Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А. Лукашэнка: “Адсутнасьць расейскай мовы ў Беларусі – гэта гібель для дзяржавы”


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць Аляксандар Лукашэнка наведаў Берасьце, каб выступіць перад студэнтамі. Прыехаць у гэты горад, каб прачытаць лекцыю студэнтам мясцовага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Лукашэнка абяцаў яшчэ летась, але ягоны выступ некалькі разоў быў адкладзены. Абяцаная сустрэча адбылася толькі зараз і ў іншай навучальнай установе гораду – тэхнічным унівэрсытэце. Выбар патлумачылі тым, што тут ёсьць аўдыторыя, якая здольная прыняць больш за паўтысячы чалавек.

На сустрэчу з Лукашэнкам адабралі студэнтаў ня толькі зь Берасьця, але і з Баранавічаў, дзе сёлета таксама адчынены ўнівэрсытэт.

У часе свайго выступу Аляксандар Лукашэнка адразу пачаў тлумачыць, навошта ён вырашыў абвесьціць рэфэрэндум. Паводле ягоных словаў, гэтая самая аб’ектыўная ацэнка дзеяньняў ўлады. Лукашэнка сьцвярджаў, што ацэньваць ягоную працу на пасадзе прэзыдэнта мусяць не апазыцыйныя палітыкі, а увесь народ.

Лукашэнка таксама заявіў, што адхіліў прапановы, якія тычылася ягонага часовага зыходу з прэзыдэнцкай пасады і новага ўдзелу ў выбарах празь пяць гадоў. Прывёўшы прыклад Грузіі й Азэрбайджану Лукашэнка ня выключыў, што ў такім выпадку справа можа дайсьці да вайсковых дзеяньняў.

У сваім выступе Аляксандар Лукашэнка таксама нагадаў, што на рэфэрэндуме ў 1995 годзе быў вырашаны статус расейскай мовы ў Беларусі й заявіў, што не дапусьціць, каб гэты статус быў перагледжаны.

(Лукашэнка: ) “Расейская мова, пакуль я прэзыдэнт, у Беларусі будзе. Адсутнасьць расейскай мовы ў Беларусі – гэта гібель для дзяржавы”.

Згадаў Аляксандар Лукашэнка і лёс студэнтаў зачыненага ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Паводле ягоных словаў, гэтая навучальная ўстанова апошнім часам рыхтавала людзей, якія б “прывялі Беларусь на Захад” і гэтага ён не жадае дапусьціць.

Наконт збліжэньня з Захадам Лукашэнка заявіў, што ўваходжаньне Беларусі ў Эўразьвяз азначала б адмову ад усходнеэўрапейскай цывілізацыі і разбурэньне рэальнага сэктара эканомікі разам з прамысловымі гігантамі, якія арыентаваныя на расейскі рынак.

Паводле Лукашэнкі, структура эканомікі Беларусі падобная да структуры эканомікі Нямеччыны і Францыі, і калі б Беларусь пайшла на Захад, то давялося б закрываць аналягічныя эўрапейскім беларускія заводы, сказаў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што ён імкнецца заключыць на выгадных для Беларусі ўмовах саюз з Расеяй. “Я нікому не здаў Беларусь, ні Ўсходу, ні Захаду”,– заявіў Лукашэнка берасьцейскім студэнтам.
XS
SM
MD
LG