Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Патрэбны элемэнтарны палітычны, прававы лікбез беларускага народу. Патрэбная актыўнасьць нашых інтэлектуалаў...”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 21 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “З 1991 году ня быў у Менску. І вось на днях наведаў Менск, пабыў там некалькі дзён. Якое ўражаньне аказаў Менск на мяне! За гэтыя гады да непазнавальнасьці зьмяніўся горад! Колькі прыгожых будынкаў пабудавана ля Камароўкі й на іншых месцах! А які вакзал! І ўзгадалася мне тэлефанаваньне адной мінчанкі, якая вам тэлефанавала, што за гэтыя 10 год у Менску нічога ня зроблена. А вы гэта паведамілі ўсёй Эўропе. Да якой нізасьці трэба апусьціцца, да першабытнага чалавека, каб такую ганьбу на горад паведамляць на ўсю Эўропу. Як вам ня сорамна разам з гэтай мінчанкай так рабіць! Ганьба за такую працу!”

(Жыхар Менску: ) “Растлумачце людзям, народу, што адбываецца з гэтай вашай Свабодай на беларускай мове. Слухаеш “Голас Амэрыкі” – усё добра, чутнасьць добрая, слухаеш нямецкую хвалю, слухаеш ВВС, Славенію, Свабоду на расейскай мове – усё чутна. Беларуская – хрыпіць, сьвішчыць, гудзіць, голас хвалепадобна, то чуваць, то не чуваць. Вось зараз Станіслаў Шушкевіч гаворыць, то зьнікае чутнасьць, то зьяўляецца. Ну што гэта такое! Дык растлумачце, ці ў вас апаратура дрэнная альбо гэтая банда глушыць. Каб народ ведаў!

Я ўжо неаднаразова Свабодзе тэлефанаваў наконт вельмі дрэннай якасьці прыёму: хрыпіць, гудзіць, голас то чуваць, то ён зьнікае. Але Свабоды якасьць не паляпшае! Вось і сёньня тое самае! У чым справа? Хто павінен у гэтым? Скажыце народу! Так далей працаваць нельга! Калі патрэбная лепшая апаратура, то зьвярніцеся да народа, мы скінемся! Спэцыялістаў беспрацоўных поўна – выбраць магчыма. Чакаем добрых перадачаў!”

(Пятро Каснеры: ) “Прапаную спадару Шушкевічу і іншым, Маккейну, Фралову, пачытаць, як кіраваў Лукашэнка калгасам, а дакладней саўгасам “Гарадзец”. Генэрал савецкай арміі Фралоў сказаў, што Лукашэнка кіруе дзяржавай, як кіраваў калгасам. А як усё ж такі кіраваў Лукашэнка калгасам, дакладней саўгасам “Гарадзец”? Ці не магла б Свабода расказаць пра гэта? Ня трэба ехаць нават у Шклоўскі раён, а няхай Падбярэскі сходзіць у бібліятэку імя Пушкіна і возьме кніжку “Гарадзецкія ўрокі” выдавецтва “Ураджай”, 1990г. А Лукашук прачытае ў часопісе “Беларусь” №3 за 1991 год артыкул ляўрэата прэміі часопіса “Беларусь” за 1991 год дырэктара саўгаса “Гарадзец” народнага дэпутата БССР РБ 12-га скліканьня Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі “Вялікі перадзел”.

(Банкевіч Генадзь: ) “Шаноўная рэдакцыя Радыё Свабода! Дзіўна гучыць пытаньне па Радыё Свабодзе “Ці можа прывесьці рэфэрэндум да пажыцьцёвага кіраваньня Лукашэнкі?” Няўжо яшчэ Радыё Свабода ня можа зразумець, для чаго прызначаны рэфэрэндум Лукашэнкам? Шаноўныя беларусы! Ня дай Бог рэфэрэндум пройдзе, тады нам дыктатура забясьпечана, а за ёй і згуба Беларусі, дзе будзе паўночна-заходні край. Лічу, што Лукашэнка атрымаў згоду Пуціна, а інакш – ці мог бы ён самастойна адважыцца на гэтакі амаральны для палітыка крок? Дзякую”.

(Віталь Куплевіч: ) “Лукашэнка для Беларусі – гэта больш складаная зьява. Лукашэнка ў Беларусі застанецца датуль, пакуль будзе запатрабаваная ў частцы грамадзтва яго таталітарная ідэалёгія, грымучая сумесь савецкага, сацыялізму, рускага імпэрскага шавінізму й практыка Адольфа пры разгоне дэманстрацыі. Лукашэнка застанецца датуль, пакуль імпэрскія шавіністычныя сілы Расеі будуць яго нахабна падтрымліваць, а Эўропа, Амэрыка назіраць за гэтым з вышыні арбітра, не дапамагаючы рэальна беларускім адраджэнцам ані інфармацыяй, ані фінансава.

У вялікай частцы беларускага народу адсутнічаюць элемэнтарныя уяўленьні аб правах і свабодах чалавека. Адсюль патрэбны элемэнтарны палітычны, прававы, геаграфічны, гістарычны, моўны лікбез беларускага народу. Патрэбная актыўнасьць нашых інтэлектуалаў, чаго ў масавай колькасьці пакуль не назіраецца. Нельга прысьпешыць разьвіцьцё грамадзтва. Таму сёньня гэта вельмі складаная праблематыка. Усяго найлепшага. З найлепшымі пажаданьнямі”.

(Спадар: ) “Добры дзень, Свабода! Як ні паслухаю вашую перадачу, заўсёды сапсую настрой, асабліва з гэтым бязьмежжам, якое адбываецца ў выбарчых камісіях. Як так, знайсьці ў народнай артысткі Беларусі 20 рублёў! Што ж гэта робіцца! Знайсьці нейкіх 2 мэтра лішніх плошчы! Цяпер схапіліся за сьвіней. Што ж гэта будзе! Хутка прыйдзецца ў дэклярацыю і ката ўпісваць? Бязьмежжа, сапраўднае бязьмежжа!

Слухаў сёньня адказ Шушкевіча на пытаньне карэспандэнта Свабоды. Поўнасьцю згодны! Хеўра, самая сапраўдная хеўра! Гэтую хеўру трэба судзіць з часам строгім законам! Усіх у тайгу заслаць! Выдзяліць дзялянкі па 10 кілямэтраў, выдаць самыя тупыя пілы, паставіць на чале брыгадзірам старшыню цэнтральнай камісіі – і хай бы яны там укалвалі. Я ня ведаю, што гэта робіцца.

І яшчэ. Ня праўда, што там будзе 70-80 адсоткаў. Хоць бы яны на выбарах 30 адсоткаў набралі! Я схадзіў спэцыяльна на базар, каб апытаць усіх гэтых маладых прадаўцоў. Каго не запытаў – усе супраць гэтых рэфэрэндумаў. Што, кажуць, яны нам далі – нічога не далі. Так што хай там лапшу на вушы ня вешаюць, што ўсе там будуць галасаваць за іх!”

(Спадар: ) “Даражэнькая Свабода! На вашае пытаньне тыдня, ці можа Канстытуцыйны рэфэрэндум прывесьці да пажыцьцёвага прэзыдэнцтва, даю адказ. Так! Да чаго заўгодна можа прывесьці гэты рэфэрэндум! Таму што ў краіне ўсталяваная дыктатура адной асобы – Лукашэнкі, і яго няма каму кантраляваць. Што ён пажадае, тое і зробіць. Хвароба пад назвай дыктатура, як ракавая пухліна мацнее і прагрэсіруе. Грамадзтва Беларусі не абудзілася, запалоханае і да барацьбы за новае жыцьцё, за новае шчасьце не сасьпела. Дзякуй”.

(Алесь Колас, Мазыр: ) “Добрай раніцы, Свабода! На тваё пытаньне, якое будзе жыцьцё, калі б прэзыдэнтам быў не Аляксандар Рыгоравіч, а другі нейкі палітык, скажу цьвёрда і адназначна: горш не было б! А ці будзе лепш, не магу цьвёрда сказаць. Але мы добра разумеем, што пры цяперашняй уладзе іншага кіраўніка нам ня бачыць, і падставай для гэтага зьяўляюцца апошнія палітычныя падзеі на Беларусі: гэта і выбары ў так званы парлямэнт, і рэфэрэндум па чарговай зьмене Канстытуцыі на пажыцьцёвую ўладу Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Я часта задаю сабе пытаньне: чаму дзеючы прэзыдэнт і яго атачэньне так баяцца аддаць уладу іншым асобам, як гэта робіцца ў абсалютнай большасьці цывілізаваных краінах? На мой погляд, адказ на гэтае пытаньне адназначны. Калі яны ня будуць пры ўладзе, то ім прыйдзецца адказваць за свае дзеяньні перад народам і дзяржавай. Так ці не? Гэта маё асабістае меркаваньне.

Што датычыцца тваіх перадач, Свабода, дзякуй табе за іх! За тваё больш-менш праўдзівае адлюстраваньне падзеяў. Але чуваць цябе ў маім рэгіёне вельмі дрэнна! Як правіла, на тваю хвалю налазяць нейкія іншыя галасы, якія робяць памехі для тваёй перадачы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG