Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ля страда” дапамагае беларускім жанчынам, якія апынуліся ў сэксуальным рабстве ў замежжы


Іна Студзінская, Менск 23 верасьня – Міжнародны дзень барацьбы з гандлем нявольнікамі. На жаль, Беларусь уваходзіць у дзясятку краінаў, адкуль жанчыны ў пошуках лепшай долі выяжджаюць быццам працаваць за мяжу, а насамрэч трапляюць у рабства. Самыя папулярныя краіны, дзе працуюць маладыя беларускі – Нямеччына, Кіпр, Грэцыя, Аўстрыя, Францыя, Расея, Польшча. Нядаўна пракуратура краіны падрыхтавала адмысловы дакумэнт – аналітычную запіску.

Згодна з інфармацыяй пракуратуры краіны, летась у Беларусі было зарэгістравана 382 злачынствы па лініі маральнасьці і гандлю людзьмі. Прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці 142 гандляры жывым таварам. А за 6 месяцаў гэтага года ўзбуджана ўжо 306 крымінальных справаў. 360 маладых беларусак, паводле аналітычнай запіскі, зараз працуюць у замежных бардэлях.

Цікава, што за мінулы год у амбасады і консульствы Беларусі за мяжой зьвярнулася больш за 500 маладых жанчын ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў, якія быццам бы згубілі пашпарты. Афіцыйна яны не заяўлялі пра тое, што сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Але відавочна, што з многімі адбылося менавіта гэта. Сухую міліцэйскую статыстыку праўдападобна можна памножыць у некалькі разоў, каб падлічыць сапраўдную лічбу ахвяраў. Бо не заўсёды жанчыны, якія трапілі ў складаную сытуацыю, распавядаюць пра гэта праваахоўным органам.

Вельмі шмат ідзе сацыяльнай рэклямы па тэлевізіі, у Менску, шмат рэклямных шчытоў з тэлефонамі “гарачай лініі” грамадзкіх арганізацыяў. Ці жанчыны больш давяраюць недзяржаўным структурам? Выглядае, што так. Цягам чатырох гадоў у Беларусі працуе “гарачая лінія” Міжнароднай арганізацыі па прадухіленьні гандлю людзьмі “Ла Страда”. За гэты час былі прынятыя 6335 тэлефанаваньняў – каля 300 штомесяц.

Распавядае нацыянальны каардынатар па Беларусі міжнароднай арганізацыі “Ля Страда” Ірына Альхоўка.

(Альхоўка: ) “80% тэлефанаваньняў – да таго, як жанчына выяжджае на працу за мяжу. Мы нікога не адгаворваем ад паездкі за мяжу. Вельмі часта фірмы, якія прапаноўваюць працу за мяжой, не паведамляюць усю інфармацыю, нярэдкія выпадкі махлярства. Мы тлумачым ўсё. І вельмі радыя, што нам тэлефануюць да таго, як выяжджаюць, пакуль знаходзяцца ў сваёй краіне. Бо за мяжой усё значна складаней, чым калі вы знаходзіцеся ў сваёй краіне”.

“Ля страда” тлумачыць жанчынам, якія хочуць працаваць за мяжой, што фірмы, якія наймаюць людзей на працу за мяжой, павінны мець ліцэнзіі. Але, да прыкладу,танцавальныя калектывы ніякіх ліцэнзіяў не маюць, пракантраляваць іх складана. У мадэльных, шлюбных агенцыяў таксама няма адмысловых ліцэнзіяў, яны толькі зарэгістраваныя як суб’екты гаспадараньня. Многія праблемы ў патэнцыйных ахвяраў таму, што яны давяраюцца сумнеўным фірмам, лічыць Ірына Альхоўка.

(Альхоўка: ) “Прапануюць часьцей за ўсё працаваць па турыстычнай візе, што адразу ж становіцца нелегальным. Па турыстычнай візе працаваць нельга. І візу нельга перарабіць па прыбыцьці ў іншую краіну. Гэта самая папулярная пастка, на якую трапляе бальшыня пацярпелых. І ня толькі сацыяльна-эканамічны фактар уплывае на разьвіцьцё гэтай праблемы, але і наша прававая непісьменнасьць”.

Супрацоўнікі МУС, якія, на жаль адмовіліся даць камэнтар для эфіру Радыё Свабода, распавялі, што сапраўды шмат крымінальных справаў заводзіцца, а потым даходзяць да судоў.

Сёлета разгарэўся скандал, зьвязаны зь вядомымі беларускімі танцавальнымі калектывамі і нават Міністэрствам культуры. І цяпер у Партызанскім судзе сталіцы разглядаецца крымінальная справа былога намесьніка начальніка ўпраўленьня Мінкульту Аляксандра Сямёнава, які выдаваў фальшывыя даведкі пра тое, што дзяўчаты, якія зьяжджаюць за мяжу на працу, зьяўляюцца артысткамі беларускага дзяржаўнага балету.

Слухаецца крымінальная справа дырэктара прадпрыемства “Брайтнэс”, які выступаў пасярэднікам пры продажу за мяжу 165 беларускіх жанчын. Але на судах абвінавачаныя сьцвярджаюць, што жанчыны вінаватыя самі, пагаджаліся добраахвотна. Камэнтар Ірыны Альхоўкі:

(Альхоўка: ) “Часьцяком можна пачуць, што гэтыя жанчыны вінаватыя самі. Але мы, працуючы ўжо 6 гадоў з такімі падманутымі жанчынамі, лічым, што гэта няпраўда. Гэта не проста нейкая дурная альбо неадукаваная жанчына выехала за мяжу і яе прадалі па яе ж глупству. Гэта – бізнэс. Людзі ўяўляюць сабой тавар. І гэты бізнэс вельмі добра арганізаваны. Ён высокапрыбытковы”.

Сёньня злачынныя групоўкі ўжо адмаўляюцца ад грубай эксплюатацыі жанчынаў і забясьпечваюць ім, так бы мовіць, мінімальна прыймальныя ўмовы працы. Таму некаторыя маладыя беларускі нават прывыкаюць да працы ў замежным бардэлі і ня хочуць нічога зьмяняць. І пракурорскія аналітыкі прагназуюць далейшы рост, так бы мовіць, экспарту жанчын з мэтай сэксуальнай эксплюатацыі, бо рэзэрвы ёсьць. Толькі паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, больш за 22 тысячы маладых беларускіх жанчын – беспрацоўныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG