Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое радыё і тэлебачаньне патрэбна Лукашэнку?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 22 верасьня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: тэлежурналісты Эдуард Мельнікаў і Леанід Міндлін.

(Валер Карбалевіч: ) “Наведваньне Лукашэнкам Белтэлерадыёкампаніі ў разгар кампаніі па выбарах і рэфэрэндуму — падзея вельмі сымбалічная. Ролю манапалізаванага цяперашнім рэжымам радыё і тэлебачаньня ў грамадзка-палітычным жыцьці краіны цяжка пераацаніць, яна велізарная. Прычым гэтая манапалізацыя ўзмацняецца, калі прыняць пад увагу экспансію беларускага тэлебачаньня на расейскія тэлеканалы.

Але калі глядзець на тэлебачаньне як інструмэнт палітычнага піяру, то, натуральна, узьнікае пытаньне аб ягонай эфэктыўнасьці ў гэтым сэнсе. Падчас учорашняга візыту Лукашэнка паставіў перад кіраўніцтвам тэлеканалаў задачу: “Я хачу, каб у Беларусі было добрае тэлебачаньне”. І яшчэ адна рэпліка: “Тэлеканалам трэба стаць прывабнымі для моладзі”. Ці вырашальная гэтая задача? Ці можа стаць якасным тэлебачаньне, якое знаходзіцца на кароткім павадку ў гаспадара, то бок адміністрацыі прэзыдэнта?”

(Эдуард Мельнікаў: ) “Вашае пытаньне рытарычнае. Таму што ў тым статусе, у якім цяпер існуе дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, нічога іншага быць ня можа. Яно ня толькі не грамадзкае, яно нават не дзяржаўнае, ня ўрадавае. Яно асабіста прэзыдэнцкае. Таму што ёсьць адпаведныя ўказы й 1994, і, здаецца, 2000, і 2001 гадоў, паводле якіх Белтэлерадыёкампаніі прыдадзены статус органу дзяржаўнага кіраваньня пад асабістым кантролем Лукашэнкі. Калі нават Лукашэнка патрабуе меншай вернападданасьці, то мы адразу разумеем, аб чым гаворка, адразу відаць шкілет у шафе. Тут адразу відавочна, дзе прымаюцца рашэньні адносна інфармацыі, якую атрымліваюць мільёны людзей. Таму што гэтыя рашэньні прымаюцца толькі ў адміністрацыі прэзыдэнта, а, можа, асабліва важныя рашэньні асабіста кіраўніком дзяржавы.

І тыя так званыя “тэлежурналісты”, якія цяпер там працуюць, гатовыя разьбіць сабе лоб, яны без усялякага крытычнага мысьленьня. Тыя сацыяльныя ролікі, якія ішлі па тэлебачаньню, гэта дакладна паказалі. Таму ў гэтай якасьці, у гэтым статусе дзяржаўнае тэлерадыёвяшчаньне ні ў якім разе ня можа быць іншым”.

(Леанід Міндлін: ) “Я згодзен з гэтымі меркаваньнямі. Ёсьць такая прымаўка: “Добрага каня вядзіце на доўгім ланцугу”. Тэлебачаньне — гэта добры конь. І зрабіць яго якасным цяпер у гэтым статусе немагчыма. Найперш таму, што там ужо не засталося добрых журналістаў, добрых рэжысэраў. З тых, што калісьці працавалі, шмат зьехала ў Маскву. Там і праца больш творчая, і грошы іншыя. Таму гэтая чарговая спроба зрабіць добрае тэлебачаньне ня мае выніку”.

(Карбалевіч: ) “З пачаткам выбарчай кампаніі адбылася рэзкая палітызацыя тэлебачаньня, узрасла колькасьць прапагандысцкіх перадач. Тэлебачаньне стала інструмэнтам псыхалягічнай вайны. Як бы вы ацанілі іх якасьць?”

(Мельнікаў: ) “З гледзішча зброі псыхалягічнай вайны якасьць выдатная. Пасьля 2001 году, калі ўсё рабілася “тапорна” ў прафэсійным сэнсе, вельмі вырас узровень маніпуляваньня грамадзкай сьвядомасьцю. Усё робіцца вельмі ўмела, вельмі трапна, выкарыстоўваецца цэлы арсэнал сродкаў і мэтадаў, каб масавая сьвядомасьць была пад моцным дзяржаўным уплывам. Можа, у гэтым палягае прычына такой пасіўнасьці беларусаў. Таму што, калі ў вас уліваюць гэтую атруту дзесяць гадоў запар, то любы арганізм ня вытрымае.

І нават гэты візыт кіраўніка дзяржавы ў Белтэлерадыёкампанію зьявіўся добрай PR-акцыяй. Падчас сустрэчы з супрацоўнікамі ён сказаў, што “60–65% насельніцтва мяне падтрымліваюць”. А я сам у сябе спытаўся: “А чаму не 75–80%, як у час “элегантнай перамогі”? І я мяркую, што ўлада чагосьці баіцца. Пры ўсім тым, што ёсьць магутны адміністратыўны рэсурс, які выкарыстоўваецца падчас рэфэрэндуму, галасаваньня, грамадзкая думка выклікае вельмі вялікую занепакоенасьць улады. І гэта, мусіць, самае сур’ёзнае ўражаньне ад гэтага візыту і, увогуле, інфармацыйнай сытуацыі ў Беларусі цяпер”.

(Міндлін: ) “Я згодзен з тым, што гэта тыповая канструкцыя псыхалягічнай вайны. Маскоўскія калегі мне паказалі кніжку, вучэбны дапаможнік савецкага часу для палітработнікаў і ўсіх асобаў, якія займаліся прапагандай на войскі й насельніцтва праціўніка. Вось цяпер такія мэтады выкарыстоўваюцца беларускай прапагандай. Але ж гэта не праціўнік, а свая дзяржава, свой народ. Прапаганда можа і няякасная, але ж татальная. Ідзе татальнае бамбаваньне, татальны прапагандысцкі абстрэл. Таму пра якасьць такіх праграмаў можна казаць толькі ў такім сэнсе. Ідзе тыповая прапагандысцкая вайна”.

(Карбалевіч: ) “Падчас выступу перад супрацоўнікамі Белтэлерадыёкампаніі Лукашэнка перасьцярог ад занадта вялікай дозы прапагандысцкай ін’екцыі. “Менш вернападданасьці”, — заявіў ён. Дарэчы, у параўнаньні зь першым тыднем пасьля аб’яўленьня рэфэрэндуму маштаб прапаганды сапраўды зьнізіўся, зьніклі рэклямныя ролікі. Мусіць, у грамадзкай сьвядомасьці існуе нейкая мяжа насычэньня палітычным піярам, перасягнуўшы якую, можна атрымаць зваротны эфэкт. І магчыма, Лукашэнка гэта адчуў першым?”

(Мельнікаў: ) “Канечне, адчуў і ацаніў. Магчыма, нейкія разумныя кансультанты яму сказалі, што ня трэба так моцна ціснуць, таму што атрымаем адваротны эфэкт. І такі эфэкт ужо нарастае, бо ўлады перабралі меры з гэтымі перадачамі, падрыхтаванымі загадзя, задоўга да аб’яўленьня рэфэрэндуму. Людзі “крылі” гэтыя ролікі на вуліцы, у транспарце. Таму ён і сказаў: “Менш вернападданасьці”. То бок, Лукашэнка спрабуе прыпыніць гэты інфармацыйны гвалт.

Але бацька ўсіх туркмэнаў Туркмэнбашы нядаўна таксама пакрытыкаваў сваіх чыноўнікаў, што вельмі шмат ягоных помнікаў стаяць на плошчах. А ў нас тэлежурналісты ўжо вельмі даўно куюць тэлевізійныя помнікі нашаму “бацьку”. Таму трэба іх прыпыніць”.

(Міндлін: ) “Мне здаецца, што ўлады замяраюць грамадзкую тэмпэратуру. І цяпер адчулі, што, магчыма, перагнулі кій. Але, мне здаецца, што гэта часовы спад. Галоўны наступ яшчэ наперадзе, бліжэй да рэфэрэндуму. На мінулым тыдні ў праграме “Панарама” прагучала лічба, што 90% падтрымлівае Лукашэнку. Невядома, адкуль бяруцца такія лічбы”.

(Карбалевіч: ) “Зьвярнуў увагу на тое, што і падчас выступу на “Дажынках” у Ваўкавыску, і падчас выступу перад супрацоўнікамі Белтэлерадыёкампаніі Лукашэнка выказваў такую думку: я не зьбіраюся вас агітаваць, мне гэта не патрэбна, за мяне агітуе мой дзесяцігадовы тэрмін кіраваньня. У чым сэнс такога ходу?”

(Мельнікаў: ) “Зь ягонага гледзішча, мусіць, ён мае рацыю. Трэба адразу будаваць сыстэму каардынатаў. Таму што нашае грамадзтва расколатае ўжо 10 гадоў вельмі моцна і глыбока. І на розных паловах зусім іншае разуменьне сытуацыі. І ў каардынатах той паловы, якая падтрымлівае Лукашэнку, растуць заробкі, чакаюць 250 даляраў наперадзе, добры ўраджай і іншае. Вось такі малюнак. А на другім баку зусім іншы”.

(Міндлін:) “Мне здаецца, цяпер расейскія тэлеканалы — гэта добры інфармацыйны рэсурс Лукашэнкі. Усё, што адбываецца ў Расеі (стральба, тэракты, катастрафічныя падзеі), працуе на беларускі рэжым. Гэта добры фон для рэфэрэндуму, які эфэктыўна выкарыстоўваецца. Чуў такую думку, што ён будзе зачыняць расейскія каналы. Навошта, калі яны аб’ектыўна працуюць на яго цяпер?”

(Мельнікаў: ) “Яшчэ падчас гэтага наведваньня Белтэлерадыёкампаніі Лукашэнка сказаў, што трэба пакрываць тэлевяшчаньнем тэрыторыі сумежных дзяржаваў: Украіны, Расеі й іншых. Таму што тэлебачаньне паказвае рэчаіснасьць экранную, а не сапраўдную. А гэта не зусім тое ж, што на самай справе”.

(Міндлін: ) “Супрацоўнікі беларускага тэлебачаньня вельмі добра навучыліся рабіць віртуальную краіну”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, сваім візытам на Белтэлерадыёкампанію Лукашэнка выразна падкрэсьліў тое галоўнае зьвяно, ухапіўшы за якое, можна выцягнуць увесь ланцуг, то бок, атрымаць грамадзкую падтрымку падчас рэфэрэндуму. Гэта радыёэлектронныя СМІ. Радыё і тэлебачаньне здольныя стварыць сваю ўласную паралельную рэальнасьць, якая можа моцна адрозьнівацца ад сапраўднай рэальнасьці. І Лукашэнка гэта добра разумее”.
XS
SM
MD
LG