Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзел у агітацыі за Аляксандра Лукашэнку бяруць і замежныя грамадзяне, хоць гэта забаронена Выбарчым кодэксам


Юры Сьвірко, Менск Адзін з замежных назіральнікаў — Аляксандар Авецісян — паскардзіўся, што яго без дазволу выкарысталі ў мэтах прапаганды афіцыйныя мэдыі, пры гэтым прыпісаўшы словы, якіх ён не казаў.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА публікуе ў свабодным доступе матэрыялы, дзе цытуюцца замежныя грамадзяне, якія падтрымліваюць жаданьне Аляксандра Лукашэнкі зьмяніць Канстытуцыю. 22 верасьня на афіцыйным сайце БелТА зьмясьціла інтэрвію назіральніка ад СНД, дырэктара аднаго з дэпартамэнтаў Выканкаму Садружнасьці Аляксандра Авецісяна. Гэты грамадзянін Арменіі заявіў пра Аляксандра Лукашэнку наступнае: “Ён вельмі шмат зрабіў для сваёй краіны, і таму мае ўсе падставы зноў прэтэндаваць на найвышэйшую дзяржаўную пасаду”.

Паводле Выбарчага кодэксу, замежныя грамадзяне ня маюць права браць удзелу ў агітацыі. Гэта ж пацьвердзіў сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Наша заканадаўства забараняе ўдзел у агітацыйнай кампаніі замежных грамадзян, замежных юрыдычных асоб. Якія захады будуць рабіцца? Напэўна, адпаведна міжнародным дамовам і ўнутранаму заканадаўству Рэспублікі Беларусь”.

Спадар Лазавік сказаў, што “вельмі азадачаны” фактам агітацыі з боку замежнага назіральніка. Праўда, сам Аляксандар Авецісян заявіў Радыё Свабода:

(Авецісян: ) “Я ня так казаў. Я сказаў, што Лукашэнка вельмі шмат зрабіў для сваёй краіны. А далей было пытаньне: “Як вы ставіцеся да рэфэрэндуму?” Кажу: нармальна стаўлюся да рэфэрэндуму, гэта ўнутраная справа дзяржавы — калі яны хочуць, няхай робяць рэфэрэндум”.

Я спытаўся ў спадара Авецісяна, супрацоўніка Выканкаму СНД, як ён ставіцца да агітацыі за рэфэрэндум, якую вядуць беларускія дзяржаўныя СМІ.

(Авецісян: ) “Я ўвогуле дрэнна стаўлюся, калі агітацыя йдзе ў адны вароты”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG