Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нас не падпускалі да стала, дзе падлічваліся галасы бліжэй, чым на 8 мэтраў”


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Пэнсіянэр зь Віцебскай вобласьці:) “Добры дзень, Свабода! На вашае пытаньне тыдня адказваю. Пры падліках вынікаў сучаснай цэнтральнай выбарчай камісіі гэта рэальна. Але колькі членаў выбарчых камісіяў зь ліку партыяў і незалежна-грамадзкіх арганізацыяў – 0,2-0,7%. Пра якія справядлівыя выбары можа ісьці гаворка? Гэта ня выбары, а штосьці іншае.

Зараз калі на тэлебачаньні пачалі паказваць агітацыйныя ролікі на карысьць рэфэрэндуму, чаму б вам на Свабодзе не зрабіць гукавы фільм, як гэта было, у якім адлюстраваць, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, клятву гаранта Канстытуцыі, потым два рэфэрэндумы, вынікі якіх паламаныя дэкрэтамі і ўказамі. І гэты фільм агучыць на Свабодзе некалькі разоў, максымальна магчыма да 17 кастрычніка.

А зараз зноў рэфэрэндум, зноў ломка самай дэмакратычнай Канстытуцыі. А дзе гарантыя яе захоўваньня і выкананьня? Перад Канстытуцыяй усе роўныя, усе абавязаныя выконваць, а не бясконца яе мяняць, уцягваючы ў гэты працэс ломкі выбаршчыкаў, робячы нас такім чынам саўдзельнікамі парушэньня Канстытуцыі, асноўнага закону дзяржавы. Дзякуй за ўвагу.”

***

(Ангеліна:) “Добры дзень! Кааліцыя “5+” і ўся гэтая кішэнна-уладная апазыцыя дапамагае Лукашэнку заманіць людзей на выбарчыя ўчасткі. Яны ж самі сьцьвярджаюць, што ўсё будзе падроблена. Дык на што цягнуць, зазываць людзей на выбарчыя ўчасткі? На што падманваць?

Лукашэнку і яго кішэннай апазыцыі, што ўзначальваюць усе гэтыя вячоркі, лябедзькі, шушкевічы ды іншыя, трэба, каб міжнародныя назіральнікі падлічылі выбаршчыкаў і пацьвердзілі слова Лукашэнкі, што народ яго падтрымлівае, людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Толькі пустыя выбарчыя ўчасткі пакажуць нам самім і ўсяму сьвету, і міжнародным назіральнікам, што народ Беларусі не падтрымлівае ўладу, народ Беларусі хоча жыць па законах Канстытуцыі Беларусі, а не ў беззаконьні. Байкот – вось выбар беларусаў! Усяго добрага”.

***

(Спадарыня: ) “Добры дзень Радыё Свабода! Прывітаньне ўсім слухачам! Я – за байкот! Толькі байкот нас абароніць ад панаваньня злачыннага рэжыму, ад бяспраўя, галечы і страты нашага агульнага дому – Беларусі. Не ісьці на галасаваньне і рэфэрэндум азначае ігнараваць памкненьне ўлады. У выпадку зьдзяйсьненьня байкоту дыктатар і яго каманда атрымаюць паразу, а мы першую за апошнія 10 год перамогу. А тыя, хто лічаць, што трэба галасаваць і назіральнікі змогуць часткова прадухіліць фальсыфікацыю памыляюцца.

Я была пад час выбараў Лукашэнкі на другі тэрмін, 2001 год, назіральніцай. З усёй адказнасьцю заяўляю, што нас не падпускалі да стала, дзе падлічваліся галасы бліжэй, чым на 8 мэтраў. Дужы член камісіі, дзядзька высокі, нас адпрэчваў, і як яны тусавалі бюлетэні для нас было невядома.

Самыя разумныя беларусы ня пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Менш разумныя пойдуць і будуць галасаваць “супраць”, а іх галасы будуць выкарыстаныя фальсыфікатарамі ў сваіх інтарэсах, бо ім будзе дадзены загад, а можа ўжо дадзены, любым коштам дамагчыся перамогі. Ну а самыя слабыя розумам, на жаль, будуць галасаваць за бестэрміновае панаваньне дыктатара і цемрашала. Дзякуй.”

***

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! На пытаньне тыдня адказ адзін. Рэфэрэндум таварыш Лукашэнка выйграе за лік здраднікаў Беларусі. Лік будзе 75-80% – гарантыя 100%. Вядома, гэта трагедыя для беларускага народу, але гэта не канец сьвету. Фініш таварыша Лукашэнкі будзе, як Чаўшэску і ягоных прыбліжаных. Пасьля гэтага Беларусь лёгка ўздыхне, і пойдзе рэзка падвышацца жыцьцё і ўзровень насельніцтва. Увесь сьвет, то бок Эўропа і Амэрыка, пачнуць аказваць усебаковую дапамогу, пераходзячы на рыначную эканоміку. Бяз рыначнай эканомікі палепшыць жыцьцё і ўзровень насельніцтва немагчыма.

Бальшавікам адказ таксама адзін. Вы ўсё сваё жыцьцё толькі пужалі праклятымі капіталістамі ды ўсялякім шалёным збродам, які зьяўляўся ў вашых галовах. Але нам да іхняга ўзроўню далёка. Чым раней беларускі народ пазбавіцца дыктатара – гэта будзе вялікая радасьць для народу, і жыцьцёвы ўзровень будзе з кожным годам паляпшацца. Дзякуй за ўвагу.”

***

(Спадарыня:) “Добрай раніцы! Сёньня з задавальненьнем праслухала інфармацыю пра турыстычны маршрут. Гэта вельмі цікава! І ўвогуле я проста ў захапленьні ад таго, як вы расьцёце інтэлектуальна! Я ня ведаю за кошт чаго гэта ў вас, мусіць, павялічыўся штат супрацоўнікаў на радыё. Выдатна!

Дык вось, самае галоўнае. Калі ласка, расказвайце, рабіце інфармацыйныя матэрыялы пра тое, што ў нас у Беларусі яшчэ захавалася сапраўднага, нашага, беларускага.

У вёску паехалі турысты-амэрыканцы, зьдзівіліся нашым хаткам, як вы расказваеце, і нашаму быту беларускаму, што ў іх гэты было на пачатку стагодзьдзя. Але яны не захавалі, яны перайшлі на іншае вымярэньне. Але ж, вы ведаеце, мы, беларусы, не ў захапленьні ад усёй гэтай іхняй навізны, пачынаючы зь іхняй музыкі і ўсяго іншага. Хай яны ў нас павучацца нашай культуры беларускай! Мы ж самы міралюбны народ! І нават, калі ў нас хатка бедненькая, якая была ў іх, можа быць, на пачатку стагодзьдзя, але ж нашая хатка вельмі багата душэўна. Таму расказвайце аб тым, як езьдзяць і назіраюць за нашым бытам, за нашай сапраўднай культурай, культурай духу, культурай добрага сэрца Беларусі.”

***

(Жукоўскі, пэнсіянэр зь Менску: ) “Добрай раніцы, паважаная Свабода! Наконт пытаньня тыдня, ці можа Лукашэнка быць пажыцьцёвым прэзыдэнтам, адказваю. Можа, але толькі тады, калі мы ня знойдзем адказы на пытаньні: Чаму ў нас такі жорсткі перасьлед іншадумцаў? Чаму да гэтага часу невядомы лёс некалькіх палітыкаў? Чаму закрываецца незалежная прэса і ўрадавыя арганізацыі? Чаму многія людзі добра ведаюць шэраг замежных палітыкаў, а ў сябе толькі аднаго? Чаму ва ўсім цывілізаваным сьвеце тэрмін прэзыдэнцтва абмежаваны? Зь якой мэтай уведзенае датэрміновае галасаваньне? І, увогуле, ці маральна з боку прэзыдэнта выносіць на рэфэрэндум такое пытаньне? Шэраг пытаньня можна доўжыць. Мне здаецца, і гэтага дастаткова, каб абавязкова пайсьці на выбары 17 кастрычніка і сказаць рашучае “не” трэцяму тэрміну. Дзякуй за ўвагу.”

***

(Спадарыня:) “Вітаю вас! Прабачце, але ў мяне прапанова. Вось мы чытаем штодзённа розныя сацыялягічныя дасьледаваньні, як незалежных сацыёлягаў так і залежных. Адныя сьцьвярджаюць, што за ідэю рэфэрэндуму і за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі выступаюць парадкам 30 адсоткаў насельніцтва, а 50 супраць, а іншыя кажуць, што 60-90 адсоткаў падтрымліваюць ідэю рэфэрэндуму і тэрміну працягненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў.

Вось у сувязі з гэтым у мяне ёсьць прапанова правесьці акцыю “Давайце палічымся!” То бок, 16 кастрычніка ў 9 гадзін вечара ўсе, хто лічыць, што на рэфэрэндуме трэба сказаць “не”, у сваёй кватэры кожны ў сваім вакне паміргае на працягу хвіліну сьветам, сваёй электрычнасьцю. То бок мы ўбачым, што мы не адзінокія, што ў нас ёсьць падтрымка, як думаюць нашыя суседзі. Я думаю, што калі гэтая ідэя будзе прынятая, то цалкам верагодна, што і кандыдаты, і іх ініцыятыўныя групы, і, скажам, партыйныя структуры могуць далучыцца да давядзеньня гэтай акцыі да нашага насельніцтва. Я думаю, што гэта было б вельмі дзейсна і вельмі наглядна. Да пабачэньня.”

***

(Таіса Кабаньчук, Бабруйск: ) “Я б хацела ўдакладніць у Марыны Ўсьціновіч, чаму ў яе рэпартажы сёньня зранку не было зьвестак аб тым, што па Бабруйскай Ленінскай акрузе 63 зарэгістравалі Кавалькова Міхаіла ад партыі БСДГ? Усяго добрага.”

***

(Спадар: ) “Наконт трэцяга тэрміну хацеў сказаць наступнае. Так можна крочыць вельмі далёка, да сканчэньня сусьвету. Калі ня будзе сілы працаваць, то можна зрабіць свой клён, а таксама склянаваць паслухмяны парлямэнт.

Але мяне турбуе вось яшчэ што. Я не пры водным кіраўніку ня бачыў такога ўжываньня моладзьдзю наркотыкаў, як пры сучаснай уладзе. І лепш з усіх у гэтым продажу наркотыкаў спраўляюцца цыганы. Яны і жывуць лепш за беларусаў. Маюць прэстыжныя аўто, хатніх работнікаў, хоць самі нідзе не працуюць.

І вось, шаноўныя грамадзяне, калі вашыя дзеці і ўнукі пачнуць ужываць наркотыкі, тады вам ня хопіць вашай пэнсіі, таго сярэдняга заробку, які не атрымоўвае просты народ. Да пабачэньня.”

***

(Мікалай, Асіповічы: ) “Я тэлефаную наконт непрыстойнасьці вашага радыё ў тым пляне, што вы ні чым не адрозьніваецеся ад тэлебачаньня БТ, толькі там усе за Лукашэнку, а ў вас усе супраць. І званкі слухачоў ад апазыцыі круціце па 2-3 разы ў гадзіну тыя самыя. А я тэлефанаваў, дык сябе ні разу не пачуў.

Вось у вас выступаў Шушкевіч і дэпутат нейкага Маскоўскага гарсавету, што ў нас усё дрэнна. А чаму ваш карэспандэнт не запытаў, адкуль возьмуцца працоўныя месцы, за кошт чаго мы будзем жыць лепей. А то льёце ім бальзам на душу выступленьнямі апазыцыйных слухачоў. А вы б маё выступленьне пракруцілі, што б яны адказалі?

І яшчэ, слухаеш апазыцыйных слухачоў – дык усіх у Тайгу, у турму… Вось думаеш, што будзе, калі яны будуць пры ўладзе, гэтыя новыя бальшавікі ад апазыцыі? А то Лукашэнка разганяе дэманстрацыі, як Гітлер. А вы бачылі па тэлебачаньні, як разганяюць у Эўропе, у Амэрыцы? Там кроў ракой льецца! Гэта дэмакратычна?

І апошняе, наконт выбараў. Апазыцыя ведае, што прайграе, і ім нічога не застаецца, як казаць, што будуць падтасоўкі. Усяго добрага. Na shledanou.”

***

(Жыхар Менску: ) “Выказваю меркаваньне. Як ніколі сёньня трэба Свабода – а яна маўчыць цэлую раніцу! Ну што гэта такое!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG