Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КХП БНФ выступае за байкот – што думаюць пра байкот прадстаўнікі іншых партыяў?


Юры Дракахруст, Прага Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ ад пачатку выступала за байкот выбараў, якія адбудуцца 17 кастрычніка. Шматлікія парушэньні прынцыпаў дэмакратыі з боку ўладаў падчас перадвыбарчай кампаніі, а самае галоўнае – абвешчаны рэфэрэндум, які адбудзецца ў дзень выбараў надаюць аргумэнтам на карысьць байкоту яшчэ больш вагі. Дарэчы, за байкот даволі часта выказваюцца ў сваіх званках і лістах нашыя слухачы. Тым ня менш апазыцыйныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, адмаўляюць байкот. Чаму? Гэтую тэму абмяркоўваюць у “Экспэртызе Свабоды” старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка і старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч.

(Дракахруст: ) “Першапачатковыя аргумэнты на карысьць байкоту былі такімі ж, як і 4 гады таму: палата прадстаўнікоў – орган дэкаратыўны, які нічога не вырашае, удзельнічаць у выбарах у яе – адно толькі легітымізаваць рэжым, легітымізаваць цяперашнюю ўладу. Тое, што падчас цяперашняй кампаніі ўлада ўсімі сродкамі "выразае" кандыдатаў, якія ёй не да спадобы, можа сьведчыць пра тое, што нават у тую бясьсільную палату магчыма ніхто з апазыцыйных кандыдатаў і не патрапіць. Але куды больш значным новым чыньнікам у спрэчках наконт байкоту стаў абвешчаны 7 верасьня рэфэрэндум, які пройдзе ў адзін дзень з выбарамі.

Тут ужо размова ідзе пра легітымізацыю не палаты прадстаўнікоў, а працягу праўленьня Аляксандра Лукашэнкі, што ёсьць справай больш сур’ёзнай. На мінулым тыдні Сойм БНФ прыняў зварот "Усе за байкот" у якім, у прыватнасьці, гаворыцца:

"Каб афёра з царствам правалілася, трэба каб народ не пайшоў галасаваць. Тады фальсыфікацыйная машына зламаецца. Яна разьлічаная толькі на патаемнае галасаваньне. Байкот жа – адкрытае супраціўленьне, якое ўсім відаць і дакладна фіксуецца ўсімі. Рэжым ня зможа непрыкметна фальсыфікаваць байкот" – гаворыцца ў звароце КХП БНФ.

На карысьць байкоту і выбараў і рэфэрэндуму выказваецца шэраг нашых слухачоў”.

(Слухач: ) “Лічу, што адзіны сродак не дапусьціць Лукашэнку на трэці і іншыя тэрміны і ўвогуле адмовіць яму ў падтрымцы і даверы – гэта агульны байкот. Толькі байкот рэфэрэндуму і выбары ў так званы нацыянальны сход можа спыніць дыктатара і дэмагога”.

(Слухачка: ) “Не ідзіце на лукашэнкаўскія выбары і рэфэрэндум. Толькі пустыя выбарчыя ўчасткі дазволяць праваліць рэфэрэндум. Няхай фальсыфікуюць свой рэфэрэндум, на які людзі не пайшлі. Зробім фальсыфікацыю відавочнай. Трэба, каб усе бачылі, што рэфэрэндум не адбыўся”.

(Слухач: ) “Адбылося тое, пра што загадзя нас папярэджваў шаноўны Зянон Станіслававіч Пазьняк. Разам з выбарамі абвешчаны рэфэрэндум. У той жа час нас заклікала і заклікае хатняя апазыцыя браць удзел у выбарах. А зараз яна плача, енчыць, маўляў, адбываюцца парушэньні, нас не пускаюць і г.д. Хочацца сказаць: "Шаноўныя, ці ж вы ня ведалі гэтага, ці за 10 гадоў да вашых галоваў нічога не дайшло?”

(Дракахруст: ) “На мінулым тыдні на нарадзе партыяў, якія ўдзельнічаюць выбарах, было прынятае рашэньне не ўжываць тактыку байкоту. Чаму? Ці выкладзеныя аргумэнты на яго карысьць недастаткова пераканаўчыя? Спадар Шушкевіч, першаму Вам пытаньне. Вас, наколькі я ведаю, не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата, так што асабістага матыву заклікаць да ўдзелу ў галасаваньні ў Вас няма”.

(Шушкевіч: ) “Цяпер ёсьць два магчымыя варыянты: альбо байкот, альбо ўдзел. Але трэба ведаць настрой грамадзтва. І калі такі ўжо шаноўны Зянон Станіслававіч піша такія разумныя артыкулы, то я магу проста вам сказаць: нічога ён не разумее, што адбываецца сёньня ў Беларусі. У Беларусі праводзяцца вельмі сур’ёзныя сацыялягічныя дасьледаваньні незалежнымі цэнтрамі. І хоць мы са скуры вылузьнемся, агітуючы за байкот, у выбарах прыме ўдзел 75% насельніцтва. У так званых выбарах – мы гэта разумеем. Але тут трэба ўлічваць, што людзі хочуць пераменаў, але яны не такія дасьведчаныя, як Зянон Станіслававіч, якія могуць быць палітычныя выкрутасы, яны звычайныя беларускія людзі, яны жывуць на гэтай зямлі і хочуць, каб тут было лепей. І той жа прапагандай яны перакананыя ў тым, што выбарамі можна нешта зьмяніць.

Другі аргумэнт – як можна змагацца з фальсыфікацыяй. Наіўныя тыя людзі, якія гавораць – калі будуць пустыя ўчасткі, змагацца з фальсыфікацыямі лягчэй за ўсё. Пустымі ўчасткі ня будуць. І таму, калі нават прыйдзе 50%, лягчэй за ўсё фальсыфікаваць вынікі галасаваньня за тых, хто не прыйшоў, за іх проста падкідаюць патрэбныя бюлетэні й даюць патрэбныя лічбы.

Калі ж людзі галасуюць, тут фальсыфікаваць можна, і фальсыфікацыя будзе, але маштабы яе павінны быць меншымі. Яны абавязкова будуць меншымі, бо дзе-нідзе будуць назіральнікі – людзі цяпер навучаныя. Калі ў рэфэрэндуме возьме ўдзел менш за 50% чалавек – гэта правільна. Але на жаль, я падкрэсьліваю на жаль, іх прыйдзе болей. Я гэтым кіруюся. І нягледзячы на тое, што мяне асабіста зьнялі (не будзем разважаць – як), але я за тое, каб у выбарах удзельнічаць, а на рэфэрэндуме цьвёрда сказаць "не".

(Дракахруст: ) “Спадар Вячорка, я хачу прыгадаць яшчэ адзін аргумэнт на карысьць байкоту. Справа ў тым, што рэфэрэндум, які адбудзецца 17 кастрычніка – канстытуцыйны, каб ухваліць пытаньне, за яго павінны прагаласаваць 50% не ад прыйшоўшых да выбарчых скрыняў, а ад усяго насельніцтва. Скажам, калі прыйдзе 60%, то для ўхвалы трэба каб зь іх прагаласавала за 83%. Сапраўды, наўрад ці заклік да байкоту падтрымаюць шмат людзей. Але можа, шмат і ня трэба. Значная частка людзей і без агітацыі да выбарчых скрыняў ня пойдзе. Загітаваць на гэта яшчэ якіх 10% – і яўка атрымаецца вельмі нізкай, уладзе прыйдзецца фальсыфікаваць ці ня 100% вынік”.

(Вячорка: ) “Рэфэрэндум не праваліцца. Не забываймася, што ва ўладаў у рукох ёсьць шэраг інструмэнтаў у параўнаньні з ранейшымі выбарамі. Людзі, якіх "падвесілі" на кароткатэрміновыя кантракты, будуць гвалтам пагнаныя на выбары і рэфэрэндум 17 кастрычніка альбо падчас папярэдняга галасаваньня. Будуць пагнаныя студэнты, рабочыя, тыя, хто жыве ў інтэрнатах і г.д. Яўка будзе.

Другое – рэальная гатоўнасьць людзей ісьці на выбары сапраўды вельмі высокая. Станіслаў Станіслававіч ужо зьвяртаўся да лічбаў сацыёлягаў, я зьвярнуся да свайго ўласнага досьведу – я асабіста абышоў прынамсі 700 кватэраў. Людзі ў цэлым настроеныя ісьці на выбары.

Тут ужо паводле сацыёлягаў: калі выбары набываюць характар больш глябальны, набываюць рысы прэзыдэнцкіх, а з такім пытаньнем рэфэрэндуму яны такое адценьне набываюць, то яўка ўзрастае на 10%.

Перад намі выбар: альбо пасыўная тактыка ці актыўны ўдзел, актыўны паход да людзей, актыўнае пераконваньне выказацца. Сёньня для звычайнага чалавека, які разумее, што патрэбныя зьмены, прыйсьці і паставіць "галачку" у квадраціку "супраць" – гэта мужны ўчынак. Людзям трэба даць мажлівасьць такі ўчынак зрабіць.

І самае галоўнае. У параўнаньні з сытуацыяй трох– ці пяцігадовай даўніны сёньня абсалютная бальшыня беларусаў (пра гэта сьведчаць усе сацыялягічныя крыніцы, вартыя веры – як нацыянальныя, гэтак і замежныя) прагаласавала б на рэфэрэндуме супраць адмены канстытуцыйнага абмежаваньня тэрміну панаваньня. Наша задача, задача дэмакратычных сілаў – стацца рэальнымі лідэрамі грамадзкага меркаваньня бальшыню, павесьці за сабой гэтую бальшыню, не забываючыся, што гэтым кастрычнікам гісторыя Беларусі не канчаецца”.

