьпевакоў. Выхаванцы Сьвятланы Стацэнкі ўдзельнічаюць у музычных конкурсах і фэстывалях: “Зямля пад белымі крыламі” у Мазыры, “Веснавы зорапад” у Польшчы, выяжджаюць таксама з канцэртамі ў Нямеччыну.

Ягор зараз узмоцнена вывучае ангельскую мову, некалькі песьняў выконвае на нямецкай мове. Займаецца таксама ў музычнай школе, засвойвае клярнэт, а наперадзе – яшчэ саксафон. Я пацікавіўся ў Ягора, кім ён хоча стаць у будучым, калі вырасьце:

(Ягор: ) “Як атрымаецца. Я магу стаць і добрым артыстам, і добрым дырэктарам”.

Хлапчук прызнаўся: калі ёсьць вольная гадзіна, ён любіць паганяць зь сябрукамі футбольны мяч, пакатацца на роліках. Ну а дома любіць усё, што прыгатуе мама. Мазыр свой Ягор лічыць сталіцай Палесься, а раку Прыпяць – найпрыгажэйшай у Беларусі.

А дзе Ягор будзе рыхтавацца да выступу на “Эўрабачаньні”? Пакуль конкурсную песьню Ягор Ваўчок будзе падшліфоўваць у сваёй студыі разам з выкладчыцай Сьвятланай Стацэнка, а пасьля ўжо ад’едзе ў Менск, каб там канчаткова падрыхтавацца да “Эўрабачаньня”. Застаецца толькі зычыць Ягору й ягонай беларускай песьні перамогі 20 лістапада ў Нарвэгіі.
XS
SM
MD
LG