Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК зарэгістраваў шэсьць кандыдатаў з Магілёўшчыны, у тым ліку трох апазыцыянэраў


Валер Каліноўскі, Менск Цэнтарвыбаркам задаволіў 6 з 24 скаргаў прэтэндэнтаў у дэпутаты па магілёўскіх акругах. Падчас сёньняшняга паседжаньня ЦВК у справе разгляду скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў Магілёўскай вобласьці выявіўся мэханізм, які дазваляў не рэгістраваць кандыдатаў ад апазыцыйных партыяў. Сябры ЦВК з дарадчым голасам назвалі гэтыя дзеяньні ўладаў незаконнымі.

Сярод зарэгістраваных Цэнтарвыбаркамам — крычаўскія апазыцыянэры Мікалай Гердзій з “Народнай грамады” і Сяргей Няроўны з АГП. Такім чынам, адзіная безальтэрнатыўная акруга Магілёўшчыны — Крычаўская — займела альтэрнатыўных кандыдатаў. ЦВК таксама зарэгістраваў дзейную дэпутатку Марыю Вінакураву з Бабруйску, якая сёлета ўступіла ў КПБ і з памылкай вылучалася ад зьезду, і беспартыйнага магілёўца Канстанціна Чарнічэнку, якому ў акруговай камісіі адмовілі за тое, што ў падпісных лістах не ўказаў, што ён беспартыйны. Зарэгістраваныя і магілёўцы Сяргей Фамін з БСДГ ды незалежны кандыдат лекар Васіль Аўраменка, якога падтрымлівае апазыцыя.

Астатнім было адмоўлена, у тым ліку былому паплечніку А.Лукашэнкі Леаніду Сініцыну, былому прэсаваму сакратару прэм’ера Мікалаю Тоўсьціку, сябру алімпійскай зборнай Беларусі Сяргею Літштвану. Многія з кандыдатаў на паседжаньні казалі пра ўціск на і сяброў іх ініцыятыўных групаў і выбаршчыкаў. Афінскі алімпіец Ліштван паведаміў, што за ўдзел у выбарах звольнілі ягонага бацьку, які кіраваў ініцыятыўнай групай. Самыя распаўсюджаныя прычыны адмовы — несапраўднасьць сабраных подпісаў і скасаваньне ўправамі юстыцыі партыйных суполак з ініцыятывы выбарчых камісіяў.

Выбарчыя камісіі шэрагу магілёўскіх акругаў, атрымаўшы дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатаў ад партыйных зьездаў, пачалі праверку дзейнасьці суполак па месцы іх рэгістрацыі. Выявіўшы, што партыйныя сходы праходзяць ня там, яны складалі акты й накіроўвалі іх ва ўправы юстыцыі. Супрацоўнікі апошніх, не пераправяраючы гэтыя акты, адмянялі пастаноўку на ўлік адпаведных суполак і прысылалі дакумэнты ў акруговыя камісіі за дзень-два да рэгістрацыі. Такім чынам была страчаная істотная колькасьць кандыдатаў ад АГП, ПКБ, ЛПД ды іншых партыяў. Сябра ЦВК з дарадчым голасам Уладзімер Нісьцюк сёньня зазначыў, што акруговыя камісіі перавысілі свае паўнамоцтвы, вызначаныя Выбарчым кодэксам. А ягоны калега Міхаіл Пліска заявіў, што ўправы юстыцыі, прымаючы такія рашэньні, парушылі закон, бо зьняцьцё з уліку партыйныях суполак не прадугледжанае заканадаўствам. Мінюст можа папярэдзіць толькі партыю ў цэлым і ў выпадку двух папярэджаньняў лікідаваць яе ў Вярхоўным судзе.

Сябра ЦВК Валеры Міцкевіч, які працуе намесьнікам міністра юстыцыі, таксама выказаў сумнеў у законнасьці такіх дзеяньняў абласных юрыдычных управаў, але заявіў, што іх трэба абскарджаваць у судовым парадку. У выніку ЦВК па ініцыятыве Лідзіі Ярмошынай вырашыў не вывучаць законнасьці дзеяньняў мясцовых управаў юстыцыі, і ўсім кандыдатам, якія ад іх пацярпелі, адмовіць у рэгістрацыі. Прадстаўнік ПКБ у ЦВК Алена Скрыган лічыць падобныя дзеяньні сплянаванай акцыяй уладаў:

(Скрыган: ) “Ні разу не было такога выпадку, каб упраўленьні юстыцыі здымалі з уліку нашыя першасныя ці раённыя партыйныя арганізацыі. Першыя ліквідацыі атрымаліся якраз 15 і 16 верасьня. Я лічу, што гэта самая яркая палітычная замова. Упраўленьні юстыцыі ня маюць такога права паводле закону”.

На думку Алены Скрыган, пазыцыю ЦВК тут нельга назваць бездакорнай. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік не выключае, што Вярхоўны суд можа адмяніць і рашэньні і ўправаў юстыцыі, і ЦВК ды зарэгістраваць адпаведных кандыдатаў у дэпутаты.
XS
SM
MD
LG