Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятывы дэмакратычных кандыдатаў абмяжоўваюцца мясцовымі ўладамі


Міхал Стэльмак, Менск У Менскай вобласьці выбарчая кампанія ў Палату прадстаўнікоў праходзіць у 17 акругах, у якіх зарэгістраваны 71 кандыдат у дэпутаты. Якую частку зь іх складаюць прадстаўнікі дэмакратычных сіл? Чым адметны пачатак агітацыйнай кампаніі ў гэтым рэгіёне?

Агулам дэмакратаў на Меншчыне сярод зарэгістраваных кандыдатаў – два дзесяткі. Балятуюцца яны ў дзесяці акругах зь сямнаццаці. Сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) атрымалі найбольшую колькасьць кандыдацкіх пасьведчаньняў. У Барысаўскай акрузе №77 на атрыманьне дэпутацкага мандата прэтэндуюць прадстаўнікі ўсіх трох згаданых партыяў. Як праходзіць тут агітацыйная кампанія? Вось якім меркаваньнем на гэты конт падзяліўся са мной кандыдат у дэпутаты ад АГП Леў Марголін:

(Марголін: ) “Гарвыканкам вызначыў два месцы для правядзеньня сустрэч і прызначыў тры агульныя такія сустрэчы: дзьве ў гарадзкім палацы культуры і адну ў Доме культуры заводу “Аўтагідраўзмацняльнік”. Чатыры гады таму ў нас праводзілі такія сустрэчы амаль на кожным прадпрыемстве. І тады гэта мела нейкі сэнс, бо на прадпрыемстве лепш відаць: у які час, дзе, калі і як. Ды і людзям зручней – ня трэба некуды далёка ісьці. А цяпер яны, відаць, вырашылі, што ня трэба залішняй увагі прыцягваць да гэтай падзеі”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляд, ці дастаткова такой колькасьці сустрэчаў?”

(Марголін: ) “На мой погляд, не. Тым больш, што мы зьвярнуліся ў гарвыканкам, каб нам дазволілі самім у рамках Выбарчага кодэксу праводзіць такія сустрэчы ў дварах, ля пад’ездаў, ля прахадных прадпрыемстваў, але нам ня дазволілі”.

А як пачалася агітацыйнай кампанія ў рэгіёнах Меншчыны? Паводле маіх назіраньняў, у акругах з адным дэмакратычным прадстаўніком ініцыятывы дэмакратычных кандыдатаў таксама абмяжоўваюцца мясцовымі ўладамі. Рэч у тым, што перад уладамі як у Барысаве, так і ў іншым рэгіёне стаіць аднолькавая задача: яны мусяць правесьці ў Палату прадстаўнікоў толькі сваіх кандыдатаў. Таму раённая “вэртыкаль” у кожным канкрэтным выпадку шукае свае формы і мэтады супрацьдзеяньня агітацыйнай кампаніі апазыцыянэраў.

Вось, у прыватнасьці, што зазначыў на гэты конт сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктар Крываль з Узды, які балятуецца ў Стаўбцоўскай акрузе №92:

(Крываль: ) “Асноўны кандыдат, на якога ўлады ставяць, гэта Дубовік Мікалай Мікалаевіч, які два разы ўжо быў дэпутатам і ўжо ідзе трэці раз”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, Віктар, наколькі гэты кандыдат аўтарытэтны сярод выбарцаў акругі?”

(Крываль: ) “Сур’ёзныя пытаньні ён нават і ня ставіць. Бо калі б ён ставіў, то зь ім бы паступілі гэтак жа як і з Фраловым, Парфяновічам і Скрабцом. Ён бы ня быў бы зарэгістраваны. Ён бы ня быў у ліку тых 30 адсоткаў кандыдатаў, на якіх ставіць прэзыдэнт, каб яны засталіся. Папулізм у яго ёсьць і вялікі. Справа ў тым, што адміністрацыйны рэсурс будзе дзейнічаць. І трэба, каб і мы маглі сваімі людзьмі праехаць па акрузе. Зараз я вырабляю сваю ўлётку. Трэба друкаваць і ехаць зь людзьмі працаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG