Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Віцебску: “Ці можа канстытуцыйны рэфэрэндум у Беларусі прывесьці да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва?”


Браніслава Станкевіч, Віцебск На пытаньне тыдня Радыё Свабода адказваюць жыхары Віцебску.

(Карэспандэнтка: ) “Ці можа здарыца так, што ў выніку рэфэрэндуму і зьменаў у Канстытуцыі прэзыдэнцтва ў Беларусі стане пажыцьцёвым? Як вы лічыце?”

(Спадар: ) “Я ня проста так лічу. Я цалкам перакананы, што будучы рэфэрэндум — гэта першы крок да пажыцьцёвага кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Бясспрэчна! На гэта рэфэрэндум і разьлічаны!”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што такая й задача. Можа быць, як у тым анэкдоце — аж да сканчэньня сьвету ён намі кіраваць будзе!”

(Спадар: ) “Гадоў дваццаць, дык дакладна. А што? Прэзыдэнт наш — чалавек фізычна здаровы й лёгка можа “працягнуць” яшчэ і чацьверты тэрмін, і нават пяты!”

(Спадар: ) “Натуральна, Алаксандар Рыгоравіч так і сказаў, што ня бачыць сябе на іншай працы. Толькі на прэзыдэнцкай!”

(Спадар: ) “Я лічу, што ён так і будзе ўсімі сваімі кіпцямі за гэтую ўладу трымацца. Як Сталін, як Гітлер. А каб быў сумленны чалавек, дык адслужыў бы сваё — ды сышоў”.

(Спадарыня: ) “Так, мэта гэтага рэфэрэндуму — пажыцьцёвае прэзыдэнцтва Лукашэнкі, і нічога болей! Калі чалавек захацеў яшчэ болей улады, чым дадзена Канстытуцыяй, дык гэта значыць, што ён гатовы застацца пасьля трэцяга тэрміну і на чатыры тэрміны, і на пяць, і на шэсьць”.

(Спадар: ) “Я мяркую, што гэта дакладна так і будзе! А там ужо і дзеткі ў яго падрасьлі, унукі, трэба ж будзе й ім чымсьці займацца. Так што можа атрымацца нават не пажыцьцёвае прэзыдэнцтва, а спадчыннае! Можа, і назваць яго адразу іначай: ханства, каганат, ці яшчэ як?”

(Спадарыня: ) “Я лічу, што Аляксандар Рыгоравіч — чалавек сумленны. І прынцыповы. І ён будзе пры ўладзе столькі, колькі гэта будзе патрэбна!”

(Спадар: ) “У нас і дэпутатам парлямэнту можна быць пажыцьцёва, і дырэктарам заводу можна быць пажыцьцёва. Дык чаму “бацька” ня можа кіраваць столькі? І я толькі за!”

(Спадар: ) “Яшчэ ў старажытнасьці казалі так: калі хочаш паглядзець, што гэта за чалавек, дай яму або грошы, або ўладу. У нашага прэзыдэнта ёсьць і адно, і другое. І ён ад гэтага нізавошта не адмовіцца!”

(Спадарыня: ) “Так, ён хоча, мабыць, кіраваць пажыцьцёва. Дзеля гэтага й Канстытуцыю гатовы перарабіць”.

(Спадар: ) “Можа, ён гэтага і хоча, той чалавек, што прыдумаў правесьці рэфэрэндум. Але я перакананы, што такога ня будзе! Усё-ткі вельмі шмат людзей ставіцца да гэтага рэфэрэндуму скептычна. І я проста перакананы, што большасьць прагаласуе супраць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG