Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 верасьня ў 1880 годзе ў Менску было створанае Музычна-літаратурнае таварыства


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 24 і 25 верасьня

24 верасьня ў 1880 годзе ў Менску ствараецца Музычна-літаратурнае таварыства, якое складалася зь літаратурнай, харавой, аркестравай і драматычнай сэкцыяў. Важным у гэтай падзеі было тое, што ініцыявалі зьяўленьне новага культурнага асяродку ня ўлады, а самі гараджане.

У 1641 годзе на Наваградчыне прыйшоў на сьвет беларускі пісьменьнік Станіслаў Незабітоўскі. Быў ён кальвіністам, служыў у Радзівілаў і жыў у Слуцку. Лісты і ўспаміны Незабітоўскага – важная крыніца з гісторыі грамадзкага і прыватнага жыцьця Беларусі 17 стагодзьдзя.

24 верасьня 1904 году ў вёсцы Цяцеркі на Браслаўшчыне нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч. Пасьля І сусьветнай вайны ён вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі, пасьля – ва Ўнівэрсытэце. У 1938-м атрымаў статус магістра філязофіі. Быў актыўным дзеячом беларускага нацыянальнага руху, першым рэдактарам віленскага часопіса „Шлях Моладзі”. Пасьля вайны быў арыштаваны і разам зь сям’ёй на 10 гадоў сасланы ў Сыбір. Вярнуўшыся адтуль, жыў у Польшчы, дзе і памёр 20 гадоў таму.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

25 верасьня 1921 году ў Празе пачалася Першая Ўсебеларуская Канфэрэнцыя. Нацыянальныя палітычныя сілы мусілі выпрацаваць тактыку і стратэгію ва ўмовах, калі дзяржаватворчую ініцыятыву ў Беларусі перахапілі бальшавікі. На Канфэрэнцыі прысутнічалі 37 дэлегатаў ад арганізацыяў і партыяў Заходняй Беларусі ды шмат якіх краінаў Эўропы. Імёны ўдзельнікаў гавораць самі за сябе: Душэўскі, Езавітаў, Захарка, Крэчаўскі, Ластоўскі, Тарашкевіч... Канфэрэнцыя пацьвердзіла, што адзіным заканадаўчым органам для Беларусі зьяўляецца Рада Беларускае Народнае Рэспублікі.

25 верасьня 1939 году ў Берасьці прайшоў сумесны ўрачысты вайсковы парад частак гітлераўскай і сталінскай арміяў. У часе параду адбыўся абмен савецкім і нацысцкім сцягамі на памяць пра “перамогу”. Мелася на ўвазе перамога над Польшчай, якая была падзеленая паміж Нямеччынай і СССР і як асобная краіна перастала існаваць.

Зь ліку славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 25 верасьня ў розныя гады, згадаем сёньня Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара шырока вядомага палянэзу “Разьвітаньне з радзімай“; кампазытара Зьмітра Шастаковіча, продкі якога паходзяць зь Беларусі, зь Вялейшчыны, і беларускага паэта Сяргея Грахоўскага. Выдатны паэт стаў яшчэ й найбольш пасьлядоўным выкрывальнікам сталінскіх злачынстваў у Беларусі, бо ўрэшце застаўся адзіным з рэпрэсаваных паэтаў, які дажыў да незалежнасьці краіны.
XS
SM
MD
LG