Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаілу Марынічу выставілі новыя абвінавачаньні — крадзеж сакрэтных дакумэнтаў і маёмасьці няўрадавай арганізацыі


RFE/RL Адразу два новыя абвіначаньні прад’явілі сьледчыя КГБ Міхаілу Марынічу. Цяпер былому міністру і амбасадару пагражае турэмнае зьняволеньне ад 8 да 15 гадоў.

23 верасьня ў сьледчым ізалятары КГБ “амэрыканка” Міхаілу Марынічу былі прад’яўленыя яшчэ два абвінавачаньні: крадзеж сакрэтных дакумэнтаў і крадзеж маёмасьці праз службовыя злоўжываньні. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла адвакатка Вера Страмкоўская. Яе зьвесткі ў КГБ пацьвердзілі.

Дагэтуль Міхаіл Марыніч абвіначаваўся ў незаконных дзеяньнях са зброяй. Падставай для першага абвінавачаньня быў пісталет, нібыта знойдзены ў яго на лецішчы. Новыя абвінавачаньні сьледчыя КГБ даводзяць праз ксэракопію сакрэтнага дакумэнта і маёмасьць няўрадавай арганізацыі “Цэнтар дзелавой ініцыятывы”, якія былі сканфіскаваныя падчас ператрусаў у доме Міхаіла Марыніча і гаражы ягонага сына.

Паводле адвакаткі Веры Страмкоўскай, Міхаіл Марыніч вінаватым сябе не прызнае:

(Страмкоўская: ) “Ён не прызнае сябе вінаватым і пратэстуе. Нават на тым пратаколе, які яму прад’явілі, ён напісаў пра пратэст і запатрабаваў, каб ягоныя правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, былі забясьпечаныя”.

Міхаіл Марыніч утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КГБ з 24 красавіка. Паводле абвінавачаньня ў незаконных дзеяньнях са зброяй яму пагражала да 6 гадоў турмы. Новыя абвінавачаньні, якія былі прад’яўленыя Міхаілу Марынічу 23 верасьня, прадугледжваюць больш сур’ёзную адказнасьць — ад 8 да 15 гадоў турмы.

***

Маёмасьць арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” , у крадзяжы якой абвінавачваецца Міхаіл Марыніч, гэта некалькі кампутараў і аргтэхніка, якія былі знойдзеныя падчас ператрусу у гаражы сына Міхаіла Марыніча Ігара. Паводле Ігара Марыніча гэта рэчы арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” і з ведама рады арганізацыі яны толькі ўтрымліваліся ў ягоным гаражы.

(Ігар Марыніч: ) “Крадзеж падразумявае нейкую таямніцу дзеяньня, а тут пра гэта ведалі сябры рады. Ну і які гэта крадзеж? Сябры рады ведалі, дзе знаходзяцца рэчы, чаму яны там знаходзяцца. Таму я лічу, гэта цалкам надуманая падстава. Гэта дае ім магчымасьць трымаць яго да 18 месяцаў, калі не памыляюся. Значыць настолькі яго баяцца. Перад выбарамі й перад рэфэрэндумам ня хочуць выпускаць сур''ёзнага гульца на поле”.

Гэта быў Ігар Марыніч, бацька якога Міхаіл Марыніч сёньня быў абвінавачваны ў тым ліку ў крадзяжы маёмасьці “Дзелавой ініцыятывы”.

А вось як на пытаньне, чаму ў прыватным гаражы апынуліся кампутары “Дзелавой ініцыятывы”, адказаў цяперашні выконваючы абавязкі старшыні рады арганізацыі Аляксандр Бужак.

(Бужак: ) “А дзе яны яшчэ маглі аказацца!? Арэндоўваць складзкія памяшканьні!? Проста на захаваньне былі туды перададзеныя. Калі вырашалася пытаньне датычна офісу – пераяжджалі з аднаго на другі – мянялася арэнда. Вось таму яны там і апынуліся.”
XS
SM
MD
LG