Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Магілёвам будуць назіраць з гарвыканкаму


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўскія ўлады абвясьцілі тэндэр на праектаваньне й будаўніцтва сыстэмы вулічнага назіраньня. У гарвыканкаме разьлічваюць ўжо да новага году ўсталяваць відэакамэры ў цэнтры горада.

Улады плянуюць перш за ўсё наладзіць відэаназіраньне на пешаходнай вуліцы Ленінскай, добра адрамантаванай і ўпрыгожанай, гонару кіраўніцтва Магілёва. У гэтую паказальную вуліцу ўкладзеныя вялікія сродкі, і цяпер улада мяркуе, як абараніць гарадзкую маёмасьць ад хуліганаў і вандалаў. Дырэктар цэнтру гарадзкіх інфармацыйных сыстэмаў Юры Капытаў лічыць, што законнасьць і бясьпеку грамадзянам можа забясьпечыць сыстэма відэаназіраньня:

(Капытаў: ) “Шкада працы і сродкаў, якія пайшлі на вуліцу Ленінскую, дзе пачынаюць разбураць скульптуры, выламваць зэдлікі, разьбіваць вітрыны гандлёвых аб’ектаў і банкаў. Асноўная ідэя – гэта захаванасьць маёмасьці і забесьпячэньне бясьпекі”.

Вуліца Ленінская – гэта толькі пачатак. Пад кантроль сыстэмы паступова будуць узятыя плошчы, вакзалы, рынкі, сквэры, стадыён, палац культуры, Лядовы палац, буйныя гандлёвыя цэнтры ды іншыя аб’екты. Відэаназіраньне будзе паступова пашырацца.

Пра сыстэмы вулічнага відэаназіраньня ёсьць супрацьлеглыя меркаваньні: наконт бясьпекі людзей і, зь іншага боку, іх свабодаў. Як мяркуюць магілёўцы, відэаназіраньне – гэта клопат уладаў пра законнасьць альбо жаданьне ведаць усё пра ўсіх і трымаць пад кантролем? Я запыталася пра стаўленьне да сыстэмы вулічнага відэаназіраньня ў мінікоў на магілёўскіх вуліцах.

(Спадарыня: ) “Паспакайней будзе, моладзь будзе меней дэбашырыць”.

(Спадар: ) “З пункту гледжаньня свабоды ў грамадзтве, то я не хацеў бы, каб за мной назіралі відэакамэры”.

(Спадар: ) “Гэта дапамагае пазьбегнуць усялякіх праблемаў ў сувязі з апошнімі падзеямі, зьвязанымі з тэрарызмам. У Магілёве гэта наўрад ці будзе, але я буду сябе адчуваць больш спакойна”.

Як вы чулі, ніхто ня супраць назіраньня, хаця ёсьць людзі, якія сумняваюцца. Ёсьць дзьве нагоды для такіх сумневаў. Па-першае, кантроль за тэрыторыяй у рэальным часе будуць весьці ня толькі міліцыянты, але й адказныя супрацоўнікі гарвыканкаму – паводле словаў чыноўнікаў, для дадатковага кантролю за нестандартнымі сытуацыямі. Будзе захоўвацца і архіў назіраньня. Хаця гарадзкія ўлады запэўніваюць, што відэаздымкамі будзе карыстацца толькі міліцыя ды, у некаторых выпадках, СМІ, а ўсё ж такі перасьцярогі накот абароненасьці прыватнага жыцьця ўзьнікаюць.

Па-другое, сыстэма каштуе немалых грошай. Паводле папярэдніх падлікаў, спатрэбіцца 200 мільёнаў рублёў. Але тэндэр аб’яўлены, ён прадоўжыцца да 1 кастрычніка, і сыстэма вулічнага відэаназіраньня ў Магілёве будзе ўсталяваная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG