Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыялёгія як зброя палітычнай барацьбы


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік дырэктара Незалежнага інстытыту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі.

(Валер Карбалевіч: ) “Выкарыстаньне падчас выбараў такой зброі як вынікі сацыялягічных апытаньняў адбываецца ва ўсім сьвеце. Але ў Беларусі яна набывае форму вайны бяз правілаў. Дзяржаўныя СМІ прапагандуюць вынікі нікому да гэтага часу невядомага так званага “незалежнага сацыялягічнага цэнтру “Экоом”, паводле зьвестак якога Лукашэнку падтрымлівае быццам бы 66,5% насельніцтва. Гэта супярэчыць зьвесткам незалежных сацыялягічных структураў, якія даюць зусім іншыя лічбы, што сьведчаць не на карысьць Лукашэнкі.

Як вы ацэньваеце гэтую інфармацыю? І ўвогуле, як бы вы пракамэнтавалі такую сытуацыю, калі розьніца паміж зьвесткамі розных сацыялягічных цэнтраў дасягае 40%?”

(Аляксандар Сасноў: ) “Пра гэты “Экоом” дасюль ніхто нічога ня чуў, пакуль у беларускіх афіцыйных СМІ не зьявілася інфармацыя пра вынікі ягоных дасьледаваньняў, якія даюць высокі рэйтынг Лукашэнкі. Памятаю, як у 2001 годзе напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў таксама зьявіўся нейкі Ўсходнеэўрапейскі інстытут, які друкаваў дадзеныя аб пераможным рэйтынгу Лукашэнкі. Пасьля выбараў гэты інстытут кудысьці зьнік, і няма ніякай інфармацыі пра ягонае існаваньне.

Думаю, што гэты “незалежны сацыялягічны цэнтар “Экоом” – частка піяр-кампаніі ўладаў напярэдадні рэфэрэндуму. Ягоная задача – перабіць высновы сапраўды незалежных сацыялягічных цэнтраў і спрацаваць на карысьць Лукашэнкі. Думаю, ён таксама сканае пасьля заканчэньня гэтай выбарчай кампаніі”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “У зьвязку з гэтай гісторыяй мне згадваецца адзін тэрмін з эканамічнага жыцьця. Існуе такая зьява як фірмы-аднадзёнкі. Гэта нешта падобнае. У эканоміцы фірмы-аднадзёнкі ствараюць для таго, каб, як кажуць, “накасіць бабак” і потым хутка зьнікнуць. У нашым выпадку звышзадачай зьяўляецца “накасіць электаральных бабак” у сэнсе рэйтынгу. Ужо згадваўся 2001 год, калі зьявіўся, як той “лятучы галяндзец”, Усходнеэўрапейскі інстытут. Галоўным было зазамбаваць масавую сьвядомасьць на той момант. А потым, пасьля дасягненьня выніку, гэтыя “лятучыя галяндцы” хутка зьнікаюць. І тут выкарыстоўваецца тая ж самая мэтода.

І, зразумела, робіцца разьлік на недасьведчанасьць нашай аўдыторыі. Гэтым можна маніпуляваць. Можна сказаць, што Інстытут Гэляпа – гэта агент імпэрыялізму, усе незалежныя беларускія сацыялягічныя цэнтры працуюць на дзядзьку Сэма й іншае. Вось такая няхітрая мэтода.

Што тычыцца непасрэдна “Экоома”, то наш рэсурс Naviny.by спрабаваў правесьці журналісцкае расьсьледаваньне. Калі казаць коратка, гэта сапраўды такая фантомная структура. І ёсьць вялікі сумнеў, што там вядуць рэй прафэсіяналы-сацыёлягі. Калі й прафэсіяналы, то трохі іншага кшталту, скажам так”.

(Сасноў: ) “Адна рэпліка наконт лічбаў, якія надрукавалі ад імя “Экоома”. Ужо ня першы год і НІСЭПД, і “Новак” ды іншыя незалежныя, падкрэсьліваю, беларускія цэнтры атрымліваюць зусім іншыя лічбы. Паводле нашага чэрвеньскага апытаньня, адкрыты рэйтынг Лукашэнкі склаў толькі 34,2%. А ў “Новака” трохі менш. І гэтыя цэнтры паміж сабою канкуруюць. Таму яны ня могуць працаваць сумесна на кагосьці”.

(Карбалевіч: ) “Любая структура, у тым ліку сацыялягічны цэнтар, павінна мець нейкую рэпутацыю, каб ёй можна было давяраць. У нашым выпадку нікому невядомы цэнтар дае важную інфармацыю. І адразу ўзьнікае пытаньне: ці можна яму давяраць? Згодна той інфармацыі, якую я атрымаў, кіраўнік гэтага цэнтру Сяргей Мусіенка па адукацыі – інжынэр-будаўнік, а ягоны намесьнік – падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы. Але я хачу задаць наступнае пытаньне: якую ролю выконваюць ангажаваныя сацыялягічныя цэнтры? Які сэнс у тым, каб з дапамогаю гэтых сацыялягічных цэнтраў даводзіць, што большасьць насельніцтва падтрымлівае Лукашэнку? Як гэта можа ўзьдзейнічаць на масавую сьвядомасьць?”

(Сасноў: ) “На мой погляд, справа ня ў тым, як гэта будзе ўзьдзейнічаць на грамадзкую сьвядомасьць. Усё робіцца дзеля таго, каб потым апраўдаць тыя лічбы, якія напіша Цэнтарвыбаркам. Вось у чым справа. Тое, як на самай справе прагаласуе насельніцтва, турбуе толькі апазыцыю. А для ўладаў важна, каб тыя зьвесткі, якія выдасьць Ярмошына, адпавядалі нейкім “сацыялягічным” зьвесткам, выданым гэтым “Экоомам”. Гэта адна задача.

Другая задача палягае вось у чым. Калі зьявіўся нейкі “незалежны” цэнтар, то навошта астатнія незалежныя цэнтры? Калі ёсьць свая, хатняя структура, то астатнія можна і зачыніць. Каб не перашкаджалі”.

(Класкоўскі: ) “Акрамя таго, што сказаў Сасноў, хачу сказаць, што элемэнт замбаваньня масаў таксама, мусіць, прысутнічае. Нават са свайго ўласнага досьведу магу меркаваць: раніцай мне даводзіцца дыскутаваць з адным пэнсіянэрам на стадыёне. Дык ён кажа: “Чытаў газэты? Бачыш, усе ж за “бацьку”. Толькі купка апазыцыянэраў – супраць”.

І гэтыя дадзеныя сацыялёгіі – нейкі аргумэнт для тых, хто вагаецца. І такая псэўдасацыялёгія пераконвае людзей падтрымліваць уладу. Тут разьлік на недасьведчанасьць масаў, жаданьне масіраванай прапагандай паўзьдзейнічаць на людзей менавіта ў гэты пэрыяд. А потым, калі справа будзе зробленая – хай сабе даказваюць апанэнты, што хочуць. Тым больш, што й даказваць асабліва няма дзе, таму што ўлада манапалізавала СМІ”.

(Карбалевіч: ) “Я таксама лічу, што, акрамя дапамогі спадарыні Ярмошынай пры абвяшчэньні вынікаў рэфэрэндуму, улады зацікаўленыя ў сапраўднай падтрымцы насельніцтвам пытаньня рэфэрэндуму. Думаю, уладам важна, як на самай справе прагаласуе насельніцтва. У зьвязку з гэтым – ці эфэктыўныя такія мэтады? Пры якіх умовах улады могуць эфэктыўна выкарыстаць іх дзеля ўласных палітычных мэтаў, а пры якіх – не? У 1994 годзе, падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў прэм’еру Кебічу не дапамагла такая хатняя, прыдворная сацыялёгія, якая даводзіла аб ягоных выдатных рэйтынгавых паказчыках. А потым высьветлілася, што ўсё гэта, як кажуць, лухта. А ці дапаможа гэты мэтад сёньняшнім уладам Беларусі?”

(Сасноў: ) “Што тычыцца прыкладу з Кебічам, то магу сказаць наступнае. Калі 70-80% насельніцтва выступае супраць кіраўніка дзяржавы, то ў такіх варунках яму не дапаможа ні сацыялёгія, ні выбарчыя камісіі. Такія сацыёлягі могуць падвесьці й Лукашэнку. Але, на мой погляд, Лукашэнка добра ведае сапраўдную цану гэтым зьвесткам, разумее, што гэтыя зьвесткі, якія выдае “Экоом” ці Інстытут сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта, можна ўжываць толькі дзеля прапаганды, а ня дзеля практычнага выкарыстаньня. Думаю, ён чытае зьвесткі й сапраўдных незалежных сацыялягічных цэнтраў”.

(Класкоўскі: ) “Я думаю, што пэўны эфэкт такая ангажаваная сацыялёгія можа даць на кароткі час і пры ўмове, калі ў СМІ ідзе гульня ў адну браму. Сацыёлягі добра ведаюць пра існаваньне такога сацыялягічнага фэномэну, як “сьпіраль маўчаньня”. Паводле яго, падчас галасаваньня людзі арыентуюцца на настрой большасьці. Праціўнікаў пажыцьцёвага панаваньня сёньняшняга кіраўніка ў краіне шмат, але яны чытаюць, слухаюць, што большасьць за “бацьку”, і нікому ня хочацца быць белаю варонаю.

Зь іншага боку, сёньня Лукашэнка выступаў перад калектывам Белтэлерадыёкампаніі. І ён засьцярог, каб ня надта перагіналі палку, агітуючы ў ягоную падтрымку. Як дасьведчаны палітык, з добрым адчуваньнем сытуацыі, ён разумее, што можна перакарміць, і можа быць эфэкт бумэрангу. Разам з тым, у тым жа выступе Лукашэнка сказаў, што за намі ж 60-65% нашых прыхільнікаў. Магчыма, ён паддаецца гэтым маніпуляцыйным лічбам”.

(Сасноў: ) “Лукашэнка агучыў амаль тую ж лічбу, што і “Экоом”. Магчыма, гэта сьведчыць аб тым, што згаданы цэнтар атрымаў пэўнае заданьне ад уладаў”.

(Карбалевіч: ) “Дарэчы, амаль гэтую ж самую лічбу Лукашэнка назваў падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася падчас адзначэньня дзясятай гадавіны ягонага кіраваньня. Таму, падаецца, сапраўды існуе вельмі цесная сувязь паміж уладамі й гэтым “незалежным сацыялягічным цэнтрам”.

(Сасноў: ) “І Ярмошына, відаць, па выніках рэфэрэндуму агучыць гэтую ж лічбу”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, эфэктыўнае выкарыстаньне ангажаванай сацыялёгіі ў якасьці зброі ў палітычнай барацьбе магчымае ў варунках інфармацыйна закрытага грамадзтва, калі адсутнічаюць нармальныя мэханізмы адсочваньня, аддзяленьня сапраўдных сацыёлягаў ад ілжэсацыёлягаў. На жаль, у беларускай інфармацыйнай прасторы такіх мэханізмаў бракуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG