Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік партыі БНФ Яраслаў Берніковіч стаў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў


Уладзімер Глод, Менск Гэта адбылося пасьля таго, як Цэнтарвыбаркам на сваім вечаровым паседжаньні 22 верасьня адмяніў рашэньне Глыбоцкай акруговай выбарчай камісіі. Яраслаў Берніковіч стаў адзіным з 11 прадстаўнікоў Віцебскай вобласьці, чыю скаргу ЦВК задаволіў. Апэляцыі астатніх 10 патэнцыйных кандыдатаў плёну ня мелі.

Глыбоцкая акруговая камісія не зарэгістравала актывіста партыі БНФ Яраслава Берніковіча на той падставе, што той пазначыў у сваёй дэклярацыі ганарар з аднаго менскага часопісу ў памеры 105 тысячаў рублёў. Рэдакцыя ж дала даведку, што аўтарскае ўзнагароджаньне склала 110 тысячаў.

На паседжаньні Цэнтрвыбаркаму высьветлілася, што пяць тысячаў каштаваў перавод грошай зь Менску. І спадар Берніковіч нікога не падманваў, калі паказаў у дакумэнтах менавіта тую суму, якую ён атрымаў на пошце.

Сябра Цэнтральнай выбарчай камісіі з правам дарадчага голасу Алесь Бяляцкі, камэнтуючы гэты факт, адзначыў, што выпадак зь Берніковічам – адзін зь нямногіх, да разгляду якога Цэнтарвыбаркам падышоў нефармальна:

(Бяляцкі: ) "ЦВК падыходзіць абсалютна фармальна да тых "закідаў" па нерэгістрацыі кандыдатаў. Любая прычына, якая дазваляе не рэгістраваць кандыдата, выкарыстоўваецца на 100%".

Увечары 22 верасьня сярод тых, чые апэляцыі ЦВК не задаволіла, прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў Вольга Карач, Аляксандар Кухта, Іван Целеш ды некаторыя іншыя.
XS
SM
MD
LG