Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія кандыдаты ад апазыцыйных партыяў агітуюць ня толькі за сябе, але й супраць рэфэрэндуму


Браніслава Станкевіч, Віцебск Агітацыйная кампанія ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі распачалася з абвінавачвньняў дзейнага дэпутата парлямэнту Глеба Іванова на адрас кандыдатаў ад палітычных партыяў, якія нібыта размалявалі сьцены дамоў у ягонай акрузе.

Адначасова ў трох віцебскіх газэтах зьявіўся артыкул “Ня верце пэцкалям”, дзе дэпутат, а таксама й кандыдат у дэпутаты парлямэнту Глеб Іваноў вінаваціць сваіх канкурэнтаў у тым, што яны па начох малююць на сьценах надпісы антыдзяржаўнага зьместу. І хаця міліцыя так і ня выкрыла невядомых мастакоў, Глеб Іваноў напэўна сьцьвярджае, што гэты ягоныя палітычныя апанэнты, а заадно выкладае землякам свае дэпутацкія пляны па добраўпарадкаваньні гораду.

На думку сябра АГП Уладзімера Аляксенкі, таксама кандыдата ў дэпутаты, падобныя артыкулы ёсьць дадатковай агітацыяй, не прадугледжанай выбарчым заканадаўствам, бо кожны кандыдат мае права толькі на адзін праграмны газэтны выступ.

(Аляксенка: ) “Дзяржаўны” кандыдат мае зусім іншыя ўмовы. Да прыкладу, у маёй 19-й акрузе балятуецца дзейны дэпутат Глеб Іваноў, і ён актыўна выступае са справаздачамі ў дзяржаўным друку. Але чамусьці якраз перад выбарамі”.

Друкаваныя сродкі масавае інфармацыі аказаліся самымі даступнымі для віцяблянаў у сэнсе знаёмства з кандыдатамі. Бо праграму мясцовага радыё, па якім трансьлююцца іхныя выступы, у газэтах не зьмяшчаюць, а ў тэлевізійнай праграме пазначаны толькі агульны блёк пад назовам “Выбары-2004”, які пачынаецца з выступаў двух-трох кандыдатаў, а сканчваецца амаль дзьвюхгадзінавым канцэртам расейскіх эстрадных зорак.

Але, паводле словаў Паўла Севярынца, віцебскі кандыдат пазбаўлены магчымасьці выбіраць тое выданьне, у якім яму хацелася бы надрукавацца, бо акруговымі камісіямі загадана зьвяртацца толькі ў гарадзкую газэту “Віцьбічы”.

(Севярынец: ) “Перадвыбарчыя матэрыялы будуць надрукаваныя нават не ў самой газэце, а ў адмысловым выпуску. Калі я патэлефанаваў у “Віцьбічы” ды запытаўся пра гэта, мне сказалі: “Мы не зьбіраемся засьмечваць газэту абяцаньнямі камунізму празь пяць гадоў!”

Якім накладам выйдзе адмысловы выпуск, дзе ды як ён будзе распаўсюджвацца, кандыдаты пакуль ня ведаюць. Таму найбольшыя спадзевы яны ўскладаюць на агітацыйныя ўлёткі, якія можна надрукаваць на выдаткаваныя дзяржавай 50 базавых велічыняў. Дарэчы, амаль усе кандыдаты ад апазыцыйных партыяў падтрымалі прапанову Паўла Севярынца скарыстаць іх ня толькі на асабістую агітацыю, але й на агітацыю супраць рэфэрэндуму.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
XS
SM
MD
LG