Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фірмы, якія адпраўляюць чалавека ў экзатычныя краіны, мусяць несьці адказнасьць за яго здароўе


Любоў Лунёва, Менск У верасьні беларускія мэдыкі-інфэкцыяністы падсумоўваюць “вынікі” адпачынкаў нашых суайчыньнікаў у экзатычных краінах. На іх думку, колькасьць небясьпечных хваробаў пакуль стрымліваецца толькі тым, што ня так шмат грамадзянаў Беларусі маюць магчымасьць працаваць ці адпачываць у заморскіх краінах.

Колькі людзей на сёньняшні дзень маюць небясьпечныя хваробы менавіта пасьля наведваньня такіх краінаў? Некалькі чалавек ужо атрымалі мэдычную дапамогу. У менскім інфэкцыйным шпіталі ў стацыянары ляжыць мужчына, які хворы на трапічную малярыю. Мне казалі, што ён уладкаваўся працаваць у Кот-д’Івуар (раней Бераг Слановай Косьці) і там “падхапіў” гэтую небясьпечную хваробу.

Адной жанчыне дагэтуль не ўдалося выдаліць з вока афрыканскага гельмінта. Ёсьць некалькі чалавек, якія зьвярталіся па дапамогу з-за грыбковых захворваньняў. У экзатычных краінах яны маюць свае адметныя асаблівасьці і могуць выклікаць сьмяротныя для чалавека хваробы ўнутраных органаў. Вельмі небясьпечная хвароба – шыстазамоз. Гельмінты нападаюць на чалавека ў вадзе.

Апроч таго, нашы грамадзяне “прывозяць” на радзіму блястаміноз, сыфіліс іншай формы, які называюць “мяккі шанкр”, чацьвёртую вэнэрычную хваробу, пахавую лімфаграмулёму; хваробы, якія выклікаюць хлямідыі, калі чалавек нават можа стаць інвалідам, і шмат яшчэ ўсялякіх неспэцыфічных для нашага рэгіёну хваробаў.

Ці маюць мэдыкі лекі, каб эфэктыўна дапамагчы людзям? Андрэй Ведзянькоў, галоўны спэцыяліст у хваробах, якія выклікаюць розныя паразіты, казаў мне, што ёсьць неабходныя лекі, але, так бы мовіць, больш “прадвінутыя”, пакуль у Беларусі не зарэгістраваныя. Справа ў тым, што заводы, якія іх вырабляюць, не зацікаўленыя ў беларускім рынку. Гэта зразумела: тут каля сотні хворых, а ў афрыканскіх краінах – мільёны.

З часам усё большая колькасьць беларусаў будзе наведваць экзатычныя краіны. Як захаваць бясьпеку нашых суайчыньнікаў? Мэдыкі кажуць, што чалавек, які вырашыў наведаць экзатычную краіну, мусіць даведацца пра яе як мага больш інфармацыі пра тое, што яго можа там чакаць. Але фірмы, якія накіроўваюць чалавека ў замежжа, мусяць несьці адказнасьць за яго здароўе. Вось меркаваньне спэцыяліста Андрэя Ведзянькова:

(Ведзянькоў: ) “Яны папросту абавязаны сачыць за тым, каб людзі, якія едуць у асабліва актыўныя асяродкі, ня ехалі без прышчэпак. Гэтых выпадкаў малярыі магло й ня быць, калі б тыя, хто накіраваў гэтых хлопцаў у Кот-д’Івуар паклапаціліся б пра хімпрэпараты. Дык не! Яны спачатку іх туды адаслалі, а цяпер усе павінны ламаць галаву, чым іх лячыць”.

Тым ня менш, мэдыкі сьцьвярджаюць, што сёлета сытуацыя з лячэньнем хворых значна лепшая. Раней даводзілася чалавека самалётам вяртаць у тую краіну, дзе ён “падхапіў” хваробу, бо не было чым лячыць, не было адпаведных мэтодыкаў.

А яшчэ мэдыкі-інфэкцыяністы паскардзіліся, што ў верасьні без экзатычных хваробаў хапае й мясцовых – гэта розныя захворваньні, якія прывезьлі ў горад дзеці пасьля канікулаў, вынікі гульняў з бычкамі, птушкамі, катамі ды сабакамі. Дзесяткі менскіх школьнікаў знаходзяцца на лячэньні: цягам двух месяцаў ім забаронена наведваць школу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG