Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За першыя два дні разгляду скаргаў ЦВК задаволіла 13 з 64 скаргаў кандыдатаў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія працягне разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. У першай палове дня будуць разьбірацца з апэляцыямі прадстаўнікоў Гомельскай вобласьці, у другой – Берасьцейскай. За першыя два дні ЦВК разгледзела 64 скаргі, зь якіх задаволена 13. Чым можна патлумачыць, што Цэнтарвыбаркам усё ж станоўча вырашае, хай і не дужа многа, але ж прыкладна кожную пятую апэляцыю?

Звычайна ЦВК выпраўляе акруговыя камісіі толькі тады, калі іхныя памылкі й хібы настолькі бачныя, што ўжо ніяк немагчыма іх не заўважыць. Самы сьвежы такі выпадак учорашні, вечаровы, калі адмянілі рашэньне Глыбоцкай акруговай камісіі. У Глыбокім палічылі, што актывіст партыі БНФ Яраслаў Берніковіч усіх падмануў, калі паказаў, што ягоны ганарар у менскім часопісе склаў 105 тысячаў рублёў. Бо з падатковай інспэкцыі ў камісію даслалі даведку, што сума ганарару 110 тысячаў. Але ж высьветлілася, што на рукі патэнцыйны кандыдат у дэпутаты сапраўды атрымаў 105 тысячаў. Астатнія пяць забрала дзяржаўная пошта за перавод грошай са сталіцы ў Глыбокае. У такой сытуацыі, зразумела, ужо ніяк не палічыш спадара Берніковіча вінаватым.

Вядома, што некаторыя палітычныя партыі скарысталіся правам паслаць у ЦВК сваіх прадстаўнікоў з правам дарадчага голасу. Наколькі актыўна яны ўдзельнічаюць у паседжаньнях ЦВК?

Алена Скрыган з Партыі камуністаў Беларускай, Уладзімер Нісьцюк з “Народнай грамады”, Алесь Бяляцкі з партыі БНФ і некаторыя іхныя калегі проста не даюць пакою Цэнтарвыбаркаму. Яны ўвесь час карыстаюцца сваім правам задаваць пытаньні, выступаць з рэплікамі й камэнтарамі, удакладняць сытуацыю... Колькасьць задаволеных на дадзеным момант скаргаў – 13. Як непасрэдны назіральнік паседжаньняў я абсалютна перакананы – без прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партыяў апэляцыяў бы задаволілі значна менш. І хаця ЦВК часта надзвычай фармальна ставіцца да разгляду, усё ж нейкія здабыткі ў дэмакратаў ёсьць, пра што, дарэчы, гаворыць і Алесь Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) "Тым ня менш, калі існуюць бясспрэчныя доказы таго, што акруговая выбарчая камісія перавялічыла свае выбарчыя паўнамоцтвы, то Цэнтральная выбарчая камісія вымушаная пагаджацца з фактамі няправільнай (ці недастатковай) працы выбарчай камісіі. І тут як раз спрыяюць выступы сябраў камісіі з дарадчым голасам. Такім чынам, сям-там адбываецца рэгістрацыя гэтых, так бы мовіць, адкінутых дэпутатаў”.
XS
SM
MD
LG