Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валерыя Шчукіна затрымалі за распаўсюд улётак супраць датэрміновага галасаваньня


Браніслава Станкевіч, Віцебск Вядомы апазыцыянэр ды праваабаронца распаўсюджваў улёткі ў віцебскім мікрараёне Поўдзень-3. Паводле словаў спадара Шчукіна, ён надрукаваў іх за ўласныя грошы накладам 290 паасобнікаў.

Але міліцыянты завезьлі яго ў Першамайскі РАУС, дзе палічылі неабходным скласьці пратакол пра парушэньне грамадзкага парадку, абвінаваціўшы апазыцыянэра ў незаконным распаўсюдзе незарэгістраванага друку.

Разьбіральніцтва гэтага інцыдэнту будзе праводзіць раённая адміністрацыйная камісія, дату пасяджэньня якой міліцыянты спадару Шчукіну пакуль не назвалі. Але далучылі да пратаколу ў якасьці “рэчавых доказаў” адабраныя 137 улётак.

На думку Валерыя Шчукіна, менавіта іхны зьмест прыцягнуў увагу міліцыянтаў, якія вырашылі любым шляхам перапыніць пашырэньне пададзеных там зьвестак: ва ўлётках гаварылася пра магчымыя фальсыфікацыі ў часе папярэдняга галасаваньня, а таксама пра тое, якіх кандыдатаў па ўсіх чатырох віцебскіх акругах актыўна прасоўваюць улады.
XS
SM
MD
LG