Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу Райнэр Функе: “Беларускі лідэр зацікаўлены ў захаваньні свайго аўтарытарнага рэжыму”


Ул. інф. Дэпутаты Бундэстагу занепакоеныя недэмакратычнай хадой выбарчай кампаніі ў Беларусі. Як паведамілі Свабодзе прадстаўнікі розных фракцыяў нямецкага парлямэнту, беларускае пытаньне ў блізкім часе будзе абмяркоўвацца на паседжаньнях шэрагу камісіяў Бундэстагу.

Паводле сябра Свабоднай дэмакратычнай партыі Райнэра Функе, які напярэдадні разам са сваімі калегамі з Бундэстагу наведаў Беларусь і назіраў за станам правоў чалавека, беларуская сытуацыя ня можа ня выклікаць заклапочанасьці сярод нямецкіх палітыкаў.

(Функе: ) “Канечне, у нас шмат уражаньняў ад наведаньня Беларусі. Напрыклад, тое, што апазыцыя цяпер вельмі актыўная. Аднак, зь іншага боку, на ўзроўні беларускага кіраўніцтва гэтая актыўнасьць вельмі балюча ўспрымаецца. Беларускі прэзыдэнт вельмі зацікаўлены ў захаваньні й разьвіцьці свайго аўтарытарнага рэжыму. Цяпер мы сыстэматызуем уражаньні і ў самым блізкім часе прадставім нашую справаздачу на паседжаньні камісіі правоў чалавека Бундэстагу”.

(Карэспандэнтка: ) “Наколькі вядома, беларускае пытаньне будзе вынесенае і на абмеркаваньне камісіі Бундэстагу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі. Сярод галоўных пунктаў дыскусіі — пытаньне рэфэрэндуму...”

(Функе: ) “Сапраўды, вядзецца вялікая дыскусія ў зьвязку з абвешчаным Лукашэнкам рэфэрэндумам. Вельмі важна прынцыпова ўдакладніць, наколькі дапушчальны гэты плебісцыт з гледзішча беларускай Канстытуцыі. Асабіста я й многія мае калегі маюць вялікі сумнеў на гэты конт. Бо з Канстытуцыі й выбарчага закону вельмі празрыста вынікае, што тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі заканчваецца ў 2006 годзе”.

(Карэспандэнтка: ) “На апошнім пленуме Эўрапарлямэнту выказваліся меркаваньні наконт мэтазгоднасьці прыезду ў Беларусь ня толькі назіральнікаў ад АБСЭ, але і ад Эўрапарлямэнту, Рады Эўропы, як гэта было раней”.

(Функе: ) “Асабіста я лічу, што дастаткова прыезду трыццаці назіральнікаў ад АБСЭ, акрамя тых дваццаці двух, якія доўгачасова працуюць у Беларусі. Гэтыя людзі мусяць назіраць выключна за парлямэнцкімі выбарамі, але не за рэфэрэндумам. Бо ў іншым выпадку гэты рэфэрэндум будзе прызнаны законным”.
XS
SM
MD
LG