Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсійны, сэсійны, камісійка, тэлевізійнік


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Пасьведчаньне пэнсіённае ці пэнсійнае – якая з формаў у нашай мове заканамерная? На пасьведчаньні ў беларускіх пэнсіянэраў выдрукавана, што яно – пенсіённае. Але адкуль такі прыметнік? Па-беларуску тое, прыкладам, што мае дачыненьне да камісіі – камісійнае, да канвэрсіі – канвэрсійнае, а да экскурсіі – экскурсійнае. Вось жа, прыметнікі ад назоўнікаў на -ія (-ыя) маюць кароткі суфікс -н- – ён далучаецца да асновы ўтваральнага слова. Беручы гэта пад увагу, нельга слова пэнсіённы вывесьці ад пэнсіі. Выглядае, як бы пэнсіённы быў ад пэнсіёну, але такога слова сучасная літаратурная мова ня ведае – ёсьць толькі пансіён. Усё прасьцей: зафіксаваны ў савецкіх слоўніках прыметнік пенсіённы перанесены з расійскае мовы. Таксама адтуль і слова сесіённы – ніяк нельга ўтварыць яго ад сесіі. Замест названых пазычаньняў трэба ўжываць сваё: прыметнікі пэнсійны й сэсійны (у савецкай правапіснай традыцыі – пенсійны й сесійны).

І ў працяг перасьцярог яшчэ пра два некрытычна перайманыя назоўнікі – камісіёнку й тэлевізіёншчыка. Краму па-беларуску называюць не камісіённай, а камісійнаю – то ж і просіцца для аднаслоўнага яе называньня камісійка. Па-беларуску няма тэлевізіённага работніка – ёсьць тэлевізійны. Адсюль і заканамерная аднаслоўная форма тэлевізійнік.

Няма ніякай патрэбы культываваць у мове словы нетыповае будовы, калі пад рукою ёсьць бездакорныя свае. Гаворым па-беларуску: пэнсійнае пасьведчаньне, сэсійная пара, камісійная крама – камісійка, супрацоўнік тэлевізіі – тэлевізійнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG