Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўным унутраным дакумэнтам беларусаў неўзабаве можа стаць ідэнтыфікацыйная картка


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва Дэпартамэнту грамадзянства й міграцыі МУС абвесьціла пра кардынальныя зьмены ў структуры асабістых дакумэнтаў грамадзянаў Беларусі. Галоўным дакумэнтам беларусаў можа стаць ідэнтыфікацыйная картка, а пашпарты будуць патрэбныя толькі для выездаў за мяжу. Наколькі рэальная такая пэрспэктыва?

Супрацоўнікі Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС перакананыя, што пераход на больш сучасную форму дакумэнтальнага сьведчаньня асобы — патрабаваньне часу. Прынамсі, у бальшыні краінаў Эўропы ды ЗША яна цалкам пацьвердзіла сваё права на існаваньне.

(Супрацоўнік Дэпартамэнту грамадзянства МУС: ) “Гэта не найбліжэйшая, але досыць блізкая пэрспэктыва. У Малдове ўжо такое ёсьць, у Казахстане… Пашпарт будзе дзеля выездаў за мяжу, а ўнутры краіны будзе дзейнічаць ідэнтыфікацыйная карта. Наколькі гэта рэальна? Рэальна”.

Аднак пытаньне тэрмінаў магчымага ўводу новага дакумэнта пакуль застаецца адкрытым: “ідэнтыфікацыя” грамадзянаў запатрабуе немалых сродкаў.

А якраз днямі давялося пабачыць падобны дакумэнт у грамадзяніна Літвы. На невялікіх памераў плястыкавай картцы зьмешчаны здымак уладальніка, імя і прозьвішча, дата нараджэньня й некаторая іншая інфармацыя. Больш падрабязныя зьвесткі, як расказаў літоўскі знаёмы, маюцца ў адмысловым рэгістры насельнікаў Літвы — тут сьведчаньні пра сям’ю, магчымыя адміністрацыйныя ці крымінальныя пакараньні, нават нерухомасьць. Усё гэта, у выпадку ўхваленьня падобнай ініцыятывы, запатрабуецца зрабіць і ў Беларусі.

А вось у Канстытуцыйным судзе, які на запатрабаваньне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча прызнаў неадпаведнымі закону абавязковыя штампы ў пашпартах аб дазволе на выезд, на ініцыятыву МУС адрэагавалі досыць востра. Гаворыць Людміла Мурашка:

(Мурашка: ) “Зь вялізнай увагай слухаю, як вы апавядаеце пра ідэнтыфікацыйную карту… Але ж мы прынялі рашэньне аб штампе ў пашпартах, якімі людзі карыстаюцца цяпер. І ніякіх да яго не было зьменаў. Як тады быць з тым рашэньне пра штампы? Гэта ж тычыцца кожнага грамадзяніна, бо ў кожнага трэба будзе забраць пашпарт. Але ж толькі нядаўна ўсе мянялі пашпарты, і пашпартызацыя ўсіх грамадзянаў яшчэ не завершаная… Калісьці, сапраўды, мноства структураў прапаноўвала сваё бачаньне рэформаў на ўзроўні праектаў. Можа, штосьці сапраўды зрушылася?”

Штамп дазволу на выезд павінны скасаваць да канца наступнага году. Замест гэтага ад 2006 году ў Беларусі плянуецца ўвядзеньне замежных пашпартоў. А вось калі ў гэтым шэрагу можна будзе рэальна казаць пра ідэнтыфікацыйныя карткі, у зацікаўленых ведамствах казаць не бяруцца.
XS
SM
MD
LG