Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маеш балёнчык з фарбай — значыць дробны хуліган


Любоў Лунёва, Менск У суд Цэнтральнага раёну супрацоўнікі міліцыі прывезьлі актывістаў моладзевага руху “Зубр” Мікіту Сасіма і Глеба Вязоўскага. Хлопцаў спынілі ўначы на праспэкце Францішка Скарыны, абшукалі і ў заплечніках знайшлі балёнчыкі з фарбай. Нягледзячы на тое, што на ўсіх балёнчыках былі нечапаныя плёмбы, міліцыянты адвезьлі Мікіту й Глеба ў аддзел міліцыі. Там іх трымалі ўсю ноч. Толькі пасьля 9-й гадзіны раніцы на іх склалі пратаколы. Хлопцаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Каардынатар моладзевага руху “Зубр” Мікіта Сасім меў позву да адміністрацыйнага судзьдзі. Судзьдзя Аляксей Бычко мусіў разгледзець справу за распаўсюд газэты “Зубр”. Нагадаем, 11 верасьня Мікіту Сасіма і Аляксея Ляўковіча затрымалі на вуліцы супрацоўнікі крымінальнага вышуку. У хлопцаў знайшлі ў сумках 5000 асобнікаў газэты “Зубр”. Нягледзячы на тое, што распаўсюду газэты не было, суд абвінаваціў хлопцаў у дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Аляксея аштрафавалі на трыццаць базавых велічыняў, а справу Мікіты перанесьлі на 22 верасьня. Але гэтым разам у суд яго даставілі міліцыянты разам зь сябрам Глебам Вязоўскім. Цяпер за балёнчыкі з фарбай хлопцаў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. 19-гадовы Глеб Вязоўскі непакоіўся, што яго родныя ня ведаюць, дзе ён начаваў.

(Вязоўскі: ) “Мы прасілі даць нам патэлефанаваць дадому, але нам не дазволілі гэтага. Казалі, каб мы выключылі мабільныя тэлефоны й паклалі іх на стол”.

Мікіта і Глеб у судзе спаслаліся на Адміністрацыйны кодэкс, у якім няма ні слова пра тое, што мець балёнчыкі з фарбай ёсьць дробным хуліганствам. Яны запатрабавалі адваката, і суд перанесьлі на 23 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG