Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк: “Ля Вольскага не вялося былых бандзюг-энкавэдзістаў ды розных сьмершаўцаў”


Сяргей Навумчык, Прага Паэт Артур Вольскі, які за асабістую мужнасьць ў барацьбе з фашызмам атрымаў баявыя ўзнагароды – праз амаль паўстагодзьдзя меў сьмеласьць паўстаць і ў шэрагі нацыянальна-адраджэнцкага руху, які ўрэшце дамогся аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці.

Слова “сьмеласьць” тут – не выпадковае. Вось як прыгадвае канец 80-х пачатак 90-х гадоў Васіль Быкаў ў кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”:

(Быкаў: ) “Партыйная прэса, тэлебачаньне, а таксама партыйныя органы ўсіх узроўняў накінуліся на новы нацдэмакратычны рух. Абвінавачваньні былі самыя страшныя. Бэнээфаўцаў называлі “фашыстамі”, “нямецкімі прыслужнікамі”, “паліцаямі”. Нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг абвясьцілі фашыстоўскім і бясконца даводзіў, што менавіта пад ім немцы з паліцаямі расстрэльвалі габрэяў.... Пазьняк нястомна згуртоўваў пад сьцягам БНФ нацыянальны актыў. Пісьменьнікаў у новым руху было няшмат. Я, Рыгор Барадулін, Артур Вольскі – і ўсё. Пісьменьнікі, у бальшыні, дыстанцыянаваліся ад БНФ”.

У дзень юбілею пра Артура Вольскага па тэлефоне з Нью-Ёрку гаворыць Зянон Пазьняк:

(Пазьняк: ) “Артур Вольскі належаў да тых нешматлікіх пісьменьнікаў, якія ня толькі падтрымалі Народны Фронт у ягоным змаганьні за дэмакратыю і незалежнасьць, але і самі ўступілі ў шэрагі фронтаўскіх змагароў. Тут, найперш, скажу пра Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна і Артура Вольскага. Гэтыя пісьменьнікі – адметныя людзі. Яны засьведчылі, што зьяўляюцца нацыянальнымі інтэлігентамі, для якіх лёс, дабро і справы беларускага народу, бацькаўшчыны Беларусі былі на першым месцы. Гэта я хачу асабліва вылучыць, бо нацыянальнай інтэлігенцыі ў нас вельмі мала, яе вынішчылі. Асноўная маса – гэта беларуская савецкая інтэлігенцыя. Яна таксама за Беларусь, за незалежнасьць і за мову, яна згодная за гэта нават змагацца, – але толькі калі гэта дазволена, і няма небясьпекі.

Артур Вольскі, наш выдатны паэт, змагаўся з тым, што нам, беларусам, пярэчыла і пагражала. Не баючыся і не азіраючыся. Бо Беларусь – важней. Артур Вітальевіч быў заўсёдным сябрам Сойму, зрабіў вельмі добрую справу ў БНФ. Ён стварыў і ўзначаліў Беларускую дэмакратычную арганізацыю вэтэранаў вайны. Гэта была сапраўдная арганізацыя беларусаў-франтавікоў – такіх, як ён. Там не вялося былых бандзюг-энкавэдзістаў ды розных "сьмершаўцаў", што забівалі беларусаў, і да сёньняшняга дня яшчэ сядзяць на гарбе народа, якому некалі стралялі ў патыліцу.

Тыя людзі, якіх сабраў Артур Вольскі, сапраўды змагаліся з фашызмам. Вось такая ў нас павінна была быць арганізацыя беларускіх вэтэранаў. Такі мусіў быць прынцып. Думаючы пра гэта, я заўсёды цёпла ўспамінаю Артура Вітальевіча”.
XS
SM
MD
LG