Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва”: “Лукашэнка ня проста ўпершыню ў сваім жыцьці прайграе, а прайграе разгромна”


Сьвятлана Курс, Менск Агляд сёньняшніх незалежных беларускіх газэтаў.

“А.Лукашэнка ня проста ўпершыню ў сваім жыцьці прайграе, а прайграе разгромна. Падтрымліваюць скасаваньне “правіла двух тэрмінаў” 23% выбарцаў, супраць адмены абмежаваньня выступаюць 52,8%. Гэтыя апошнія з наяўных незалежных сацыялягічных зьвесткі (Балтыйская сацыялягічная служба)”, піша ў калёнцы рэдактара тыднёвік “Наша ніва”.

Гэтым тыднем сканаў бадай, самы выбітны вясковы паэт сучаснасьці Мікола Купрэеў, маргінальнае жыцьцё якога так гарманічна кантраставала зь ягонай геніяльнай паэзіяй. Вялікі аповед пра яшчэ неацэненага творцу – у сьвежым нумары “Нашай нівы”.

“Міс Беларусь-2004” каштуе усяго 550 даляраў, – паведамляе тыднёвік. Нікчэмны кошт тлумачыцца, відаць тым, сёлетні конкурс прыгажосьці стаў экспэрымэнтам па ўкараненьні дзяржуплыву ў мадэльным бізнэсе.

“Наша ніва” друкуе інтэрвію Сяргея Харэўскага зь Вінцуком Вячоркам. Маштаб асобы абодвух суразмоўцаў выкліча, безумоўна, пэўную ўвагу ў чытачоў.

У Віцебскай вобласьці адначасна злавілі двух пэдафілаў, якія паасобку тэрарызавалі Наваполацк і Віцебск. Абодва злачынцы гвалцілі 8-12-гадовых дзяўчынак, паведамляе віцебская рэгіянальная прэса. Журналісты робяць націск на тым, што нягледзячы на вялікую колькасьць выпадкаў пэдафіліі, дзеці былі кепска абазнаныя ў правілах бясьпечных паводзінаў, паведамляе газэта.

Асноўная тэма ў "Газэце Слонімскай" – ваўкавыскія "Дажынкі-2004" і выбары ў Палату прадстаўнікоў па Слонімскай акрузе. “Людзі паводзілі сябе на Дажынках, як на колішніх маёўках”, – піша карэспандэнт, – “выступоўцы казалі нешта са сцэны, а па-за сцэнай ішло сваё жыцьцё. Нават Лукашэнку – бадай што, гэта адбылося ўпершыню, – ня слухалі, людзі ў натоўпе перамаўляліся міжсобку. А многія ваўкавысцы й слонімцы палічылі за лепшае выбіраць на сваіх палетках бульбу”.

Пра выбары: у Слонімскай акрузе з 8 кандыдатаў зарэгістравалі толькі двох. Абодва – блізкія да ўладаў людзі. Шасьцёра адсеяных былі незалежныя або блізкія да апазыцыі, сьцьвярджае карэспандэнтка газэты Яніна Мельнікава.

"Местная газета", што выдаецца ў Ваўкавыску, таксама піша пра Дажынкі, але больш з пабытовых пазыцыяў. Ваўкавыскія журналісты зрабілі цэлы калаж са сьвята – як людзі смажаць вяпручкоў, бяруць чарку, прагульваюцца. Другая асноўная тэма газэты – землятрус у Ваўкавыску, які адбыўся ўжо пасьля Дажынак. Прымхлівыя людзі палічылі яго прыкметай будучых ўзрушэньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG