Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады паабяцалі амэрыканцам, што сядзіба Тадэвуша Касьцюшкі адчыніцца сёлета, але “не хапіла экспанатаў”


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць У мясьцінах, якія зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю Тадэвуша Касьцюшкі на Берасьцейшчыне, адбыліся ўрачыстасьці з нагоды адкрыцьця мэмарыльянай капліцы і аднаўленьня сядзібы, дзе нарадзіўся славуты змагар за свабоду.

Капліца ў вёсцы Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёну пабудаваная ў гонар удзельнікаў паўстаньня 1794 году, якім кіраваў Тадэвуш Касьцюшка. Паблізу гэтых мясьцінаў адбылася адна з найбуйнейшых бітваў паўстанцаў з расейскімі войскамі Аляксандра Суворава, у якой з абодвух бакоў бралі ўдзел прыблізна 20 тысячаў чалавек. Імём Суворава, які душыў паўстаньне, у Беларусі названыя вуліцы, музэі ды іншыя ўстановы, а памяць пра паўстанцаў Касьцюшкі ўшанаваная толькі цяпер.

Таксама сёньня адбылося адкрыцьцё адноўленай сядзібы ў былым фальварку Мерачоўшчына каля Косава, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. У свой час амбасада ЗША ў Беларусі выдаткавала дзеля аднаўленьня гэтага будынку больш за 28 тысяч даляраў, а прадстаўнікі берасьцейскіх уладаў паабяцалі амэрыканскім дыпляматам, што сядзіба прыме першых наведнікаў сёлета 1 ліпеня. Аднак першапачатковыя пляны былі сарваныя, і цяпер старшыня Косаўскага гарвыканкаму Тамара Сінько ўвогуле лічыць, што сьпяшацца было ня варта.

(Сінько: ) “Калісьці аблвыканкам прымаў рашэньне: канец 2005 — пачатак 2006 году. Да гэтага часу ўсё будзе гатова, а пакуль не хапае экспанатаў, якія разьмешчаныя толькі ў адным пакоі: штосьці палякі падаравалі, штосьці было знойдзена пры раскопках”.

Ва ўрачыстасьцях на радзіме Тадэвуша Касьцюшкі бралі ўдзел прадстаўнікі дыпляматычных місіяў ЗША, Францыі, Польшчы, Літвы, акрэдытаваныя ў Менску.
XS
SM
MD
LG