Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК аднавіла ў статусе кандыдата ў дэпутаты некалькіх дэмакратычных прадстаўнікоў Гомельшчыны


Уладзімер Глод, Менск Сярод тых, каму 23 верасьня Цэнтарвыбаркам уключыў зялёнае сьвятло, дэпутаты Вярхоўнага савету 13 скліканьня Марат Афанасьеў і Віктар Хоміч, якія восеньню 1996 году падпісалі імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, народныя дэпутаты СССР Юры Варонежцаў і Мікалай Петрушэнка, кіраўнік Рэчыцкай філіі Партыі БНФ Валер Пуціцкі, актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка ды іншыя.

Цэнтральная выбарчая камісія задаволіла кожную другую скаргу. І гэта, на думку прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў, якія ўдзельнічаюць у рабоце ЦВК з дарадчым голасам, толькі пацьвярджае высновы экспэртаў, якія па выніках рэгістрацыі адзначалі: найбольш дэмакратычных кандыдатаў адхілілі акруговыя камісіі Гомельскай вобласьці. Іхныя памылкі, хібы й некампэтэнтнасьць настолькі відавочныя, што, як кажуць сьведкі абмеркаваньня, не адмяніць рашэньняў было немагчыма.

Напрыклад, спадару Варонежцаву адмовілі ў рэгістрацыі, бо акруговая камісія палічыла: ён выдаткоўвае занадта шмат грошай, параўнальна з заробкам, на аплату свайго мабільнага тэлефона. Але Выбарчы кодэкс гаворыць, што справа камісіяў цікавіцца выключна прыбыткамі, а не выдаткамі прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты.

Разам з тым ЦВК пакінула ў сіле адхіленьне ад выбараў старшыні абласной філіі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Юрыя Захаранкі, дэпутата Вярхоўнага савету 13 скліканьня Валерыя Новака, актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Карняенкі, Леаніда Судаленкі ды некаторых іншых.

Падчас сёньняшняга паседжаньня ЦВК у справе разгляду скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў Гомельскай вобласьці выявілася, што многія акруговыя камісіі не даюць патэнцыйным кандыдатам у дэпутаты, якім яны адмовілі ў рэгістрацыі, неабходных дакумэнтаў, на падставе якіх тыя маглі кваліфікавана абскардзіць вэрдыкт. Сябры ЦВК з дарадчым голасам называюць гэтыя дзеяньні ўладаў незаконнымі.

Віктар Карняенка лічыць сябе рэкардсмэнам сярод патэнцыйных кандыдатаў па колькасьці сабраных у сваю падтрымку подпісаў выбаршчыкаў — іх ажно 12 тысяч. Аднак выбарчая камісія Гомельскай-Прамысловай акругі пры праверцы вырашыла, што колькасьць забракаваных подпісаў перавышае дазволеныя законам 15%. Гаворыць спадар Карняенка:

(Карняенка: ) “Галоўная мая віна ў тым, што я сабраў шмат подпісаў. Таму яны добра ведалі, што гэта вялікая народная падтрымка, якая ўжо адбылася фактычна, і фальсыфікаваць яе ніяк нельга. Таму трэба было адмовіць у рэгістрацыі”.

Кваліфікавана адстойваць свае правы ў ЦВК Віктар Карняенка ня мог, бо акруговая камісія не паведаміла яму, чые канкрэтна подпісы яна забракавала. Таму прэтэндэнт ня ведае, якія канкрэтныя памылкі й кім зроблены, і ці напраўду яны існуюць. Пазнаёміцца зь неабходнымі дакумэнтамі спадар Карняенка здолеў ужо пасьля завяршэньня сёньняшняга паседжаньня, і цяпер адзінае, на што ён можа разьлічваць — гэта зварот у Вярхоўны суд.

Сябар Цэнтарвыбаркаму з правам дарадчага голасу Міхаіл Пліска лічыць, што трэба абавязкова зьмяніць працэдуру праверкі подпісаў:

(Пліска: ) “Гэты працэс праходзіць негалосна, кандыдат у дэпутаты і сябры ягонай ініцыятыўнай групы адхіленыя ад удзелу. Мы тут праслухалі шмат акруговых камісіяў, і ў мяне склалася ўражаньне: калі камісія захоча паставіць такую мэту, то яна мэтанакіравана заўжды можа “зарубіць” пэўнага кандыдата ў дэпутаты. Заўжды”.
XS
SM
MD
LG