Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 верасьня 1771 году войска Вялікага княства прайграла бітву А. Сувораву


RFE/RL Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 23 верасьня.

Дзень 23 верасьня 1771 году пазначаны ў гістарычным календары паразаю ў бітве пад СталавІчамі. Паразу тую атрымала трохтысячнае войска Вялікага Княства на чале зь вялікім гетманам Міхалам Казімірам Агінскім, а пераможцам выйшаў расейскі вайскаводзец Аляксандар Сувораў. Бітва пад Сталавічамі – адна з ілюстрацыяў “дабраахвотнага далучэньня Беларусі да Расеі”, пра якое пісалі падручнікі гісторыі ў савецкі час.

23 верасьня 1943 году фашысты зьнішчылі Віленскае гета. Усяго за тры гады акупацыі ў Літве было забіта 200 тысяч габрэеў. З гэтае нагоды ў краіне штогод адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду.

23 верасьня 1872 году ў вёсцы Казельле на Краснапольшчыне нарадзіўся Міхал Курака, беларускі мэталюрг-самавук. У 1906 годзе за грамадзкую актыўнасьць Кураку саслалі ў глыбіню Расеі. Вось там на мэталюргічных прадпрыемствах і раскрыліся ягоныя таленты. Ён ня толькі рацыяналізаваў працэс вытворчасьці мэталю, але й стварыў сваю ўласную школу доменшчыкаў.

23 верасьня ў розныя гады прыйшлі на сьвет знакамітыя літаратары – чэскі паэт і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Яраслаў Сэйфэрт, беларускі драматург Аркадзь Маўзон і беларускі паэт Артур Вольскі.

І цяпер – некалькі вядомых дзеячаў, якія 23 верасьня пакінулі гэты сьвет.

У 1935 годзе памірае ў савецкай турме беларускі палітык Леанард Заяц. Родам ён быў з Даўгінава на Вялейшчыне. Скончыўшы адукацыю, уступіў у партыю беларускіх эсэраў, у 1918-м быў уведзены ва ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі як загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар. Пасьля, у 20-я гады, працаваў у БССР у народным камісарыяце фінансаў. Аднак бальшавікі не даравалі яму незалежніцкае дзейнасьці. Ужо ў 1930 годзе яго арыштавалі і далі 5 гадоў ссылкі ва Ўфу, а калі гэты тэрмін скончыўся, арыштавалі зноў. Болей Леанард Заяц з турмы ўжо ня выйшаў.

У 1941 годзе на фронце загінуў Ціхан Бумажкоў, якому ў пасёлку Акцябарскі, былой Рудабелцы на Палесьсі стаіць помнік. Ціхан Бумажкоў нарадзіўся ажно ў Прыморскім краі ў Расеі. А ў 1939 годзе быў прысланы ў Рудабелку кіраваць мясцовым райкамам партыі. Калі пачалася вайна, стварыў тут партызанскі атрад і ў вёсцы Воземля разграміў штаб нямецкай дывізіі. Бумажкоў стаў першым партызанам, які атрымаў найвышэйшую савецкую ўзнагароду – зорку героя. Але неўзабаве яго адклікалі зь беларускіх лясоў на фронт, дзе ён і загінуў.
XS
SM
MD
LG