(Дракахруст: ) “На наступны дзень пасьля абвяшчэньня рэфэрэндуму намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Алег Праляскоўскі заявіў, што байкот рэфэрэндуму – можа разглядацца як спроба дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. Заўважце, спробай дэстабілізацыі гэты чыноўнік назваў менавіта байкот, а не агітацыю ісьці на рэфэрэндум і галасаваць супраць прапановы кіраўніка дзяржавы. Дык калі ўладу найбольш палохае менавіта байкот, можа ён і ёсьць самым эфэктыўным сродкам барацьбы? Спадар Шушкевіч, як Вы мяркуеце?”

(Шушкевіч: ) “Ёсьць у нас пэўная катэгорыя грамадзянаў і адна партыя, якія будуць заклікаць да байкоту, і калі да іх далучацца іншыя, тады і будзе заяўлена: "Яны хочуць дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі". Гэта прыёмы, накіраваныя на тое, каб дамагацца новага тэрміну для свайго шэфа. Вы заўважце, што зараз размова наконт дэстабілізацыі ідзе пра ўсіх. Узяць напрыклад, фільм пра мяне. Я ўжо зарганізаваў захоп у Бэслане, я арганізаваў забойства прэзыдэнта Кенэдзі, я дэстабілізую заўсёды, а зараз са смакам буду дэстабілізаваць далей”.

(Вячорка: ) “Мяне абсалютна не цікавяць заявы Праляскоўскага, бо я жыву ў сваёй краіне і ведаю практыку. А практыка такая, што з учорашняга дня пачалася праверка ўсіх нашых мясцовых арганізацыяў, дзе ідуць нашы кандыдаты і дзе мы вядзем актыўную прапаганду за галасаваньне супраць на рэфэрэндуме і за пазытыўную альтэрнатыву лукашэнкаўскай укладзе. Мы атрымалі абсалютна пагражальны ліст зь міністэрства юстыцыі, дзе прапануецца на працягу трох дзён даслаць ім неверагодную колькасьць інфармацыі, якую нам трэба зьбіраць па ўсёй краіне. Размова ідзе аб падрыхтоўцы юрыдычнага зьнішчэньня нашай партыі. Іншыя дэмакратычныя партыі, якія трымаюцца стратэгіі актыўнага ўдзелу, перажываюць тое самае, адна ўжо не перажылі – я маю на ўвазе Партыю працы. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя ня мае аніякіх праблемаў зь міністэрствам юстыцыі, і з ўладамі. Высновы рабіце самі”.

(Дракахруст: ) “У адной са сваіх нядаўніх публікацыяў аглядальнік "Белорусского рынка" Паўлюк Быкоўскі заўважыў, што сярод варыянтаў тактыкі апазыцыі ёсьць і такі: заклікаць насельніцтва ўдзельнічаць у выбарах, але байкатаваць рэфэрэндум. Спадар Вячорка, наколькі магчымым і мэтазгодным Вам падаецца такі варыянт?”

(Вячорка: ) “Гэта – неразуменьне таго, што такое тэхналёгіі працы з вялікімі масамі людзей. Абсалютна нерэальна данесьці да мільёнаў людзей такі складаны альгарытм: ты пайдзі туды, вазьмі то, а гэта не бяры, ці забяры з сабой ці выкінь у сьметніцу. Гэта пярэчыць таксама нашаму шматгадоваму досьведу. Калі мы настройваем людзей на байкот, гэтаму павінна папярэднічаць мінімум гадавая праца. Калі мы арыентуем людзей на актыўную чыннасьць, гэтаму таксама папярэднічае працяглы пэрыяд. Калі ў нас няма ані тэлевізіі, ані ўплывовых друкаваных мэдыяў, данесьці да людзей такія складаныя развароты немагчыма тэхнічна.

І яшчэ адно, пра што мы яшчэ не казалі. Тых нашых суграмадзянаў, што адмаўляюць стыль і зьмест працы Лукашэнкі, вельмі шмат, іх, нас, ужо даўно бальшыня. Але шмат з гэтых людзей пытаюцца: "А што ўзамен?". І калі мы не даем пазытыўнай альтэрнатывы, а толькі кажам: "Не хадзі, не рабі", то гэтыя людзі застаюцца ў стане палітычнай сьпячкі. Ініцыятар рэфэрэндуму выпусьціў джына палітызацыі з бутэлькі. Грамадзтва імкліва палітызуецца і палярызуецца. Калі казаць пра выбары, зьнікла катэгорыя так званых "незалежных кандыдатаў", іх ужо ня можа быць у прынцыпе: альбо ты – за, альбо ты – супраць. І вось гэтая палітызацыя прыводзіць да высьвятленьня таго факту, што нас – бальшыня”.

(Шушкевіч: ) “Павінна быць вялікая маральная перамога адкіданьня новага тэрміну. Тыя людзі, якія будуць байкатаваць выбары, яны абавязкова прагаласуюць на рэфэрэндуме супраць. І трэба каб бальшыня прагаласавала супраць. Нават калі гэта сфальсыфікуюць, гэтыя сябры выбарчых камісіяў, яны задумаюцца, ці трэба працягваць рабіць гэты падлог і ці трэба гэтак уводзіць людзей у зман. Бо гэта дрэнна скончыцца”.
XS
SM
MD
LG